Такія людзі! Скрыпічная мара

Наступны адрас самы музычны ў нашым райцэнтры: гэта ўстанова стварае добры настрой і размешчана яна на вуліцы Камсамольскай. Прахожыя ўсміхаюцца, калі мінаюць гэты адрас. Магчыма таму, што становяцца міжвольнымі слухачамі аркестра: вось беларускі найгрыш выдаецца на баяне; побач трубач паўтарае сваю партыю, збіваецца і пачынае зноў; уліваюцца ў гэты дуэт павольныя, спакойныя гукі фартэпіяна; пасля пяшчотна і вельмі далікатна саліруе скрыпка…
Дарэчы, скрыпка тое, што нам патрэбна. Гэты музычны інструмент у якасці сяброўкі на ўсё жыццё абрала наша гераіня Жанна Хмыз – «Чалавек года» ў намінацыі «культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне…».
Энергічная, шчырая, бязмерна ўлюбёная ў мастацтва, яна вучыць юных землякоў адчуваць прыгажосць навакольнага свету, гаварыць з імі на мове музыкі. Сённяшні намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дзіцячай школы мастацтваў, настаўніца па класе скрыпкі ўспамінае, як яшчэ дашкольніцай не магла адарвацца ад экрана тэлевізара, калі трансліравалі канцэрт класічнай музыкі, асабліва калі пачынала гучаць скрыпка.
– Яна нібы чалавечы голас: так дакладна, яскрава можа перадаць настрой, тое, што адбываецца ў душы чалавека. Марыла, што калі-небудзь таксама буду іграць на скрыпцы ў аркестры, – гаворыць Жанна Хмыз.
Падчас вучобы ў музычнай школе зразумела: калі іграеш сам, гэта прыносіць у тысячу разоў большае задавальненне, чым калі проста слухаеш мелодыю.
Жанна Васільеўна бязмежна любіць дзяцей, а тыя, у сваю чаргу, лічаць яе сваім старэйшым сябрам. Давяраюць, пытаюцца парады і проста імкнуцца падзяліцца падзеямі свайго жыцця.
Дарэчы, дачка Святлана Чорная, як і мама, скрыпку ў рукі ўзяла яшчэ ў чатыры гады. Не дзіўна – дома заўсёды гучала музыка. Мама і дачка, пасля настаўніца і вучаніца, цяпер калегі і нават творчы дуэт.
Іх скрыпічнае гучанне ўпрыгожвае многія святы горада і раёна. Жанна Хмыз – удзельніца народнага  ансамбля народнай музыкі «Крыніца», народнага духавога аркестра ГДК, а яшчэ кіраўнік ансамбля скрыпачоў дзіцячай школы мастацтваў.
Што тут скажаш, чалавек культуры!
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

One thought on “Такія людзі! Скрыпічная мара

  • 14/11/2018 в 15:26
    Permalink

    Летам прапусціла інфармацыю пра землякоў, якім у раёне было прысвоена званне «Чалавек года». Затое зараз чытаю пра іх з інтарэсам. Раёнка добра прыдумала расказваць пра землякоў, што вызначыліся ў розных сферах жыцця. Яшчэ мне падабаюцца матэрыялы пад рубрыкай «На подыум «ЛВ» запрашаюцца». Падтрымліваеце моладзь, паказваеце, што не прафесія ўпрыгожвае чалавека, а чалавек прафесію.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *