Вось такія пірагі, ці Прыемнага апетыту ад ляхавіцкіх хлебапёкаў

Нават самы вытанчаны гурман не аспрэчыць: смак хлеба – гэта СМАК, а пах цёплага бохана – гэта цар-водар на ўсе часы і заможнасці-суперзаможнасці. Святое паняцце – хлеб, святая праца – расціць яго, выпякаць, клапаціцца, каб заўсёды на стале быў гэты бясспрэчна галоўны прадукт, які справядліва лічыцца, ды што там лічыцца – з’яўляецца сінонімам жыцця. У цэху хлебапячэння мясцовага камбіната кааператыўнай прамысловасці не бывае выхадных, ды і быць іх не павінна, бо штодня зранку тут трэба загрузіць свежай выпечкай спецтранспарт, які даставіць яе ў гандлёвыя кропкі нашага раёна, а таксама ў Баранавічы і Баранавіцкі раён.

Дарэчы, і ў суседзяў наша хлебабулачная прапанова ідзе на ўра: пакаштавалі, параўналі і… падавай ім ляхавіцкія боханы, асабліва класічныя «кірпічыкі». Наогул жа, усе шэсць сартоў хлеба (з іх чатыры падавыя, два – фармавыя) сваю «жыццёвасць» праверылі і даказалі часам і запатрабаванасцю ў спажыўцоў: купляюць з задавальненнем, купляюць ляхавіцкае.
Маштабы вытворчасці цэха салідныя. Галоўны тэхнолаг прадпрыемства Наталля Валчок называе лічбы: за 10 месяцаў выпяклі і адправілі пакупнікам 950 тон хлебабулачных вырабаў (365 тон – усемагчымыя булачкі і 40 тон – ну вельмі спакуслівая кандытарка).
А цяпер падрабязней пра гэту самую кандытарку, якая ўвасоблена ў больш як сотню найменняў бісквітаў, пячэння, пірожных, усемагчымага печыва. Даволі шырока яна прадстаўлена ў дзіцячым кафэ «Смайлік», якое аблюбавалі самыя юныя ляхавічане і іх мамы. А яшчэ смаката ад мясцовых хлебапёкаў-кандытараў адпраўляецца ў райцэнтраўскі «Ласунак» і «Піцэрыю». Шчыра прызнаюся, што ўсім рэдакцыйным калектывам мы прагаласавалі б за тое, каб «арэал» гэтай прадукцыі наогул у раёне і тым больш у Ляхавічах быў значна пашыраны, таму што, па-першае, сапраўды смачна, па-другое, апетытна, па-трэцяе, цэны не куслівыя.
Цэх хлебапячэння працуе ў дзве змены. У начную выпякаюць выключна хлеб і батоны, днём – усё ласункавае дапаўненне да галоўнага асартыменту. Абсталяванне тут даволі сучаснае, але самае галоўнае нават не гэта. Канешне, размова пра майстроў хлебнай справы. Прафесія, згадзіцеся, спрадвечная, якая патрабуе ад тых, хто яе выбраў, вялікай павагі да сваёй справы. Тут асаблівыя патрабаванні да чысціні і ў звычайным разуменні, і ў пераносным сэнсе гэтага слова.
Паглядзіце, як далікатна, беражліва дакранаюцца рукі майстроў да будучых боханаў, перш чым атрымліваюцца… вось такія пірагі, вось такі каравай, вось такія пернікі-мядовікі. Дарэчы, да прафесіянальнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК ляхавіцкія хлебапёкі падрыхтавалі сюрпрыз, які ўжо сёння змогуць пакаштаваць пакупнікі – называюць яго мучной салодкасцю, мядовікам. Удакладню: па-руску гэта гучыць як «коврижка».
Дырэктар кааппрама, дэпутат райсавета Галіна Якубец запэўнівае, што гэта не апошні сюрпрыз землякам ад яе калег: тэхнолагі прадпрыемства не спыняюць распрацоўку новых рэцэптур хлебабулачна-кандытарскіх вырабаў. Астатняе Галіна Мікалаеўна вырашыла не канкрэтызаваць, каб не пазбавіць чаканні землякоў прыемнай інтрыгі. Што ж, гэта неблагі маркетынгавы прыём.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і Маргарыты КУХТА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *