Шчодры дзень. Лістапад традыцыйна падводзіць вынікі сельскагаспадарчага года. У трэцюю нядзелю апошняга восеньскага месяца адзначаецца галоўнае аграрнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

На календары субота. Спрабуе свае сілы лёгкі марозік, але ад шчырых сонечных усмешак холад не адчуваецца. Надвор’е нібы рэабілітуецца перад аграрыямі за свае «паводзіны» вясной і летам і стараецца не сапсаваць свята. І яно атрымалася на славу.
Ляхавічане сустракалі ўдзельнікаў урачыстага шэсця: пад іх апладысменты па вуліцы Леніна прайшлі дэлегацыі працоўных калектываў, кіраўніцтва раёна.

Далей быў зорны час галоўных памочнікаў аграрыяў: роўны строем рухаліся камбайны, трактары, машыны – тэхніка, якая дапамагае ў нялёгкай сялянскай працы. А на плошчы Леніна праходзіў сапраўдны бенефіс сялянскага побыту. Сельвыканкамы, культработнікі, ды і самі сельгаспрадпрыемствы пастараліся: чаго толькі ні было на імправізаваных сялянскіх падвор’ях, аформленых на розны лад і густ. Абавязкова ў кожным – стравы нацыянальнай кухні, якія можна было каштаваць і нават даведацца «сакрэтныя» рэцэпты. Свае выставы прадставілі народныя майстры. А яшчэ – песні, жарты, танцы. І ўсё гэта не толькі дзеля паказу, але і ў межах конкурсу на лепшае падвор’е. Колькі спрэчак было ў журы, якое, урэшце, аддало перамогу Навасёлкаўскаму сельсавету, на другім і трэцім месцах – Жарабковіцкі і Конькаўскі.
Лепшыя земляробы, жывёлаводы, механізатары, завадчане, ветэраны галіны, спецыялісты і кіраўнікі сельгасарганізацый і перапрацоўчых прадпры-емстваў АПК сабраліся ў гарадскім Доме культуры на свята-ўшанаванне «Зямны паклон гаспадарам зямлі». Было шматлюдна і ўрачыста. Госці з задавальненнем аглядалі выставы, дэгуставалі прадукцыю малочнага і кансервавага заводаў, кааппрама. Тавары ўласнай вытворчасці і Аршанскага льнокамбіната прапанаваў ільнозавод.
Па добрай традыцыі свята пачалося з уручэння каравая новага ўраджаю кіраўніку раёна Аляксандру Камінскаму.
З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі да рупліўцаў ляхавіцкай зямлі звярнуўся намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка. Ён зазначыў, што Брэстчына сярод лідараў у краіне па тэмпах росту валавой сельгаспрадукцыі, сярэднясутачных надоях малака і прывагах буйной рагатай жывёлы, таварнасці малака. І ў гэтым заслуга ў тым ліку ляхавіцкіх хлебаробаў і жывёлаводаў. Сярод лепшых прадпрыемстваў ён назваў СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача»,  ААТ «Жарабковічы». Алег Вялічка ўручыў узнагароды рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, якіх удастоены некаторыя з тутэйшых перадавікоў.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі падкрэсліў, што сёлета жніво было нялёгкім, ураджай не той, які чакалі, але ён неблагі. А ў раёне ёсць усё неабходнае для атрымання важкіх гектараў, надояў, прываг, для таго, каб задзейнічаць патэнцыял на поўную моц. Кіраўнік раёна ўручыў граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама перадавікам, а таксама дыпломы пераможцам раённага спаборніцтва.
Пад заслужаныя апладысменты ўзнагароды атрым-лівалі і заняўшыя другое месца ў раённым спаборніцтве. Іх і ўсіх прысутных віншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, які ўручыў працавітым землякам ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райсавета, грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
Пра сёлетнія рэаліі і перспектывы росту гаварыў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Шматко. Кіраўнік райсельгасхарчу ўручыў узнагароды сельгасвытворцам за трэцяе месца ў працоўным спаборніцтве.
Па-суседску добразычліва віншавалі ляхавіцкіх працаў-нікоў госці з Польшчы – дэлегацыі гміны Пухачув і Лэнчненскага павета Люблінскага ваяводства.
Былі і ўзнагароды ад Брэсцкага аграпрамысловага саюза, абкамаў і райкамаў прафсаюза работнікаў АПК, раённага аб’яднання прафсаюзаў, райкама БРСМ.
Адзінаццаты год запар свой прыз уручае на свяце аграрыяў і «Ляхавіцкі веснік». Сёлета ён паехаў у «Начу», дакладней, на малочнатаварную ферму «Цэнтр», дзе загадчыкам Людміла Чарапавіцкая. Можна назваць гэты адрас сямейным, бо калектыў фермы дружны і зладжаны, як добрая сям’я. Дыплом, падарунак і падпіску на «ЛВ» уручыла галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка» Вольга Барадзіна.
У праграме свята быў і традыцыйны конкурс караваяў. Сёлета лепшымі ў ім прызнаны майстры «Белпрампрыбора», другое месца ў каравайшчыкаў «Ляхавіцкага», трэцяе – у «Начы».
На свяце было нямала хвалююча-прыемных момантаў, сярод якіх віншаванні ад самадзейных артыстаў. Бойка і ажыўлена вяло гандаль райпо. З апетытам усе частаваліся разнасоламі, удзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі. А вечарам ляхавічан парадавала сваім выступленнем мінская арт-група «Багач».
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Узнагароду ўручае намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *