Папярэдзіць!

Некантралюемае гарэнне, якое знішчае ці пашкоджвае матэрыяльныя каштоўнасці, стварае небяспеку для жыцця, ёсць пажар. Аналіз сведчыць: у большасці выпадкаў гэту з’яву можна было папярэдзіць.
Сёлета на тэрыторыі раёна адбылося 29 вогненных здарэнняў (на 5 больш, чым за гэты час летась). Іх прычыны розныя, пераважна гэта парушэнне правіл бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраўстановак, а таксама неасцярожнае абыходжанне з агнём.
На вуліцы падмарозіла, гэта значыць, што прыспеў час асаблівай увагі да забеспячэння пажарнай бяспекі пры выкарыстанні электра- і ацяпляльных прыбораў. Аматарам цыгарэты таксама трэба быць вельмі ўважлівымі пры курэнні: не кожны захоча выходзіць падыміць на халодную вуліцу. Патэнцыяльнай небяспекай з’яўляецца і выкарыстанне воданагравальных катлоў – гэта ў тым выпадку, калі яны не правераны на спраўнасць.
Інспекцыя нагляду і прафілактыкі РАНС сумесна з прадстаўнікамі райсельгасхарчу з 21 па 23 лістапада праводзілі пажарна-прафілактычныя рэйдавыя мерапрыемствы па суб’ектах гаспадарання аграпрамысловага комплексу. У зону ўвагі трапілі ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Жарабковічы», ДП «Нача», КСУП «Востраў-Агра». І вось што выявілі.
Устаноўлены факты эксплуатацыі кацельняў у райаграсэрвісе, «Востраве-Агра» і «Шляху новым» без сродкаў пярвічнага пажаратушэння. Прынятыя восенню на работу службовыя асобы ААТ «Шлях новы» дапушчаны да выканання абавязкаў, але не прайшлі навучання па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. А гэта значыць, што ў іх адсутнічаюць веды і навыкі, якія неабходны для арганізацыі забеспячэння пажарнай бяспекі на прадпрыемстве. Гэта ж датычыць і асоб, якія эксплуатуюць цеплагенеруючыя прыборы ў ААТ «Жарабковічы». Паўсюдна на тэрыторыі і ў будынках гэтых чатырох сельгаспрадпрыемстваў раскіданы недакуркі і пачкі з-пад цыгарэт, што сведчыць пра курэнне па-за спецыяльна адведзеных месцаў. А між тым на аб’ектах менавіта ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы» сёлета адбыліся тры пажары, у КСУП «Востраў-Агра» два гады назад меў месца факт вогненнага здарэння, у якім загінуў чалавек.
З мэтай ухілення парушэнняў, выяўленых падчас рэйду, у адрас КСУП «Востраў-Агра» і райаграсэрвісу накіраваны прадпісанні. У адносінах кіраўніка і службовых асоб ААТ «Шлях новы» пачаты адміністрацыйны працэс.
Сяргей ГАТОЎЧЫЦ,  в. а. начальніка РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *