Нельга прайсці міма…

Няшмат хто ведае, што ў такім вытанчаным відзе спорту як фехтаванне магчымы ўдзел людзей з ДЦП, пашкоджаннямі спіннога мозгу ці ампутацыямі ніжніх канечнасцяў. Між тым, даказана, што занятак гэтым відам спорту спрыяе ўсебаковай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю і дазваляе дабіцца значных поспехаў.

Спартыўна-рэабілітацыйны комплекс «Эгалітэ» («Роўнасць») — дабрачынны праект, накіраваны на стварэнне ўмоў для заняткаў рознымі відамі спорту людзьмі з фізічнымі абмежаваннямі і аказанне ім усебаковай дапамогі і падтрымкі. Асноўным накірункам праекта «Эгалітэ» з’яўляецца праца з дзецьмі і падлеткамі, якія прыкаваны да інваліднай каляскі. Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба выйграць свой самы важны жыццёвы бой — навучыцца выжываць у няпростых умовах, захаваць душэўную раўнавагу, а галоўнае — паверыць у сябе.

«Эгалітэ» — некамерцыйная арганізацыя, калектыў людзей з адкрытымі сэрцамі, якія здольны ў наш няпросты час удзельнічаць у высакародных пачынаннях. Фінансавы складальнік — гэта падтрымка нашага беларускага бізнесу і простых грамадзян. У выніку гэтай падтрымкі дзеці, якія пакутуюць сур’ёзнымі хваробамі, атрымліваюць такія магчымасці, пра  якія не маглі нават марыць. А мы, у сваю чаргу, знаходзім упэўненасць і сілы для далейшай працы.

Сёння арганізаваны збор сродкаў, кругласутачна працуе дабрачынная тэлефонная лінія «Адлюстраванне дабра».

Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аказаць дапамогу нашаму цэнтру.

Дастаткова патэлефанаваць з гарадскога тэлефона на нумар 8-902-101-9999 і дачакацца слоў падзякі. Сваім званком вы ахвяруеце 9000 рублёў. Гэта сума будзе ўключана ў кошт аплаты за тэлефонныя званкі.

Усе сабраныя сродкі ідуць на карысць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізатарам з’яўляецца АУ «СРК «Эгалітэ». Дадатковая інфармацыя па тэлефонах: 017-280-05-56, 029-147-38-61 (велком) і на сайце www.egalite.by

Мы верым у дабрыню людзей і прымаем вашы дабрачынныя званкі як па-сяброўску працягнутыя рукі…

Калектыў АУ «СРК «Эгалітэ».

Пасля летняга перапынку заняткі адновяцца на базе СДЮШАР № 3 г. Брэста (вул. Дзяржынскага, 25). Тэлефон для сувязі 8-029-500-90-03 (МТС)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *