Ліга будучых чэмпіёнаў.Рэспубліканскае спаборніцтва ў Ляхавічах /фота new/

На трэцім сезоне існавання Дзіцячая гандбольная ліга “Зубр Кап” дабралася да Ляхавіч. На праяцягу трох дзён – з 16 па 18 лістапада ўключна – адноўленая гульнявая зала СДЮШАР раёна жыла гандболам. Што за спаборніцтвы і якую мэту выношваюць? Зубр Кап – гэта прыватная ініцыятыва кіраўніцтва Брэсцкага гандбольнага клуба імя Анатолія Пятровіча Мяшкова. Іменна “мяшкоўцам” адводзіцца зараз вядучая роля ў іерархіі айчыннага клубнага гандбола. Галоўнай мэтай гэтага спартыўна-выхаваўчага праекта з’яўляецца пулярызацыя ручнога мяча сярод дзяцей і юнацтва. Сярод задач апошняга – даць юным спартсменам як мага больш гульнявой практыкі ў спарынгах з камандамі рознага стылю і ўзроўню падрыхтоўкі, выявіць найбольш адораных і перспектыўных ігракоў, іншае падобнае. Арганізатары, кіраўніцтва ДГЛ аплачвае ігракам і трэнерам харчаванне і пражыванне падчас гульняў тура. Каманды бяруць на сябе толькі транспартныя расходы.

У трэцім сезоне лігі спаборнічаюць гандбалісты ўзроставых катэгорый 2003-2004, 2005-2006 і 2007-2008 гадоў нараджэння з, фактычна, усіх рэгіёнаў краіны. У Ляхавічах спаборнічаў сярэдні ўзрост: у рамках другога тура дзіцяча-юнацкай гандбольнай лігі пляцоўку СДЮШАР раёна разам з гаспадарамі “дзялілі” выхаванцы ДЮСШ №1 горада Баранавічы, СДЮШАР Маларытскага раёна, СДЮШАР №8 з Гродна і №5 – з Магілёва. Сталіцу краіны прадстаўляла ДЮСШ імя Спартака Пятровіча Мірановіча. Мінчане і аказаліся лепшай камандай ляхавіцкага тура спаборніцтваў. І па якасці гульні, і па выніку. Усе 5 сустрэч яны завяршылі пераможна для сябе, у асобных выпадках іх перавага ў ліку была вельмі істотнай. Напрыклад, ляхавічан мінчане пераігралі з лікам 20 на 38. На рахунку ж нашых землякоў дзве перамогі з пяці магчымых: былі мацнейшымі ў паядынку з Маларытай – 22-21 і з гродзенцамі – 32-26.

Мацнейшыя каманды тура, а кампанію мінчанам складуць юныя магілёўскія гандбалісты, працягнуць барацьбу на паўфінальнай стадыі спаборніцтваў. Асобныя іншыя, сярод якіх і выхаванцы СДЮШАР нашага раёна пазмагаюцца за месцы з пятага па восьмага. Заключныя, у рамках фінальнай стадыі гульні адбудуцца ў наступным годзе. Гэта будзе ўжо май месяц і адна з лепшых спартыўных пляцовак краіны Брэсцкі абласны Цэнтр алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту “Вікторыя”. Тады і там і вызначацца прызёры і пераможцы Дзіцячай гандбольнай лігі.

Акрамя спартыўнай, “Зубр Кап” нясе таксама адукацыйна-выхаваўчую, гісторыка-пазнавальную функцыі. Для ўдзельнікаў лігі арганізуюцца прагляды матчаў гандбольнай Лігі чэмпіёнаў і нацыянальнага чэмпіянату, праводзяцца майстар-класы, экскурсійныя туры. Так для каманд-удзельніц ляхавіцкага тура была арганізавана паездка ў Грушаўку. Гісторыя і сучаснасць колішняй сядзібы роду Рэйтанаў, па сведках, выклікала ў юнакоў шчырую цікавасць. Гучалі пытанні: што было і што будзе. А будзе, як ведаем, даволі хуткая і дастаткова маштабная рэканструкцыя палацава-паркавага ансамбля.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.  

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *