Памнажэнне дзяленнем. Развівай у сабе культуру – збірай макулатуру. І не толькі яе

Выкарыстаныя рэчы, якія немагчыма рацыянальна ўтылізаваць у дамашніх умовах, трапляюць у спіс бытавых адходаў. Збор і нарыхтоўка папрацаваўшых на карысць чалавека прадметаў дазваляе эканоміць першасную сыравіну і матэрыяльныя рэсурсы.

Узяць тую ж макулатуру. Лічыцца, што сабраная і адпраўленая ў перапрацоўку тона паперы або кардону дазваляе зберагчы да трох з паловай кубаметраў драўніны. А пералік прадметаў, што могуць быць выраблены, як некаторыя лічаць, са «смецця», перавышае тысячу найменняў. Актуальна і яшчэ адно пытанне. Экалагічная бяспека – тое, што хвалюе і мае яшчэ большае значэнне, чым эканомія. І калі, напрыклад, закапаная ў зямлю папера праз адносна кароткі адрэзак часу без асаблівых таксічных наступстваў раскладаецца на фракцыі, то са шклом і пластыкам, які зараз дзе толькі не выкарыстоўваецца, сітуацыя сур’ёзная.
Але ж нівеліраваць і эканамічны, і экалагічны фактары негатыву ад нерацыянальнага падыходу ў абарачэнні другасных матэрыяльных рэсурсаў – у нашых сілах і кожнаму на карысць. Той выпадак, калі па-
дзяляючы – прымнажаем. Для паперы-кардону ёсць свой «імянны» кантэйнер. Як і для адходаў з пластыку, са шкла. Здаецца, іх размясцілі ўжо ў дастатковай колькасці ў месцах найбольшай даступнасці. Пытанне ў тым, наколькі «адрасна» жыхары горада і раёна выкарыстоўваюць гэтыя кантэйнеры.
У раёне тэрытарыяльнымі аператарамі па зборы другаснай сыравіны з’яўляюцца мясцовыя камунгас і райпо. У структуры апошніх у горадзе працуе два стацыянарныя нарыхтоўчыя пункты. Яшчэ адзін –
раз’язны, на базе спецыяльна прыстасаванага аўтамабіля. Плюс прыняць другасную сыравіну можа фактычна кожны магазін райпо.
У дадатак да названых арганізацый-аператараў па нарыхтоўцы другаснай сыравіны –  ІП Пронька, які «трымае» два прыёмныя пункты. Працуе толькі са шклом. І робіць гэта дастаткова паспяхова. За мінулы год, напрыклад, прадпрымальнік даў другое жыццё 230 тонам шкляных адходаў, што істотна больш, чым іншыя аператары ў суме. І ў многім дзякуючы яму раён летась справіўся з дзяржаўным заказам па зборы шклаадходаў.
А вось дзяржзаказ па макулатуры выканаць не атрымалася. Не кажучы пра заданне па зборы другасных матэрыялаў, якое адрозніваецца больш высокімі лічбамі і шырокай наменклатурай другаснай сыравіны.
У адпаведнасці з сёлетнім дзяржаўным заказам, з раёна на новы віток перапрацоўкі павінна быць адпраўлена 400 тон макулатуры і 200 тон шкляных адходаў. Па інфармацыі, атрыманай у аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, па стане за 9 месяцаў года прадпрыемствы, установы, арганізацыі розных формаў уласнасці ў залік дзяржзаказу нарыхтавалі 168 тон макулатуры і амаль 290 тон шкла. Лічба па шкле выглядае поўна нават у разрэзе ўсяго года. І з’яўляецца такой у многім дзякуючы рабоце ўжо ўзгаданага намі ІП, чые нарыхтоўкі другаснага прадукту склалі больш за 160 тон. Амаль 38 тон шкла здадзена кансервавым заводам.
Збор паперы і кардону вядзецца марудна: са студзеня па верасень не нарыхтавана і палавіны вызначанага заказам, пры тым, што з больш як шасці дзясяткаў арганізацый макулатураздатчыкаў, добрая палова з задачай поўнасцю справілася.
Іван КАВАЛЕНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *