Сэрцам відушчы

Сэнс выразу «моцныя духам людзі» зразумела, калі пазнаёмілася з Паўлам Курловічам з Альхоўцаў.   Ён сустракае на парозе дома, запрашае зайсці і падае для прывітання руку: гаворыць, што так «счытвае» інфармацыю пра чалавека. Гэты высокі статны мужчына бачыць … рукамі і сэрцам. Па яго паводзінах і рухах не зразумееш, што ён невідушчы. Так жыве ўжо 23 гады і вельмі не любіць успамінаць падзеі, якія раздзялілі жыццё на «да» і «пасля».

Гісторыя сям’і Паўла і Таццяны Курловічаў пачалася 34 гады назад, калі дыпламаваны выпускнік Ляхавіцкага тэхнікума прыехаў працаваць па размеркаванні ў саўгас «Альхоўскі» і пасяліўся на кватэры, як аказалася, у будучай цешчы. У шлюбе з жонкай Таццянай нарадзілася трое дзяцей: Вераніка, Аляксандр і Надзея. Жылі ў ладзе і згодзе ў доме, які спецыялістам выдзеліла гас-падарка. Павел працаваў загадчыкам Альхоўскай фермы, Таццяна ветэрынарам.
Калі прыйшла бяда, старэйшай дачцэ Вераніцы было толькі 10 гадоў. Сям’ю падтрымлівалі і дапамагалі справіцца з цяжкасцямі сябры і суседзі. Яны і вя- лікую гаспадарку даглядалі, калі Таццяна заставалася з мужам у бальніцы. Доўгае лячэнне, шматлікія аперацыі не прынеслі жаданага выніку – для Паўла Канстанцінавіча свет пагас.
– Расклеіцца, апусціць рукі не мог, не меў права – трэба было гадаваць траіх дзяцей. Балюча і горка было, падаў, падымаўся, усе рукі пазбіваў, – успамінае Павел Канстанцінавіч.
На імгненне заплюшчваю вочы і ўяўляю, як гэта апынуцца ў цемры. Прызнаюся: страшна…
– Я ўсё б, здаецца, парабіў і многае раблю, толькі не ўсё, на жаль, атрымліваецца, – уздыхае Павел Канстанцінавіч.
Таццяна Барысаўна далікатна перабівае мужа:
– Бачылі б вы, як ён рамантуе помпу ці сячэ дровы. У Пашы залатыя рукі. Нешта прыдумае, складзе план і пачынае рабіць.
Назірала, як Павел Канстанцінавіч спрытна абірае бульбу, – не кожная гаспадыня можа пахваліцца такім уменнем. А ён робіць гэта яшчэ і хутка.
У вольны час разам з жонкай «чытае» раёнку. Таццяна Барысаўна агучвае мясцовыя навіны, а Павел Канстанцінавіч каменціруе іх. Асабліва затрымліваецца на сельскагаспадарчых – сказваецца прафесійны інтарэс.
Раніца Паўла Канстан-цінавіча пачынаецца, як ва ўсіх, з чаю ці кавы. А далей у залежнасці ад сезона: агародна-садовыя, рамонтныя работы, дапамагае жонцы, сыну ў сельскагаспадарчых клопатах. У таго ва ўладанні тры гектары зямлі і тэхніка для апрацоўкі. Яе спраўнасць, дарэчы, Павел Курловіч вызначае па гуку, трэба – дапаможа і ў рамонце. Змайстраваў унукам арэлі, турнікі і лесвічку, летам дзятве раздолле. З чым сам не можа справіцца, заўсёды ёсць каму дапамагчы. Прыдумаў цікавае прыстасаванне для брамкі: закрываецца, бы на магніце. Мяркуе ў хуткім часе перарабіць парнік, а летам добраўпарадкаваць двор. Нашу размову з гаспадаром дома перапыняюць тэлефонныя званкі: аказваецца, у яго сёння дзень нараджэння. Павіншаваць бацьку прыедуць дзеці і ўнукі.
Ніколі не вешаць нос і не адчайвацца – правіла жыцця Паўла Курловіча. З гадамі навучыўся цяжкасці ўспрымаць з гумарам. Яшчэ ён любіць складаць невялікія вершы пра сяброў і суседзяў. А галоўная ягоная запаведзь – у любой сітуацыі заставацца чалавекам.
Вярталася ад Курловічаў з прыемным адчуваннем, што знаёмая з імі вельмі даўно: настолькі гэта добрыя і шчырыя людзі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.