Тэзісы на тэму прафілактыкі. За круглым сталом «ЛВ» пытанні прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў абмяркоўвалі начальнік Ляхавіцкага РАУС і ветэраны міліцыі

Пытанні прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў заўсёды актуальныя. Ад таго, як наладжана прафілактычная работа, у першую чаргу праваахоўнымі органамі, у многім залежыць крымінагенная сітуацыя ў раёне. Ляхавіцкія міліцыянеры не толькі знаходзяць новыя формы і метады дзейнасці ў гэтым накірунку, але і абапіраюцца на бясцэнны вопыт сваіх калег-ветэранаў, якіх заўжды рады бачыць у РАУС. А ў гэтыя дні нагода асабліва святочная: 10 лістапада ўшаноўваюць ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
Але ўрачыстая нагода стала падставай і для сур’ёзнай размовы.
Чаму людзі ідуць на парушэнне закону? Якія фактары спрыяюць супрацьпраўным паводзінам? Што зрабіць, каб падлеткі не збочылі з правільнага шляху? Як спыніць таго, хто аднойчы парушыў закон? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі за круглым сталом «ЛВ» начальнік Ляхавіцкага РАУС Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК і ветэраны міліцыі былы намеснік начальніка РАУС Алег УРБАНОВІЧ, былы начальнік АДАІ Юрый МАЛЕВІЧ, былы старшы інспектар па дазвольнай рабоце РАУС Іосіф ЗУБІК, былы начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Дзмітрый ЮРУЦЬ.

Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК:
– Пачну са статыстыкі. Даводзіцца канстатаваць: сёлета ў раёне павялічылася колькасць злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх, а таксама ўчыненых асобамі, якія раней мелі судзімасць, у параўнананні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Разам з тым змяншаецца колькасць выпадкаў наўмыснага нанясення цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Як лягчэй папярэдзіць хваробу, так і ў дачыненні злачынстваў – лепш прыкласці ўсе намаганні для іх недапушчэння. Гэта штодзённы клопат асабовага складу райаддзела міліцыі.
Змяншэнне колькасці так званых «п’яных» злачынстваў – у тым ліку вынік нашай мэтанакіраванай прафілактычнай работы. З пачатку года канфіскавана і знішчана 1250 літраў самагоннай брагі, 100 літраў самагону, 49 літраў фальсіфікаванага алкаголю, 37 самагонных апаратаў. За парушэнне антыалкагольнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 113 грамадзян. Судом Ляхавіцкага раёна 26 хранічных алкаголікаў накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, каля 200 асоб дастаўлены ў медустановы для лячэння ад алкагольнай залежнасці.
Большасць сямейных трагедый адбываецца, калі ахвяра ці пацярпелы, а то і абодва знаходзяцца ў нецвярозым стане. Але сямейнае насілле, на жаль, даволі распаўсюджаная з’ява. Лічбы сённяшняга дня: 85 працэнтаў правапарушэнняў у сямейна-бытавой сферы – псіхічнае насілле ў дачыненні членаў сям’і. Са 152 чалавек, якія стаяць на розных уліках у РАУС,  42 – сямейныя скандалісты. Калі за ўвесь мінулы год было вынесена 158 папярэджанняў такім асобам, то сёлета –  ужо 261.
Дарэчы, адным з памочнікаў міліцыі ў барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва стаў «Ляхавіцкі веснік». На старонках раёнкі размяшчаюцца артыкулы на антыалкагольную тэму, карэспандэнты актыўна ўдзельнічаюць у прафілактычных акцыях, рэйдах. Інфармацыйная падтрымка вельмі істотная.

Алег УРБАНОВІЧ:
– Многія, хто парушае закон, спадзяюцца на ўтойванне сваіх дзеянняў і беспакаранасць. Аднак, любое злачынства абавязкова будзе раскрыта.
За час службы ў міліцыі было нямала выпадкаў, калі ўдавалася разглядзець тую тонкую мяжу, што раздзяляе чалавека, які выпадкова аступіўся, і таго, хто яшчэ здольны пайсці на парушэнне закону. Аднойчы давялося высвятляць абставіны, звязаныя з падлеткам, які меў дачыненне да правапарушэння. Можна было адразу паставіць яго на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Але ж столькі ў вачах было раскаяння… Потым неаднойчы размаўляў з юнаком, наведваў дома. Цяпер ён ваенны ў званні падпалкоўніка. Часам важна паверыць у чалавека, дапамагчы яму разабрацца, дзе белае, дзе чорнае.
Упэўнены, многае пачынаецца з сям’і. Адносіны паміж бацькамі пераймаюць дзеці. Калі п’янства – норма жыцця для дарослых, чаго чакаць ад іх сыноў і дачок? Бацькі павінны ўважліва сачыць і за тым, на якія старонкі ў інтэрнэце заходзяць дзеці, якія фільмы глядзяць. Кіно са сцэнамі насілля, агрэсіі – не для іх!
Надзвычай важна, каб сямейная неўладкаванасць не заставалася схаванай ад міліцыі, медыкаў, педагогаў. Муж здзекуецца над жонкай, дзецьмі, а яны маўчаць, баяцца. Суседзі ведаюць: у кватэры побач пастаянныя п’янкі, сваркі, даходзіць і да боек, але не ўмешваюцца, не тэлефануюць у міліцыю, прытрымліваюцца пазіцыі
«мая хата з краю». Калі здараецца бяда, разводзяць рукамі: маўляў, хто ведаў, што так атрымаецца. На жаль, гучныя рэзанансныя злачынствы адбываюцца нярэдка.
Нельга быць абыякавымі назіральнікамі. Гэта якраз той выпадак, калі лепш перастрахавацца, забіць трывогу, таму званок у міліцыю лішнім не будзе.

Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК:
– Яшчэ адна надзвычай злабадзённая тэма – крадзяжы. Сёлета за 9 месяцаў у раёне іх зарэгістравана 62. Практычна кожны другі – з жылога памяшкання. Зладзеі сталі часцей залазіць у дачныя
домікі, прычым і ў садовых таварыствах, і ў вёсках. Раскрываць такія злачынствы цяжка, бо ад моманту ўчынення да выяўлення праходзіць іншы раз значны час. Тым не менш, адзначу: раскрывальнасць крадзяжоў павялічылася з 32 да 42 працэнтаў.

Дзмітрый ЮРУЦЬ:
– Крадзяжы і раней былі сярод самых распаўсюджаных злачынстваў. У многіх з іх у пэўнай меры вінаватыя самі пацярпелыя. І сёння ёсць грамадзяне, якія ключ ад кватэры хаваюць пад дыванок ля ўваходных дзвярэй ці ўвогуле зачыняюць дзверы на кручок. Ёсць і тыя, хто бяспечна ўпускае незнаёмага чалавека ў дом, пакідае рэчы без нагляду. Такая безадказнасць можа дорага каштаваць.
Як ўжо адзначалі мае калегі, вялікую ролю адыгрывае ўважлівасць суседзеяў, тых, хто побач жыве, працуе. Абавязковы складнік прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў – узаемадзеянне ўчастко-вых інспектараў міліцыі, сацыяльнай службы, супрацоўнікаў сельвыканкамаў, старастаў. Андрэй Леанідавіч адзначыў, што расце колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі. Бытуе меркаванне: той, хто аднойчы пераступіў закон, рана ці позна зноў становіцца на злачынны шлях. Гэта адбываецца, калі чалавека не падтрымаць на шляху выпраўлення. Важна забяспечыць работай таго, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, каб у яго не было часу на дрэнныя ўчынкі.

Іосіф ЗУБІК:
– Пэўны час працаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх: колькі прыкладаў, калі адзін неасцярожны крок, памылка маладосці – і ўсё жыццё  наперакасяк. Важна, каб побач былі тыя, хто папярэдзіць такі ўчынак, працягне руку дапамогі. Нядаўна падышоў да мяне мужчына, павітаўся, спытаў, ці пазнаю яго. Аказалася, каля двух дзесяцігоддзяў назад ён, тады вясковы хлопчык, дрэнна паводзіў сябе, прагульваў урокі. Але міліцыя, бацькі, настаўнікі аб’ядналі намаганні, каб дапамагчы падлетку выправіцца. Пасля заканчэння школы атрымаў прафесію, працуе, мае сям’ю. А магло ўсё скласціся не так аптымістычна.
На жаль, не кожнаму непаўналетняму шанцуе на нераўнадушнае акружэнне і добрыя жыццёвыя прыклады.

Юрый МАЛЕВІЧ:
– Па родзе сваёй службы ў міліцыі спынюся на дарожнай сітуацыі. Колькасць аўтамабіляў з кожным годам павялічваецца. Адпаведна, ускладняецца дарожная сітуацыя, за якой патрабуецца пастаянны і дзейсны кантроль. Сённяшняй дзяржаўтаінспекцыі працаваць больш складана, бо рух на дарогах больш інтэнсіўны, а колькасць супрацоўнікаў ДАІ меншая. Тэхніка, у тым ліку аўтамабілі, аснашчана сучаснымі прыборамі, камер відэаназірання на дарогах стала больш, што на карысць прафілактыцы. Больш жорсткія меры прымяняюцца да вадзіцеляў, якія нецвярозымі садзяцца за руль, асабліва, хто робіць гэта паўторна, да «бяспраўнікаў». П’яны за рулём – кароткі шлях да трагедыі, таму з гэтай заганай трэба змагацца няспынна. І тут усе сродкі прымальныя: сумесныя прафілактычныя акцыі з удзелам медыкаў, валанцёраў, бээрэсэмаўцаў. Калісьці мы часцяком выязджалі ў рэйды з супрацоўнікамі «Ляхавіцкага весніка». І гэта было дзейсна, бо мала прыемнага для вадзіцеля ці пешахода трапіць на старонкі газеты ў якасці парушальніка закону.

Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК:
– Тэма, якая сёння абмяркоўваецца, заўсёды актуальная. Прафілактыка –важная і неад’емная частка спакойнай крымінагеннай сітуацыі. Супрацоўнікі міліцыі ўдзячны ветэранам, якія і сёння актыўна ўдзельнічаюць у прафілактычнай рабоце.
У Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь хочацца павіншаваць былых калег і пажадаць ім здароўя, поспехаў і ўдачы. Заўжды рады бачыць вас у райаддзеле!
Запісала Галіна КАНЬКО.

Андрэй Студзянічнік.

Юрый Малевіч.

 

Дзмітрый Юруць.

Іосіф Зубік.

Алег Урбановіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *