Заяўка на парад крэатыву. У Ляхавічах аб’яўлены традыцыйны конкурс на лепшы святочны дызайн

Выкарыстана ілюстрацыя

Пад знакам Года малой радзімы, якім аб’яўлены 2018-ты, пройдуць і 2019, і 2020 гады. Паўсюдна арганізуюцца карысныя справы, добраўпарадкуюцца вуліцы і двары, гарады і вёскі, праводзяцца конкурсы і сустрэчы. Вялікая ўвага надаецца вывучэнню гісторыі роднага краю, захаванню культурна-гістарычнай спадчыны. Надзвычай важна далучыць да ўсяго гэтага, у тым ліку – уласным прыкладам, падрастаючае пакаленне.
Набліжаюцца калядныя і навагоднія дні. Хочацца, каб свята зазіхацела ў кожным населеным пункце нашага раёна. Гэта не проста прыгожа, гэта яшчэ і выдатны ўрок гаспадарлівасці і любві да сваёй зямлі для нашых дзяцей.
Упрыгожыць свой дом, двор, пад’езд, месца працы па сілах любому, і нават невялікі ўклад у агульную справу – важкі.
Святочны марафон пачалі камунальнікі – яркая стыльная ілюмінацыя стварае настрой ужо з раніцы, зараджае пазітыўнымі эмоцыямі. Няхай іх будзе больш!
Райвыканкам запрашае жыхароў горада і раёна, арганізацыі і прадпрыемствы, індывідуальных прадпрымальнікаў актыўна і творча праявіць свае дызайнерскія здольнасці – з 20 снежня па 1 студзеня паўдзельнічаць у аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылягаючых да іх тэрыторый. Для гэтага неабходна, па-першае, праявіць творчасць, па-другое, падаць заяўку ў свабоднай форме ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (пл. Леніна, 3, каб. 401, тэл. 2-13-06, электронны адрас lyahovideolog@brest.by).
Пры падвядзенні вынікаў камісія будзе ўлічваць створаны агульны мастацкі вобраз і арыгінальнасць ідэі. Вельмі хацелася б, каб райцэнтр, аграгарадкі і вёскі выглядалі ярка, святочна не толькі пры ўключанай ілюмінацыі.
Камісія будзе ацэньваць конкурсныя работы з 20 снежня і да 6 студзеня вызначыць самых крэатыўных і творчых, якія атрымаюць дыпломы і падарункі.
Святлана ЮРЛЕВІЧ,
намеснік старшыні  райвыканкама.