Цеплыня МАРОЗная

Ранкам выходзіла на работу і аж страпянулася: аконнае шкло на летняй верандзе ў такіх шыкоўных вензелях! А гэта значыць, што зіма засведчыла сваю сапраўднасць адным з непаўторных аўтографаў, якія цяпер будзе шчодра раздаваць паўсюдна і ўсім. Успомнілася неверагодна далёкае дзяцінства, акно ў чарадзейных узорах, «прадыханы» на ім празрысты кружочак, праз які можна было падглядаць за вуліцай і спадзявацца, што не прапусціш з’яўленне Дзеда Мароза… Тая каардыяграма чакання застаецца запісанай у памяці на ўсё жыццё. Не верыце? А прыслухайцеся да сябе, уявіце, як гэта было, і… сэрца пакацілася ў далёкую радасць, зачасціла ад прадчування цуда, веры ў яго і ад шчырага захаплення, што гэта неверагоднасць адбываецца тут і са мной. Толькі дзеці так чыста і непахісна вераць у чарадзейства. Толькі дзеці ўпотай ласуюцца ледзяшом і абсалютна перакананы, што ён смачны і салодкі, бы марожанае. Толькі дзеці пішуць замілавальныя лісты Дзеду Марозу і не сумняваюцца: калі будуць сябе добра паводзіць, то гэты ўсемагутны дзядуля спраўдзіць любую просьбу, любое жаданне.
Дык вось, размаляванае акно напомніла і пра надзвычай прыемную акалічнасць – хутка Новы год, і пра ўсё, што з гэтага вынікае: завяршаем сёлетнія справы, разлічваемся з даўгамі, робім генеральную ўборку дома, на рабоце і ў думках. І, канешне, рыхтуем падарункі для родных, блізкіх, сяброў, а яшчэ – для дзяцей. І не толькі сваіх. Слоган «Нашы дзеці» жыццядзейны круглы год, але асаблівы напал і змест атрымлівае менавіта ў снежаньска-студзеньскім дабрачынным марафоне, – дарэчы, ягоным цёзцы. Вось-вось паўсюдна з’явяцца «карпункты» Дзеда Мароза – ёлачкі, упрыгожаныя паштоўкамі, папяровымі далонькамі, сардэчкамі, зорачкамі, на якіх запісаны навагоднія мары хлопчыкаў і дзяўчынак; скрыні ў бліскучых сняжынках і мішуры, куды можна і трэба пакласці падарунак дзяўчынцы Машы ці Глашы, хлопчыку Пашу і Аркашу… Без сумнення, дзеткі вельмі-прывельмі чакаюць. Магчыма, гэта іх мара. А як цудоўна, калі мары збываюцца.
Літаральна ўсе рабяткі запраграмаваны на радасць і шчасце, на тое, каб быць жаданымі і любімымі, расці ў бацькоўскіх пяшчоце і клопатах, мець цацкі і гульні (без фанатызму!), зрэшты, у што ўбрацца, чым паласавацца. На жаль, так бывае не заўсёды. І хаця радасць і шчасце нельга атаясамляць выключна з іх матэрыяльным увасабленнем і праяўленнем, усё ж… Галоўнае чараўніцтва дарослых ў гэтым перадсвяточным марафоне заключаецца ў тым, каб усе хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі свята, навагодняе захапленне, а яшчэ сваю любімасць. І ў даным выпадку ўсе цёці-дзядзі прымераць зусім не маскарадную ролю Дзеда Мароза ці Снягуркі – проста дабрачынную, душою сталую, сэрцам шчодрую, памкненнем прыгожую і безальтэрнатыўна абавязковую.
Чалавек пазнае свет з першага свайго імгнення. Чалавек вучыцца дабрыні з першага свайго імгнення. Чалавек асвойвае навуку быць чалавекам з першага свайго імгнення. Няхай жа ўсе гэтыя імгненні працуюць без збояў і толькі на самае лепшае. Няхай жа не будзе плямаў на маршруце дзяцінства, які абавязаны быць светлым і прамяністым і які такім павінны зрабіць-стварыць дарослыя.
…Прыглядзела сумачку для маленькай модніцы. І аранжавы вожык з магазіннай паліцы неяк вельмі выразна паглядае бусінкамі вачэй. А шакаладкі спакушаюць, просяцца ў бабамарозаўскі пакет. Рэдакцыйная скрыня ўмесціць шмат падарункаў – «веснікаўцы» мала не прыгатуюць! Мы ўжо дакладна ведаем адрасы, дзе пабываем у ролі навагодніх чараўнікоў, зможам усім сэрцам датыкнуцца да непаўторнага дзіцячага свету і даставіць хвіліны радасці нашым юным землякам. А вы?
…Сёння пачалася зіма.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота з сайта https://mota.ru