Сувязь з сувяззю

Успомніце, не так даўно па многіх адрасах райцэнтра працавалі супрацоўнікі Ляхавіцкага вузла электрасувязі: валаконна-аптычныя лініі «ўпляталіся» ў кватэры землякоў. На асабістым рахунку электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў Віталія Баркоўскага звыш сотні падключаных да аптычнай сеткі абанентаў. Дарэчы, на мінулым тыдні да ліку «аптычных» далучыліся і жыхары Тухавіч.
«Сувязная» практыка Віталія Анатольевіча дасягнула амаль 25 гадоў. Яшчэ студэнтам вышэйшага каледжа сувязі прыязджаў сюды на стажыроўку, а потым вырашыў застацца тут працаваць. Такім моцным і надзейным вузлом электрасувязі звязаў сваё жыццё з першым працоўным месцам, дарэчы, адзіным у яго працоўнай біяграфіі.
Ён перакананы: сувязь павінна быць якаснай і бесперапыннай. Дзеля гэтага і на гэта працуе поруч з белтэлекамаўскімі калегамі. У рабоце галоўным лічыць вынік, які дасягаецца проста: не спыняцца, удасканальвацца, вучыцца і ні ў якім разе не сядзець на месцы. Немудрагелістая формула поспеху праверана практыкай.
Дарэчы, партрэт Віталія Баркоўскага ўпрыгожвае Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара