Стратэгічнае партнёрства

Візіт Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Беларусь з’яўляецца новым крокам у выбудоўванні двухбаковых адносін на перспектыву. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка   заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Як паведамлялася, сустрэча лідараў дзвюх краін прайшла 19 лістапада ў Мінску ў Палацы Незалежнасці ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Азербайджан для Беларусі быў і застаецца надзейным стратэгічным партнёрам: «Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовы гэтак жа шчыра і адкрыта садзейнічаць пашырэнню інтарэсаў Азербайджана ў цэнтры Еўропы».
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што за чвэрць стагоддзя з моманту ўстанаўлення дыпадносін дыялог краін набыў стратэгічны характар. «Высокі ўзровень міждзяржаўнага даверу не выпадковы. У яго аснове – даўнія традыцыі дружбы беларускага і азербайджанскага народаў. Гэта дае магчымасць у канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць нават самыя складаныя пытанні», – адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік азербайджанскай дзяржавы прызнаўся, што вельмі рады зноў пабываць у Беларусі. Паводле яго слоў, рэгулярны абмен візітамі на вышэйшым узроўні сведчыць пра блізкія і дружалюбныя сувязі паміж Беларуссю і Азербайджанам. «У Азербайджане, калі гавораць пра Беларусь, успамінаюць нейкія падзеі, звязаныя з нашымі двухбаковымі адносінамі, заўсёды ў грамадстве вельмі пазітыўныя пачуцці. Вельмі важна, што нашы дружалюбныя сувязі таксама пазітыўна ўспрымаюцца грамадствамі нашых краін. Я ведаю, што ў Беларусі вельмі добрае стаўленне да Азербайджана, а ў Азербайджане Беларусь лічаць на самай справе брацкай краінай і адным з самых блізкіх партнёраў не толькі на прасторы былога СССР, але і ў свеце», – падкрэсліў Ільхам Аліеў.
На сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў праведзеныя перагаворы з Ільхамам Аліевым як плённыя, у ходзе якіх пацверджаны стратэгічны характар, адсутнасць праблем у двухбаковых адносінах, а таксама наяўнасць добрай волі і імкнення да супрацоўніцтва.
«Я вельмі цаню даверную і шчырую атмасферу сустрэч з маім калегам. Мы адкрыта і плённа абмяркоўваем усе без выключэння пытанні міжнароднага парадку дня», – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, у ходзе перагавораў асноўная ўвага ўдзялялася паспяховаму гандлёва-эканамічнаму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву. Дасягнуты дамоўленасці, якія паслужаць дадатковым імпульсам для яго нарошчвання.
«Паміж нашымі краінамі няма нявырашаных пытанняў і закрытых тэм для абмеркавання. Беларусь і Азербайджан назаўсёды застануцца надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі. Перакананы, што традыцыйна плённае супрацоўніцтва, узаемная падтрымка будуць і ў далейшым адметнай рысай беларуска-азербайджанскіх адносін», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў па выніках перагавораў у Мінску прынялі сумесную заяву. У дакуменце гаворыцца аб тым, што мае месца пераход на якасна новы ўзровень адносін дружбы і супрацоўніцтва, што адпавядае рэаліям XXI стагоддзя. Кіраўнікі дзяржаў перакананы, што далейшае ўмацаванне дружалюбных адносін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам адпавядае карэнным інтарэсам народаў абедзвюх краін.
У сумеснай заяве адлюстраваны не толькі агульныя падыходы да шэрага знешнепалітычных пытанняў і ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне, але і ўдзелена значная ўвага магістральным напрамкам эканамічнага ўзаемадзеяння як у двухбаковым, так і шматбаковым фарматах.
У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама быў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў канкрэтных сферах.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *