Гляджу і бачу. Першай кропкай, дзе спыніўся афтальмалагічны дэсант у нашым раёне, стала Дараўская школа. А ўсяго «дэсантная» геаграфія закране 12 адрасоў

Без перабольшання, гэты праект можна назваць унікальным і проста гіперкарысным ужо толькі таму, што тысячы сельскіх вучняў непасрэдна ў школах маюць магчымасць праверыць зрок і атрымаць кансультацыю ўрачоў-афтальмолагаў. Ідэйныя сябры праекта – Беларускі дзіцячы фонд, які з матэрыяльнай дапамогай кампаніі Velcom, а таксама пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя ўвасобіў яго ў жыццё. Дараўская школа стала першай вучэбнай установай раёна, куды завітала брыгада афтальмолагаў.

Звыклы рытм работы на бліжэйшы месяц змянілі ўрач-афтальмолаг Маргарыта Бандацкая і медсястра Яніна Стульская з Баранавіцкай гарадской дзіцячай бальніцы. Сёння ў іх працоўным графіку – дыягностыка і аказанне афтальмалагічнай дапамогі вясковым дзеткам. 8 лістапада медагляд прайшлі вучні Дараўскай школы, учора брыгада была ў Навасёлкаўскай, наперадзе яшчэ 10 школ. Плануецца, што афтальмолагі правераць зрок больш як у тысячы юных ляхавічан.

Мэта праекта – аказаць дапамогу ў своечасовай дыягностыцы парушэнняў зроку вясковых школьнікаў.
На сродкі, якія сабрала кампанія velcom, былі набыты два мікрааўтобусы і партатыўнае афтальмалагічнае абсталяванне. Дарэчы, аператар мабільнай сувязі напярэдадні гэтага праекта правёў дабрачынную акцыю «Рабіць дабро так проста». Пры падключэнні абанентаў на пэўныя тарыфныя планы кампанія пералічвала грашовыя сродкі на спецыяльны рахунак.
– Геаграфія нашага праекта распаўсюдзілася ўжо на Магілёўскую і Гомельскую вобласці, дзе афтальмолагі праверылі зрок больш чым у 25000 дзяцей з 39 сельскіх раёнаў. Цяпер праект рэа-лізоўваецца на Брэстчыне, дзе ўрачы прадыягнаставалі каля 14000 сельскіх школьнікаў. Хочацца спадзявацца, што гэта ініцыятыва атрымае працяг, – расказвае дырэктар Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Зоя Троцкая.
Акрамя поўнага афтальмалагічнага абследавання, дзеці атрымліваюць заключэнне аб аглядзе, пры неабходнасці выпісваецца рэцэпт на акуляры, прызначаюцца дадатковыя абследаванні або лячэнне ў абласной дзіцячай бальніцы. Калі ў школьніка выяўлена праблема са зрокам, яго даныя накіроўваюцца ў інфармацыйную базу аблбальніцы, у мясцовую амбулаторыю, а таксама ў базу даных Беларускага дзіцячага фонду. Такім чынам, дзеткі знаходзяцца пад наглядам і кантролем урачоў-афтальмолагаў.
– Праект «Я бачу» дазваляе на ранніх стадыях выявіць парушэнне зроку ў школьнікаў і не дапусціць развіцця захворвання. Важна, што ініцыятыва не застаецца на стадыі агляду і кансультацыі, пры неабходнасці дзеці атрымліваюць кваліфікацыйную дапамагу на абласным узроўні, – адзначае ўрач-афтальмолаг Маргарыта Бандацкая.
А яшчэ на памяць пра ўдзел у дабрачынным праекце хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі памяткі на тэму прафілактыкі парушэнняў зроку, папяровыя трэнажоры з практыкаваннямі для вачэй і сувеніры ад арганізатараў праекта.
Пачынаючы з сакавіка, акцыя прайшла ў Маларыцкім, Камянецкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім, Пружанскім, Ганцавіцкім раёнах. Цяпер брыгады-афтальмолагаў працуюць на Бярозаўшчыне і Ляхавіччыне.
Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *