Адміністрацыя Брэстчыны сустрэлася з мясцовымі журналістамі

Да добрага прывыкаеш хутка. Да гэтай падзеі журналісты рыхтуюцца з хваляваннем: падвядзенне вынікаў абласнога спаборніцтва сярод СМІ стала на Брэстчыне традыцыйнай святочнай урачыстасцю. Старшыня абласнога выканаўчага ка-мітэта Канстанцін Сумар і сёлета традыцыю, якая ўзнікла па яго ініцыятыве шэсць гадоў таму, падтрымаў: журналісты на гэты раз былі запрошаны ў сталіцу рэспубліканскіх “Дажынак-2009” – у абноўлены, прыгожы, слаўны гісторыяй і сённяшнімі дасягненнямі горад Кобрын. А ў папярэднія гады, дарэчы, былі абласны драматычны тэатр, вяслярны канал у Брэсце, знакамітая Тамашоўка, непаўторныя Пружаны… Прыемнае спалучаецца з карысным: урачыстаму ўшанаванню пераможцаў спаборніцтва папярэднічае цікавая экскурсія па куточку роднай Брэстчыны.
Стары кобрынскі парк і новенькія, але ўжо стаўшыя папулярнымі аквапарк, Лядовы палац… Расцяжкі на вуліцах узгадваюць пра 65-годдзе Вялікай Перамогі, Год якасці ў Беларусі і пра іншыя знакавыя і значныя падзеі. Усё дарэчы, усё з любоўю.
Горад сапраўды стаў адным з самых прывабных і сучасных не толькі на Брэстчыне, але і ў Беларусі. Захапленне і станоўчыя ўражанні заўсёды натхняюць, тым больш людзей творчых, якімі і з’яўляюцца журналісты.
На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод СМІ Брэстчыны старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар адзначыў менавіта творчы падыход журналістаў да асвятлення жыцця рэгіёна, падкрэсліў важкасць газетнага радка, адказнасць журналіста перад грамадствам. Канстанцін Андрэевіч гаварыў пра разважлівы і канструктыўны падыход прафесіяналаў пяра да існуючых праблем, пра аналітычнасць публікацый і адмаўленне ад казённага стылю. Ён выказаў упэўненасць, што высокі патэнцыял журналісцкага корпуса будзе даказвацца і пацвярджацца яркімі публікацыямі ў прэсе.
У традыцыйнай сустрэчы з журналістамі, як заўсёды, удзельнічаў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык. Побач з калегамі былі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Аляксандр Рагачук і старшыня абласной арга-нізацыі Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч.
Канстанцін Сумар уручыў дыпломы пераможцам абласнога спаборніцтва сярод СМІ і прафесіянальных журналістаў. Перамогу ў намінацыі “Лепшы фотакарэспандэнт” святкаваў Сяргей Варановіч з нашай раёнкі. Загадчык аддзела радыё-інфармацыі Галіна Канько ўдастоена спецыяльнага дыплома абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў за высокае прафесійнае майстэрства. Шчыра віншуем сваіх калег і жадаем ім натхнення і творчасці!
Пасля ўшанавання пераможцаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў. Ні адно пытанне Канстанцін Андрэевіч не пакінуў без адказу. А закраналі яны тэмы развіцця эканомікі Брэстчыны, перспектывы асобных раёнаў, прадпрыемстваў, галін, адраджэнне вёскі, развіццё абслугоўвання і гандлю, якасць тавараў і прадукцыі мясцовай вытворчасці і г. д. На пытанне “ЛВ”, ці не плануюцца ў якасці цэнтра абласных дажынак Ляхавічы, Канстанцін Сумар адказаў, што праз год-два да гэтага адраса можна будзе вярнуцца. Гарадок добры, яго трэба працягваць добраўпарадкаваць. Дарэчы, на 2010 год з абласнога бюджэту на добраўпарадкаванне мікрараёна вуліц Будаўнікоў-Южакова ў Ляхавічах, а таксама на рэканструкцыю ГДК выдаткаваны важкія сумы.
Наконт “зімовай” праблемы мясцовага торфабрыкетнага завода: павышаны попыт на торфабрыкет на ўнутраным рынку звязаны з нетыпова халодным сезонам. Зіма паказала свой характар, і хаця запас выпушчанага паліва быў (нарыхтавана больш, чым пазалетась), але ён хутка разышоўся. У значнай ступені сказалася тое, што людзі не планавалі такой зімы і не нарыхтавалі паліва загадзя, а многія не зрасходавалі старыя запасы і спадзяваліся на іх. Канстанцін Сумар сказаў, што ў наступным годзе будуць улічаны ўсе нюансы, каб забяспечваць попыт спажыўцоў круглы год.
Размова губернатара з журналістамі была шчырай, адказы на пытанні — вычарпальнымі. А кобрынская сустрэча — насычанай і цікавай – настолькі, што захацелася ўзяць чысты ліст паперы і напісаць загаловак, які вынікаў з гэтай самай сустрэчы: “Вітаецца творчасць”.
Вольга СВЯТЛОВА.

One thought on “Адміністрацыя Брэстчыны сустрэлася з мясцовымі журналістамі

  • 17/03/2010 в 08:44
    Permalink

    Виншую пераможцау абласных спаборництвау!!!!
    Работы С.Варановича ужо дауно падабаюцца, аднак праводила апрос мясцовых жыхароу нашкалт раеннага радые, дык далека не усим яно падабаецца…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *