Біятлонныя «агледзіны»

Балельшчыкі дачакаліся! Этапам у славенскай Паклюке стартаваў Кубак свету па біятлоне 2018-2019 гадоў. Нам ёсць за каго балець: спадзяёмся на перамогі абноўленай зборнай Беларусі па біятлоне. І, хто ведае, можа праз колькі гадоў у нацыянальнай камандзе знойдзецца месца і нашым юным землякам.

Менавіта такіх таленавітых, перспектыўных, тых, хто здольны дабіцца рэальных спартыўных поспехаў, выяўляюць спецыялісты Беларускай федэрацыі біятлона па інавацыйнай праграме для далейшай падрыхтоўкі ў спецыяльных спартыўных установах рэспубліканскага ўзроўню.
Напрыканцы лістапада такія «агледзіны» прайшлі ў Ляхавіцкай СДЮШАР. Да гэтага ў Брэст былі адпраўлены папярэднія заяўкі з данымі кандыдатаў на адбор з усіх навучальных устаноў нашага раёна. Першы завочны этап і допуск у наступны па выніках спецыяльных тэставых заданняў прайшлі 14 хлопчыкаў і дзяўчынак 5-7 класаў СШ № 1 і № 2, гімназіі, Крывошынскай, Навасёлкаўскай, Начаўскай, Жарабковіцкай, Тухавіцкай, Востраўскай, Конькаўскай школ. А ў мінулую сераду кандыдатаў тэсціравалі сталічныя спецыялісты. Дзякуючы мабільнаму комплексу, аснашчанаму дыягнастычным і лабараторным абсталяваннем, можна вызначыць, ці ёсць у падлетка здольнасці да біятлона, а таксама прааналізаваць такія важныя паказчыкі, як максімальнае спажыванне кіслароду, узровень газа- абмену, функцыі знешняга дыхання.
На працягу лістапада-снежня такія адборы праходзяць ва ўсіх раёнах Брэстчыны. Кандыдаты з лепшымі паказчыкамі будуць дапушчаны да наступнага ўзроўню тэсціравання.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота з сайта аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама