Будатраду рады

«Гэта цудоўная форма. З пункту гледжання таго, што моладзь, асабліва цяпер, акунаецца ў гэту фізічную працу. І не толькі фізічную. Вучыцца зарабляць першы рубель для сябе. Вось  добры напрамак, які ў добрым сэнсе слова манапалізаваны нашым саюзам моладзі», – такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дыялогу з моладдзю на сустрэчы з актывам БРСМ, прымеркаванай да 100-годдзя ВЛКСМ.

– З цеплынёй успамінаю той час, калі ў складзе студатрада Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўдзельнічала ў археалагічных раскопках каля Камянецкай вежы. Сёння будатрадаўскі рух набыў новае гучанне, напоўніўся новым зместам. Трапіць у студэнцкі атрад – справа гонару для маладых. Гэта не толькі выдатная магчымасць зарабіць уласныя грошы, але і прынесці карысць грамадству. Задача і ідэолагаў, і БРСМ падтрымаць імкненне юнакоў і дзяўчат працаваць, арганізаваць работу маладзёжных атрадаў. Студатрадаўцы разам ладзяць свой адпачынак – гэта не толькі дыскатэкі, песні пад гітару, экскурсіі, але і дабрачынныя акцыі, валанцёрства, –  гаворыць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
Яна адзначае, што ў нашым раёне ахоп будатрадаўскім рухам не такі маштабны, як у некаторых іншых рэгіёнах. Юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць на канікулах папрацаваць, шмат. А вось прадпрыемстваў і арганізацый, гатовых даць ім такую магчымасць, не хапае. Затое хто прыняў студатрады – засталіся ў выйгрышы. У ДП «Нача» і ААТ «Жарабковічы» шчыравалі каледжскія «Флагман» і «Ударнік», у «Шляху новым» – атрад «Яблычак», аддзел па адукацыі райвыканкама забяспечыў работай студэнтаў педагагічных ВНУ і ССНУ – студатрад «100 сяброў» працаваў у «Чайцы».
– Лічу, назву сваю апраўдалі. Якую б работу нам ні даручалі, стараліся выконваць яе творча і хутка. Магу пахваліцца: не атрымалі ніводнай заўвагі ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, – расказвае камандзір «Ударніка», сёлетні выпускнік ЛДАКа, а цяпер студэнт інжынернага факультэта БарДУ Максім Свірэпа.
Адметная і вельмі творчая – менавіта так з года ў год у аздараўленчым лагеры «Чайка» характарызуюць змену, на якой сярод выхавальнікаў і важатых – педагагічны студэнцкі атрад. Трэццякурсніца БДПУ імя М. Танка Улада Саракавік сёлетні сезон, як і леташні, правяла ў якасці важатай летніка.
– Будатрад – класна! Гатова паўтараць гэта бясконца. Менавіта ў «Чайцы» пераканалася, што зрабіла правільны выбар, калі стала студэнткай педагагічнай ВНУ. З дзецьмі працаваць вялікае задавальненне, але і высокая адказнасць. Добра, што побач вопытныя педагогі, якія падкажуць, падтрымаюць, дапамогуць , – успамінае «Чайку» Улада.
Магчымасць працаваць у час канікулаў маюць не толькі студэнты, але і школьнікі. Крывошынскія і конькаўскія старшакласнікі ў межах другаснай занятасці гэтым летам наводзілі парадак на прышкольных тэрыторыях, рамантавалі мэблю, кнігі. І гэта вельмі важна – убачыць вынікі сваёй працы і адчуць, што ты прынёс карысць.

Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва «ЛВ»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *