За чыстую ваду

Ачыстка сцёкавых водаў – гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў па пазбаўленні ад забруджванняў, якія ўтрымліваюцца ў гэтых водах, перш, чым адчыніць шыбер на шляху іх выхаду ў вадаёмы. Сцёкі падзяляюцца на бытавыя, вытворчыя, дажджавыя і міксавыя, у выпадку прысутнасці ў «трубе» больш як аднаго з пералічаных кампанентаў. Ляхавіцкія камунальныя ачышчальныя збудаванні, якія яшчэ адносна нядаўна можна было лёгка адшукаць па паху, прымаюць на «аздараўленне» бытавыя і сцёкі шэрагу раённых вытворчасцяў. Сярод такіх – кааппрам, райаграсэрвіс, кансервавы і малочны заводы. Пытанне ў ліку праблемных рэгулярна ўздымаецца на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама.

Дырэктар камунгаса Аляксандр Жук праінфармаваў пра штодзённы маніторынг за якасным складам сцёкавых водаў, якія паступаюць на ачышчальныя збудаванні, і некаторыя яго вынікі. А яны не заўсёды суцяшальныя. Напрыклад, падчас маніторынгу за якасцю сцёкаў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» на каналізацыйныя ачышчальныя збудаванні горада выяўлены наступныя факты. Адбор проб, праведзены 22 кастрычніка, выдаў, што паказчык рН у сцёкавых водах завода не адпавядае нарматыўнаму значэнню, устаноўленаму рашэннем райвыканкама. Па факце рН паказваў павялічаную кіслотнасць узору даследавання, што, мякка кажучы, не здорава.
Асобныя іншыя вынікі, выяўленыя ў рамках маніторынгу сцёкаў малочнага завода, дэманструюць перавышэнне па ўтрыманні ў кантрольных узорах вады хларыдаў. Адно з даследаванняў, якое мела падобны вынік, датуецца 25 кастрычніка. Але не толькі, за што заводу давядзецца разлічвацца з камунгасам па павялічаным тарыфе. Як адзначалася,
31 кастрычніка камунгас і завод заключылі дагавор, дзе распісаны падрабязнасці разлікаў з указаннем павышаючых каэфіцыентаў.
Аднак, ці можа падобны расклад лічыцца выхадам з сітуацыі? Адказ хутчэй адмоўны, у сувязі з чым –  навіна. У хуткім часе запланавана нарада ў райвыканкаме па пытаннях мэтазгоднасці і магчымасці будаўніцтва ў горадзе лакальных – заводскіх –  ачышчальных збудаванняў. Наяўнасць такога аб’екта азначае, што перад тым, як трапіць у гарадскі калектар, прамысловыя сцёкі будуць праходзіць адмысловую папярэднюю ачыстку. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня, да размовы за круглым сталом запрашаецца кіраўніцтва малочнага і кансервавага заводаў, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, камунгаса, іншыя. Падрабязнасці – пастфактум.
А вось што дзеючыя камунальныя ачышчальныя збудаванні чакае карэнная мадэрнізацыя, з’яўляецца ўжо фактам. Праект іх рэканструкцыі ўключаны ў інвестыцыйную праграму Брэсцкай вобласці.
Аднак і ў сваім сённяшнім варыянце камунальны ачышчальны аб’ект з’яўляецца функцыянальным. Як прагучала, што-дзённы кантроль за якасцю сцёкавых водаў на выпуску з ачышчальных збудаванняў паказвае, што яна адпавядае патрабаванням.
За якасць вады, якую мы спажываем, «адказваюць» таксама станцыі абязжалезвання. У нашым раёне іх пяць (у вёсцы Літва, аграгарадках Ліпск, Жарабковічы і Нача, а таксама ў Ляхавічах). З іх толькі начаўская і гарадская, як было заяўлена ў ходзе апаратнай нарады, працуюць у штатным рэжыме, астатнія ў стадыі рэканструкцыі. На Жарабковіцкай, напрыклад, працягваюцца пусканаладачныя работы, вядзецца касметычны рамонт, замены так званай фільтруючай загрузкі патрабуюць станцыі ў Літве і Ліпску. Асобныя з іх могуць быць запушчаны ў работу ўжо да канца каляндарнай восені, іншыя пазней, але абавязкова сёлета.
А тым часам, на наступны год запланавана будаўніцтва новых станцый абязжалезвання. «Вырасці» яны павінны ў Падлессі і Коньках. Грошы пад будаўніцтва выдаткоўвае абласны бюджэт. Па папярэдняй ацэнцы, каштаваць кожная са станцый будзе 350 тысяч рублёў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *