Вопратка для вінаграду і прычоска «султана»

Дырэктар ЛДАКа Алена Абарава

Напачатку кастрычніка Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж трымаў сур’ёзны экзамен – пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці. Выпрабаванне прайшлі паспяхова: камісія высока ацаніла арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўстанове, узровень падрыхтоўкі спецыялістаў, зладжаную працу калектыву па выкананні задач і мэт навучання. Тут моцны выкладчыцкі калектыў, у складзе якога два кандыдаты сельскагаспадарчых навук – дырэктар Алена Абарава мае вучонае званне дацэнта, і загадчыца агранамічнага аддзялення Яўгенія Рытвінская. Сярод выкладчыкаў бакалаўр педагагічных навук Сяргей Багдановіч, магістры Наталля Вярбіла і Вольга Сакун. І тут сучасная матэрыяльна-тэхнічная база.

Каледжскія даследаванні
Будучыя ветфельчары, заатэхнікі, аграномы, плодаагароднікі да асноўнай спецыяльнасці атрымліваюць дадатковую, набываюць і адточваюць прафесійныя веды, практычныя ўменні, разам з выкладчыкамі займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. Яе вынікі штогод падводзяць на навукова-практычнай канферэнцыі «Паспяховы той, хто стварае». Тэмы даследаванняў актуальныя, не абмяжоўваюцца сельскагаспадарчымі. Напрыклад, «Выбары – гісторыя і сучаснасць», «Аналіз дарожна-транспартных здарэнняў у г. Ляхавічы і Ляхавіцкім раёне», «Паходжанне назваў населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна» і іншыя.
І ўсё ж аграрны накірунак – самы блізкі і папулярны. Можна доўга спрачацца, ці ўплывае перадпасадачная падрыхтоўка чаранкоў вінаграду на стымуляванне коранеўтварэння, але доказы, як кажуць, на руках. Выкладчык Таццяна Прыхач з навучэнцамі Андрэем Мінчуком, Міхаілам Малежам на працягу двух гадоў даследавала, якія спосабы чаранкавання найбольш эфектыўныя. Саджанцы з двума-трыма вочкамі з аднагадовых лозаў сартоў «альфа», «крыстал», «б’янка», «вільдэр» змяшчалі ў ваду з актываваным вугалем, укаранялі ў моху, парафінавалі і апрацоўвалі стымулятарам утварэння каранёў і, для кантролю, проста паставілі ў ваду.
– Самым прадукцыйным аказаўся спосаб, калі для змяншэння выпарэння чаранок пакрывалі тонкім слоем парафіну. Адкуль такі інтарэс да вінаграду? У Беларусі гэтай культурай занята каля паўсотні гектараў. У перспектыве, згодна дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу, плошча пад прамысловую закладку вінаграднікаў будзе павялічвацца. І ўзнікне патрэба ў пасадачным матэрыяле, – ад-значае Таццяна Прыхач. Дарэчы, пра ягаду гэту і яе «характар» Таццяна Раманаўна ведае не з тэорыі – вінаградарства даўно стала і справай сямейнай.

Сумесна з Акадэміяй навук
Сёлета на XI рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых і канструктарскіх работ навучэнцаў і выкладчыкаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што праходзіла ў Брэсце, дыпломы атрымалі і чатыры Лдакаўскія работы. Каледжскія даследаванні вызначаюцца грунтоўнасцю і актуальнасцю, іх вынікі не пыляцца на паліцах, а знаходзяць прымяненне: навуковыя напрацоўкі і рэкамендацыі бяруцца на ўзбраенне ў сельгаспрадпрыемствах не толькі нашага раёна. Слова выкладчыкаў ЛДАКа важкае і аўтарытэтнае.
На доследных палях вучэбнай гаспадаркі летам роўнымі радкамі красуюцца пасадкі гароху, азімых ячменю, пшаніцы і г.д. Другі год каляджане вывучаюць «паводзіны» чумізы і грачыхі ў мясцовых умовах. У разлік бяруцца спосабы і тэрміны высеву культур, дозы ўнясення азотных удабрэнняў. Даследаванні праводзяцца сумесна з Інстытутам лёну Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і будуць доўжыцца да 2020 года. Суквецці чумізы, дарэчы, называюць «султан» – пэўна, за іх пышную «прычоску».
У цэнтры ўвагі ЛДАКа і кармавыя расліны, ураджай якіх не залежыць ад колькасці ападкаў.
– Разглядалі і вывучалі амарант, але знаёмства з ім не натхніла – вельмі дробнае насенне расліны выклікае цяжкасці пры сяўбе. З-за гэтага пакуль не адпрацавана тэхналогія яго вырошчвання. Спадзяванні на сільфінію – яе ўраджайнасць дасягае 1000 цэнтнераў і больш зялёнай масы з гектара, – уводзіць у курс справы загадчыца агранамічнага аддзялення Яўгенія Рытвінская.
З 2012 года вядзецца экалагічнае сортавыпрабаванне зерневых і кармавых культур ва ўмовах мясцовага клімату. Не проста дзеля рэкамендацый сельгаспрадпрыемствам па сяўбе тых аграрных культур, якія дадуць стабільны ўраджай незалежна ад кліматычных умоў. Вырошчванне сельскагаспадарчых культур без сінтэтычных удабрэнняў і пестыцыдаў – арганічная сельская гаспадарка, адзін з наватарскіх напрамкаў, вельмі папулярны апошнім часам. Зацікаўлены ім і агракаляджане – вывучаюць спецкурс «Арганічнае земляробства», тутэйшыя педагогі падрыхтавалі і вучэбны дапаможнік.
Дырэктар ЛДАКа Алена Абарава запрошана на міжнародную канферэнцыю па тэме «Арганічная сельская гаспадарка Беларусі і мэты ўстойлівага развіцця», якая ў сярэдзіне снежня пройдзе ў сталіцы.
– Днямі ў краіне прыняты закон аб арганічнай сельскай гаспадарцы. Прыемна, што мы аказаліся падрыхтаванымі да яго, і навучанне будучых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу з’яўляецца ў нашай установе своечасовым і актуальным, – адзначае Алена Эдуардаўна. Яна, дарэчы, натхняльнік гэтай тэмы ў каледжы і адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка «Арганічнае земляробства», неаднойчы выступала на разнайстайных канферэнцыях і семінарах, мае шэраг артыкулаў у навуковых выданнях.
Ведаюць у ЛДАКу і шляхі павышэння ўраджайнасці яравога ячменю, у тым ліку з дапамогай мікробнага прэпарата «аграмік».
Зімастойкасць сартоў трыцікале звязана з утрыманнем цукру ў вузле кушчэння і ўмовамі зімоўкі. Агракаляджане задаліся пытаннем, як іх палепшыць і захаваць комплекс карысных рэчываў. Доследы ў вучэбна-палявым севазвароце сартоў «імпульс» і «праметэй» паказалі, што насенне, апрацаванае фітарэгулятарамі, больш кусцістае і высокае, утрымлівае дастатковую колькасць монацукраў. Даследаванні праходзілі пад кіраўніцтвам рэктара БарДУ Васілія Качуркі, дырэктара ЛДАКа Алены Абаравай і загадчыцы агранамічнага аддзялення Яўгеніі Рытвінскай.

Тэорыя на аснове практыкі
Выкладчыкі ЛДАКа з’яўляюцца аўтарамі падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў і практыкумаў, якія выдаюцца пад грыфам рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Вось і сёлета іх скарбонка папоўнілася яшчэ трыма выданнямі. «Прыватная заатэхнія» – так называецца вучэбны дапаможнік, практыкум для навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў па заатэхніі, складзены педагогам Аленай Казакевіч. У сааўтарстве загадчыцы агранамічнага аддзялення Яўгеніі Рытвінскай і кіраўніка практыкі Галіны Пянткоўскай выйшлі дапаможнікі «Агранамія. Тэхналагічная практыка. Дзённік-справаздача» і «Агранамія. Пераддыпломная практыка. Дзённік-справаздача». Гэту вучэбную літаратуру выкарыстоўваюць і калегі з іншых навучальных устаноў.
Зараз у ЛДАКу ідзе рэарганізацыя – у хуткім часе зменіцца плошча вучэбнай гаспадаркі. Ферма і іншыя аб’екты адыдуць ДП «Нача».
– Змяншэнне ўгоддзяў ніяк не адаб’ецца на ўзроўні навучання. Практыкаарыентаванасць, сувязь з сельгасвытворчасцю, канешне, застануцца. Будзем працягваць даследаванні, выпрабоўваць, вырошчваць новыя культуры, вучыць юнакоў і дзяўчат быць гаспадарамі на зямлі, укараняць перадавое ў адукацыйны працэс, у практыку. У перспектыве хочам адкрыць яшчэ адну рабочую прафесію – пчаляр, – дзеліцца планамі дырэктар ЛДАКа Алена Абарава.
Сувязь тэорыі з практыкай, навуковыя даследаван- ні ў аграрным каледжы – неад’емны элемент навучання.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і з архіва ЛДАКа.