«Застаёмся ў прафесіі». На мінулым тыдні ў Гродне маладыя журналісты гаварылі пра сёння і заўтра інтэрнэт-журналістыкі

– Прывітанне.
А вы ў нас хто?
– «Ляхавіцкі веснік», «Лунінецкія навіны», «Янаўскі край»… А калі абагульніць – СМІ Брэстчыны.
Вось так адзін за адным называлі сябе ўдзельнікі VI форуму маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. Інтэрнэт-журналістыка сёння і заўтра», – больш за сотню пачынаючых аўтараў з рэспубліканскіх, абласных, раённых перыядычных выданняў, радыё і тэлебачання. Журналісцкі фэст 29-30 лістапада прымаў непаўторны Гродна, больш дакладней Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, які стаў асноўнай пляцоўкай для абмеркавання тэм, надзённых праблем інтэрнэт-журналістыкі і не толькі.

Журналістыка, калі гаварыць вобразна, – гэта людзі. Нераўнадушныя, яркія, таленавітыя. Тут, у Гродна, колькі знаёмых-аднакурснікаў, калег-сяброў, колькі тэм для размоў, і цяпер ужо не па экзаменах і заліках, а па самых што ні ёсць «дарослых» працоўных момантах. Тыраж, падпіска, рубрыкі, кантэнт інтэрнэт-рэсурсаў, сацыяльныя сеткі… – маладых журналістаў хвалюе літаральна ўсё.
Тон размовы задаў сваім выступленнем першы на-меснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі. Ён падкрэсліў, што інтэрнэт-журналістыка – не проста «закід» інфармацыі карыстальніку, яшчэ і зваротная сувязь, якая асабліва важная і неабходная для інтэрнэт-рэсурсу. Пры гэтым важная акалічнасць: вядзенне дыялогу на форумах павінна адпавядаць паняццю «культура дыялогу». Адназначна, новаўвядзенне ў закон аб СМІ станоўча паўплывае на гэта.
Па-сапраўднаму горача было ў групавых майстар-класах. На тэму, як пабудаваць свой асабісты брэнд у сацсетках, і спрачаліся, і згаджаліся з вядомым блогерам, кіраўніком агенцтва «PRview» Дзянісам Блішчом ,
і цікавіліся ў яго піяр-кухняй.
Шмат карыснага і патрэбнага, асабліва што датычыць эфектыўнага прасоўвання кантэнту СМІ ў сацыяльных сетках, даведаліся ад заснавальніка і дырэктара кампаніі Web&Market Сяргея Кузьмянко.
У «ЛВ» ёсць не толькі свае групы ў сацыяльных сетках, але і свой канал на ютубе. На семінары тэхналогію прасоўвання каналаў рэгіянальных газет абмяркоўвалі і мадэлявалі з дырэктарам па маркетынгу групы кампаній Media Cube, дарэчы, партнёра YouYube ў Беларусі, Яўгеніем Салановічам.
Радаваліся журналісты за сваіх калег-лаўрэатаў прэміі «Дэбют» Беларускага саюза журналістаў: 13 таленавітых шчасліўчыкаў-пераможцаў павіншаваў намеснік старшыні БСЖ Сяргей Сверкуноў.
Напярэдадні форуму БСЖ праводзіў анкетаванне маладых журналістаў. Нягледзячы на многія праб-лемныя моманты, на пытанне, ці збіраецеся пакінуць прафесію, амаль усе адказалі: мы застаёмся ў прафесіі. Магчыма, справа ў тым, што выбірае журналістыка, а не яе …
Гродна падарыў удзельнікам форуму безліч эмоцый і ўражанняў. Па-першае, немагчыма не быць у захапленні ад гарадской архітэктуры, гэтых вузкіх вулачак. Па-другое, гістарычная вартасць галоўных славутасцей гэтага абласнога цэнтра неверагодная: у Новым замку адбыўся знакаміты «нямы» сойм, побач – Стары замак, што быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх…
Пазнаёміліся мы і з маладзёжным цэнтрам – свое-асаблівым культурным трансформерам (тут і кінатэатр, і начны клуб, шматлікія аб’яднанні па інтарэсах), які вырас дзякуючы праекту БРСМ «100 ідэй для Беларусі».
Не менш уразіла і экскурсія па спартыўным комплексе «Пышкі». Разам са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем удзельнікі форуму паглядзелі, у якіх умовах (дарэчы, класных) праходзяць трэніроўкі ў гродзенскіх хакеістаў і футбалістаў. Убачылі, уразіліся і, натхнёныя, раз’ехаліся па дамах, каб расказаць і пра форум, і пра Гродна.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.