У саюзе з друкам. Гэтымі днямі Белсаюздрук адзначае стогадовы юбілей

Ефрасіння Адамчык і Ірына Слімко штодзень сустракаюць землякоў у белсаюздрукаўскім   павільёне № 2 у райцэнтры.

Немагчыма ўявіць вуліцы нашага (ды і не толькі) горада без гандлёвых кропак Белсаюздруку. Мяняюцца іх знешні выгляд, функцыянальнасць, асартымент тавараў, але вось ужо стагоддзе галоўнай на саюздрукаўскіх паліцах застаецца перыёдыка. Напрыклад, нашы землякі могуць набыць тут больш за 240 найменняў перыядычных выданняў. Прыемна, што адным з самых запатрабаваных вось ужо доўгі час застаецца «Ляхавіцкі веснік».

На гадзінніку яшчэ толькі 7.00, а павільёны Белсаюздруку ўжо абслугоўваюць першых пакупнікоў. Землякам зручна па дарозе на працу ці на вучобу набыць розную канцылярскую дробязь, штосьці для лёгкага перакусу ці іншую патрэбную рэч. Графік работы дазваляе забегчы сюды і вечарам, і ў выхадныя, чым землякі карыстаюцца з задавальненнем.
У павільёне №2, што на скрыжаванні вуліц Леніна і Чкалава ў Ляхавічах, гаспадараць Ефрасіння Адамчык і Ірына Слімко. Газеты, часопісы, мастацкая літаратура, каля тысячы найменняў розных спадарожных тавараў ад стрыжняў і алоўкаў да посуду і цацак – ёсць што прапанаваць патэнцыяльным пакупнікам! Фарміраваць багатую прапанову на розныя густы і выпадкі – адзін з важных абавязкаў прадаўцоў. Паспяхова спраўляцца з ім дапамагае ў тым ліку зручная электронная сістэма: у любы час патрэбны тавар можна заказаць не толькі праз камп’ютар, але і са смартфона. Уважлівы падыход да запытаў кліентаў, ветлівасць, добразычлівасць і прафесіяналізм тутэйшых прадаўцоў дазваляюць не толькі выконваць планы па продажах, але і павялічваць колькасць пастаянных кліентаў. Зусім нядаўна павільён поўнасцю аўтаматызаваны, і цяпер ёсць магчымасць у рэжыме рэальнага часу сачыць, колькі і якога тавару засталося, які карыстаецца найбольшым попытам і г.д.
Як расказала арганізатар рознічнага продажу раённага аддзялення Белсаюздруку Алена Сяргейчык, у першым квартале наступнага года плануецца ўкараніць аўтаматызаваную сістэму і ў іншых павільёнах. Іх у горадзе яшчэ два (на вуліцах Леніна і Южакова), а таксама кіёск на Інтэрнацыянальнай і гандлёвы аб’ект у райбальніцы, офіс-склад на плошчы Леніна. Невялікі калектыў – усяго 11 чалавек – забяспечвае выдатныя вытворчыя паказчыкі: па выніках мінулага года ляхавіцкае аддзяленне заняло другое месца на Брэстчыне сярод раённых.
– Стараемся быць, як цяпер кажуць, у трэндзе. Школьныя куткі да навучальнага года, у сезон – тавары для разнастайных нарыхтовак, святочныя сувеніры… Ды што казаць, заходзьце – самі ўбачыце, – запрашае Алена Сяргейчык. Дарэчы, днямі ў яе яшчэ і асабісты юбілей – 35 гадоў у сістэме саюздруку, добрую частку з якіх таксама адпрацавала ў кіёску.
Шчырыя віншаванні Алене Сцяпанаўне і ўсім яе калегам, якія штодзень забяспечваюць нас свежай прэсай і добрым настроем.

Дарэчы, Алена Сяргейчык (на здымку справа) калісьці пачынала працаваць пад мудрым кіраўніцтвам Тамары Нікішовай (на здымку злева), чый саюздрукаўскі стаж большы за 52 гады, 46 з якіх – на пасадзе кіраўніка раённага аддзялення.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

One thought on “У саюзе з друкам. Гэтымі днямі Белсаюздрук адзначае стогадовы юбілей

  • 27/11/2018 в 10:58
    Permalink

    Присоединяюсь к поздравлениям! Хотелось бы выразить огромную благодарность работникам павильона № 2 (перекрёсток Ленина-Чкалова)! С утра до вечера готовы выслушать и предложить необходимый товар. Всегда очень вежливые, доброжелательные!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *