Са здароўем на Вы. У Ляхавічах праходзіла прафілактычная акцыя “Папярэдзь хваробу — выберы жыццё!”

Добры настрой – важны складнік прафілактыкі любой хваробы і выдатны сродак для яе лячэння. 14 і 15 лістапада ярка аформлены ўваход у ляхавіцкую паліклініку нібы запрашаў: заходзьце, не пашкадуйце часу, праверце стан свайго здароўя. На працягу двух дзён дэсант абласных медыкаў дыслацыраваўся ў нашым раёне: у Ляхавічах прайшоў чарговы этап абласнога прафілактычнага праекта «Папярэдзь хваробу – выберы жыццё!», накіраванага на прафілактыку і ранняе выяўленне  анкалагічных захворванняў.
Кожны жадаючы мог пракансультавацца  і абследавацца ў спецыялістаў  Брэсцкіх абласных  анкалагічнага і эндакрыналагічнага дыспансераў, абласнога  цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, праверыць індэкс масы цела, памераць артэрыяльны ціск, здаць аналіз крыві. Прыём вялі гінеколаг, мамолаг, оталарынголаг, дэрматавенеролаг, уролаг, хірург, псіхолаг, валеолаг і іншыя ўрачы.

– Дзякуючы сучаснай медыцыне, анкалагічныя хваробы паддаюцца лячэнню, асабліва, калі выяўлены на ранніх стадыях. Да таго ж у нашай краіне высокі ўзровень медыцынскай дапамогі. Асаблівая ўвага медыкаў накіравана на прафілактыку анкалагічных захворванняў невыпадкова: яны займаюць другое месца сярод прычын смяротнасці насельніцтва. Аналагічныя акцыі прайшлі ўжо ў некаторых раёнах Брэстчыны, удзел у іх узялі больш за 3000 чалавек, у 286 выяўлены злаякасныя пухліны рознай лакалізацыі. Яшчэ адзін важны бок праекта – навучыць людзей не баяцца ўрачоў, у тым ліку анколагаў, не адкладваць візіт да медыкаў, спадзеючыся, што сімптомы хваробы знікнуць самі, – адзначыў начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар Міхалоўскі, які прыехаў у Ляхавічы ў першы дзень акцыі.
Сярод жыхароў нашага раёна нямала тых, каго клапоціць стан свайго здароўя. Ляхавічанка Жанна Байрашэўская – адна з іх:
– Вельмі добра, што ёсць такія акцыі. Задаволена сённяшнім візітам у паліклініку. Трапіла на прыём да мамолага, гінеколага, зрабіла ўльтрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы. Атрымала ўрачэбныя рэкамендацыі, якіх абавязкова буду прытрымлівацца.
Чарга да кабінетаў, дзе праводзілі УГД шчытападобнай залозы, была на працягу двух дзён – даследаванне зрабілі 260 чалавек, у 173 выяўлены адхіленні ад нормы.
– У вашай шчытападобнай залозе вузельчыкі невялікіх памераў. Нічога страшнага. З такімі можна спакойна жыць.Увогуле, у 65-70 працэнтаў людзей, старэйшых за 45 гадоў, выяўляюцца вузлы, пераважная большасць іх – дабраякасная. Трэба правярацца раз у год, прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, паўнацэнна харчавацца, прымаць вітаміны, ужываць больш морапрадуктаў, садавіны і агародніны. Не забывайце пра ёдаваную соль, – раіць чарговай пацыентцы загадчык перасоўнай дыягнастычнай лабараторыі Брэсцкага абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Уладзімір Сівуда.
Галоўны ўрач гэтага дыспансера Артур Грыгаровіч дадае:
– Ляхавіцкаму раёну пашанцавала, у райбальніцы працуе вопытны ўрач-эндакрынолаг Вольга Барташэвіч. Яна сама праводзіць ультрагукавое даследаванне. Дзякуючы арганізаванаму ёй дадатковаму скрынінгу, у вашым раёне добрая выяўляльнасць цукровага дыябету, адпаведна, своечасовая пастаноўка дыягназу. Што тычыцца анкалагічных захворванняў, то ў групу рызыкі ўваходзяць пацыенты з атлусценнем, нізкай фізічнай актыўнасцю, курыльшчыкі.
Яшчэ адна шкодная звычка – злоўжыванне алкаголем – прамы шлях да злаякасных новаўтварэнняў гартані. У гэтым упэўнены хірург абласнога анкалагічнага дыспансера Віталій Волкаў. А ўрач-дэрматолаг Аляксандр Кажамячанка заклікае ўсіх быць уважлівым да розных новаўтварэнняў на скуры, пры змяненнях радзімак, папіломаў паспяшацца да ўрача. Кансультацыю дэрматолага атрымалі 142 чалавекі.
Гінеколаг і мамолаг праверылі і пракансультавалі 321 ляхавічанку.
– Шчыра кажучы, крыху страшнавата. Упершыню іду на мамаграфію. Дзякуй арганізатарам за такі праект, – гаворыць Ірына Коктыш.
Да размовы далучаецца Таццяна Максімчык:
– Падчас акцыі па папярэджанні сардэчных захворванняў кансультавалася ў кардыёлага. Сёння прыйшла разам з калегамі, пабывала ў некалькіх урачоў.
Дарэчы, большасць землякоў, якія ўдзельнічалі ў прафілактычным праекце, трапілі сюды арганізавана: прадпрыемствы і арганізацыі раёна атрымалі запрашэнні на абследаванне работнікаў. Менавіта тое, што практычна ўсе ўдзельнікі прафілактычнага праекта – грамадзяне працаздольнага ўзросту, адрознівала ляхавіцкую акцыю ад такой жа ў іншых раёнах Брэстчыны.
– Колькасць хворых, у якіх дыягнастуюцца злаякасныя пухліны, павялічваецца – такая сусветная тэндэнцыя. Таму ўважлівыя адносіны чалавека да сігналаў арганізма і, адпаведна, своечасовы зварот да ўрача – важны крок да выяўлення хваробы, яе лячэння. Беларусь займае першае месца ў свеце па даступнасці медыцыны. У нашай краіне рэалізуецца скрынінгавая праграма – навуковы спосаб выяўлення злаякасных пухлін у пацыентаў без сімптомаў хваробы – па выяўленні рака шыйкі маткі, малочнай залозы, прастаты, каларэктальнага рака. Асаблівасць анкалагічных захворванняў у тым, што на ранніх стадыях хвароба працякае бессімптомна, але менавіта ў гэты перыяд праведзенае своечасова лячэнне з’яўляецца практычна стопрацэнтнай гарантыяй поўнага выздараўлення. Таму такія акцыі, як сённяшняя, актуальныя. Важна прывучыць насельніцтва абследавацца раз у год, нават калі няма ніякіх скаргаў на самаадчуванне, – гаворыць галоўны ўрач Брэсцкага абласнога  анкалагічнага дыспансера Руслан Лук’яноўскі.
Загадчыца паліклінікі Наталля Гарбачова нагадала, што Ляхавіцкі раён уваходзіць у рэспубліканскую праграму па скрынінгу каларэктальнага рака.
Нямала жадаючых было трапіць на прыём да… псіхолага. Псіхолаг абласнога ЦГЭіГЗ Аксана Гурба падкрэслівае, што тэст Люшэра дазваляе ацаніць эмацыянальны стан чалавека, яго нервовай сістэмы, стрэсаўстойлівасць – а гэтыя фактары ўплываюць на з’яўленне злаякасных пухлін.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Алена Ільяшава адзначыла, што абласны  цэнтр гігіены,  эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, які ініцыяваў гэты праект, працуе ў цесным узаемадзеянні з абласнымі медустановамі:
– Нашы агульныя намаганні накіраваны на ўмацаванне здароўя землякоў. Сёлета мы рэалізуем сем праектаў («Папярэдзь хваробу – выберы жыццё!» – адзін з іх) па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў. Падчас іх спецыялісты нашага цэнтра, у прыватнасці псіхолаг і ўрач-валеолаг, таксама праводзяць кансультацыі.
Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч расказвае, што за два дні прафілактычнага праекта стан свайго здароўя праверылі 515 жыхароў раёна. Медыкі правялі 948 кансультацый, падчас якіх выяўлена 78 паталогій. Зроблена 1149 дыягнастычных даследаванняў, у 430 з іх – адхіленні ад нормы. Мамаграфія зроблена 61 жанчыне, яшчэ 10 нашых зямлячак, якія атрымалі накіраванне мамолага, але не паспелі зрабіць даследаванне ў час праекта, такую магчымасць выкарысталі праз дзень на базе Баранавіцкіх медустаноў.
– Важнасць праекта цяжка пераацаніць. Былі выпадкі, калі нават без лабараторных даследаванняў відавочны злаякасныя пухліны рознай лакалізацыі. З 60 абследаваных мужчын паталогія выяўлена ў 11. Таму нашай райбальніцы дадзена даручэнне аб набыцці рэагентаў для вызначэння паталогій прастаты па аналізе крыві. Медагляды будзем праводзіць з выездам на ФАПы, ва ўрачэбныя амбулаторыі, непасрэдна на прадпрыемствы, – гаворыць Георгій Хлябовіч.
Пацыенты з выяўленымі паталогіямі пройдуць дадатковыя абследаванні для ўстанаўлення дакладнага дыягназу, у тым ліку ў медустановах Брэста і Баранавічаў, і атрымаюць адпаведнае лячэнне.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *