Страявым да мары. У Ляхавічах прызыўнікі атрымалі павесткі

Як хутка сын Максім стаў дарослым. Мама Вольга Шклянік са сваім прызыўніком.

Страявы крок пакуль не адточаны, на каманды яны рэагуюць яшчэ нязладжана. Але ідэальнае выкананне ўсіх армейскіх загадаў і не патрабуецца ад людзей у цывільным, ізноў жа – пакуль у цывільным. Мінулая пятніца ў раёне адзначылася важнай падзеяй: паўсотні маладых ляхавічан атрымалі павесткі – пуцёўкі ў ваеннае жыццё. Ярка, святочна, прыгожа ў Ляхавічах прайшоў Дзень прызыўніка.
Такі фармат, здаецца, фармальнай працэдуры – апошняга этапу восеньскага прызыву – юнакам спадабаўся. Шчыра прызнаваліся, што і не чакалі столькі святочнасці ад гэтай падзеі.

Cтаршыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса прапанаваў зрабіць святкаванне Дня прызыўніка штогадовай традыцыяй. Ён падкрэсліў: надзвычай важна жыць у міры, не ведаць ваеннага ліхалецця. І наша дзяржаўная палітыка накіравана на гэта. А задача тых, хто ў Дзень прызыўніка атрымаў павестку, – абараняць сваю краіну, свае сем’і, стаяць на варце мірнага жыцця.
Будучы абаронца Айчыны Антон Дыдышка не хаваў радасці. Пераканаўся: гэты дзень асаблівы не толькі для яго, але і для тых, хто хутка будзе стаяць з ім у адным страі, для родных і блізкіх, якія з нецярпеннем будуць чакаць вестачку ад салдата, для многіх нават незнаёмых людзей:
– Сённяшняя падзея надала яшчэ больш упэўненасці, што мы робім патрэбную справу, што ёсць дзеля каго і чаго служыць. І галоўная задача кожнага з нас, прызыўнікоў, – апраўдаць давер, верна і годна выканаць свой грамадзянскі абавязак.
Без пяці хвілін салдатаў сустракалі ў зале ГДК гучнымі апладысментамі. І хоць у вачах прызыўнікоў хлапецкая бесшабашнасць, прысутнічае юнацкі максімалізм, яны разумеюць: армія зменіць кожнага, зробіць дарослым. І нашы хлопцы да гэтага гатовы.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч гаварыла, што сваім цвёрдым і ўпэўненым «так» на пытанне «ці хочаце служыць у арміі», юнакі чарговы раз пацвердзілі: нам ёсць на каго спадзявацца.
Са школы Іван Шпак марыў апрануць армейскую форму, нават планаваў паступаць на ваенны факультэт, але адвучыўся на настаўніка фізкультуры ў Палескім дзяржаўным універсітэце, размеркаваўся ў Астравецкую школу і, цытую, «толькі цяпер наблізіўся да мары»:
– Без перабольшання, чакаю, калі пачнуцца мае салдацкія будні, калі пачну спасцігаць страявую падрыхтоўку, буду асвойваць спецыяльныя веды. Тым больш, трапіў у паветрана-дэсантныя войскі, як і хацеў. Там служылі мае сябры, дарэчы, і цяпер ёсць, як кажуць, родныя людзі. Менавіта ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе служыў наш зямляк Яўгеній Жарскі, які разам з баявым таварышам Дзмітрыем Страчуком ўзнагароджаны медалём   «За адвагу». Армія – школа, дзе выхоўваюць мужнасць, адказнасць, дысцыплінаванасць. Хачу стаць яе вучнем. А яшчэ запаветная мара – скачок з парашутам – цяпер абавязкова спраўдзіцца.
Чалавек, якому давялося служыць, зразумець важнасць і неабходнасць армейскай справы, яе ўрокі засвоіць на ўсё жыццё. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Аляксей Навіцкі ўпэўнены: у арміі важна адчуваць, што ты не адзін – побач надзейнае плячо таварыша, што салдаты, якія з табой у адным страі, не выпадковыя людзі, яны –
каманда. У арміі не здаюць нарматывы паасобку – здаюць падраздзяленнямі. Не выканае рота даручэнне, калі хоць адзін салдат праваліў сваю задачу. Такая вось вызначальная роля армейскага калектыву.
Ёсць вобразнае меркаванне, што разам  з юнаком службу праходзяць і яго родныя: сумуюць, чакаюць званочка і нават у век інфармацыйных тэхналогій заглядаюць у паштовую скрыню з надзеяй атрымаць шчырыя радкі ад сына, унука, мужа, маладога чалавека ці сябра… Бацькоўская падтрымка ў многім дазваляе справіцца са складанасцямі, што знаходзяцца за пунктам КПП, дзе ўсё падпарадкавана агульнаму раскладу.
З 14 па 28 лістапада паўсотні маладых ляхавічан папоўняць рады Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў краіны.
– Калі вызначалі месца службы, прыслухоўваліся да жадання кожнага прызыўніка, глядзелі вынікі медагляду, асаблівая ўвага – маральна-псіхалагічным, прафесійным якасцям маладых людзей, характарыстыцы з  месцаў вучобы і работы. Восем ляхавічан будуць праходзіць службу ў паветрана-дэсантных войсках, сем – у пагранічных, многія выбралі службу ва ўнутраных вой-сках, – расказвае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксандр Байчык.
Падарункі і віншаванні прызыўнікам падрыхтаваў райкам БРСМ.
Пажаданні лёгкай і паспяховай службы, надзейных сяброў і самых лепшых камандзіраў гучалі ў адрас галоўных дзеючых асоб прызыўнога дня. А музычную паштоўку, якая проста ўзрушыла кожнага сваёй шчырасцю, энергічнасцю, душэўнасцю, падрыхтавалі вакальна-інструментальны ансамбль з 8-й радыётэхнічнай брыгады «Бязмежнасць» і школьнікі раёна.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.БОЛЬШ ФОТА ТУТ

«Так і здарылася. Мы выхавалі дастойнае пакаленне. Але, на жаль, у глабальным і маральным сэнсе свет не стаў лепшым. Барацьба дабра і зла не спыняецца. Яна пранікае ў духоўную, сацыяльную, эканамічную і палітычную сферы. Праз кнігі, навіны, фільмы, рэкламу, моду. Гэта фронт, дзе не страляюць, але таксама б’юць на паражэнне – толькі праз свядомасць людзей. Гэта самае небяспечнае і самае страшэннае», – сказаў Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з актывам БРСМ.
Не страціць у такой бітве сваё маральнае аблічча, свой свет – гэта подзвіг, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Задача моладзі, паводле яго слоў, – адстойваць высокія ідэалы сумленнасці і справядлівасці, традыцыйныя духоўныя каштоўнасці ў свеце скептыкаў і цынікаў, у свеце канфліктаў і войнаў, якія няхай і не закранулі беларускую зямлю, але падышлі вельмі блізка да яе межаў. «Наша з вамі задача – уберагчы гэты кавалачак ад узрушэнняў, бо няма дзе будзе жыць ні нам, ні вам, ні тым больш нашым дзецям», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч уручае павестку без пяці хвілін армейцу.

 

One thought on “Страявым да мары. У Ляхавічах прызыўнікі атрымалі павесткі

  • 14/11/2018 в 15:01
    Permalink

    Пры такім урачыстым развітанні служыць, пэўна, будзе не так цяжка. Як гаварыцца, настроілі і наказы на дарогу далі. Армія — школа жыцця, загартоўвае хлопцаў, Служыце дастойна, дома вас чакаюць!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *