Крымінал. Здарэнні Ляхавіцкага раёна

Без слоў
На мінулым тыдні жыхар Баранавічаў звярнуўся ў Ляхавіцкі РАУС з заявай. З кватэры яго дома ў райцэнтры па вул. Цітовіча ў перыяд з сярэдзіны жніўня па 4 снежня выкрадзены дрыль, электрычны лобзік, балгарка, DVD-плэер, медны кабель даўжынёй 30 метраў і іншая маёмасць. Матэрыяльная страта склала 345 рублёў.
РАСК узбудзіў крымінальную справу.
Гульні па-за законам
Ляхавічанін 1991 г.н. яшчэ напрыканцы жніўня прыгледзеў сабе ў інтэрнэце гульнёвую прыстаўку «Sony». У вайберы перапісваўся з прадаўцом і пералічыў на яго карт-рахунак са сваёй пластыкавай плацежнай карткі 518 рублёў. Да гэтага часу ні грошай, ні прыстаўкі не атрымаў і вымушаны быў звярнуцца ў міліцыю. 5 снежня раённы аддзел Следчага камітэта па заяве ляхавічаніна ў адносінах неўстаноўленай асобы ўзбудзіў крымінальную справу па ч. 1 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (махлярства).

Ногі выраслі      

Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку раскрылі чарговы крадзёж. 7 снежня жыхар Баранавічаў агледзеў у Ляхавічах, што з яго аўтамабіля  знік мабільны тэлефон “Самсунг” коштам 500 рублёў.  Праваахоўнікі  ўстанавілі, што на чужую рэч паквапіўся не працуючы, раней судзімы  баранавічанін 1988 г.н. Ён затрыманы за раней учыненае злачынства і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары ў Баранавічах.

На мінулым тыдні  раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў  крымінальную справу па заяве жыхара Баранавічаў: з дома ў Бажках выкрадзены перфаратар, электрапіла, электралобзік, набор інструментаў  і шрубавёрт на агульную суму 750 рублёў.

А ў ляхавічаніна вечарам 2 снежня з вокладкі дакументаў  з курткі выкрадзены 100 долараў ЗША. Аматар на чужыя грошы знойдзены. Ім аказаўся  жыхар вёскі Куршынавічы 1987 г.н. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 205 Крымінальнага Кодэкса.

Са зводкамі РАУС знаёмілася Наталля ПЕРАПЕЧКА