Пяшчотная сіла. У Ляхавічах прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСЖ Валянціна Пух наведалі выставу творчых работ.

Неабыякавыя, ініцыятыўныя, актыўныя – такія нашы жанчыны. Ім усё часцей давяраюць пасады кіраўнікоў, і, наогул, вельмі мала прафесій, дзе б яны не сказалі сваё важкае слова. Пра ролю жанчыны ў сучасным грамадстве, пра тое, чым жыве сёння і якія планы на перспектыву мае раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, ішла размова ў мінулы чацвер на справаздачна-выбарнай канферэнцыі. У яе рабоце прыняла ўдзел старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСЖ Валянціна Пух.

Мы гэта зрабілі

Абараняць правы і павышаць статус жанчыны, не дапускаць насілля і дыскрымінацыі, умацоўваць аўтарытэт сям’і, адраджаць і прымнажаць культурныя, духоўныя традыцыі, рабіць свет лепшым – місія Беларускага саюза жанчын. Пра гэта гаварыла старшыня праўлення раённай арганізацыі Наталля Мацкевіч. Ляхавіцкая аб’ядноўвае ў сваіх радах 608 зямлячак, якія актыўныя ў прафесійным і грамадскім жыцці. Разам зроблена нямала. Пяць ляхавічанак, членаў саюза жанчын, абраны дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў, яшчэ 58 працавалі ў выбарчых камісіях па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.
Але галоўная місія жанчыны – мацярынская. Таму клопат пра сям’ю, дзяцей – галоўны і для раённага жансавета, і для пярвічак арганізацыі. Асабліва – пра сем’і мнагадзетныя.
Традыцыйнай стала ініцыянаваная праўленнем арганізацыі штогадовая акцыя «Ні аднаго  кінутага дзіцяці», падчас якой сумесна з пярвічкамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, ТЦСАН, райбальніцы праводзіцца асвет-ніцкая работа з мамамі прыёмных сем’яў, жанчынамі, якія сталі ахвярамі дамашняга насілля. Ім аказваецца кансультатыўная, прававая, сацыяльная, псіхала-гічная дапамога.
Без зямлячак не абыходзяцца акцыі «Нашы дзеці», «Збяром партфель разам».
Шмат цікавага адбываецца ў Тыдзень маці. Сёлета, напрыклад, разам з мамамі з замяшчальных сем’яў правялі сустрэчу ў былой сядзібе Бохвіцаў.

Трэба расці

У нашым раёне 12 пярвічак БСЖ, яны ў асноўным створаны ў дзяржорганах, установах адукацыі, сацыяльнай сферы, аховы здароўя. А вось на большасць прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў арганізацыя пакуль не дайшла. Як падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, над гэтым трэба сур’ёзна працаваць.
Што датычыць прыцягнення зямлячак-прадпрымальнікаў у жаночы рух, то на гэты конт выказалася Валянціна Пух: жанчына, якая змагла пачаць сваю справу, – прадпрымальная, ініцыятыўная і мабільная, такія якасці неабходны і арганізацыі. Лідар прадстаўніц прыгожай паловы Брэстчыны акцэнтавала ўвагу на больш актыўным удзеле ляхавічанак у рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года», а таксама ў іншых абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
Валянціна Пух расказала, чым жыве Брэсцкая арганізацыя БСЖ, якая налічвае больш за 23 тысячы членаў, і як уплывае на вырашэнне важнай задачы: моцная сям’я –  моцная дзяржава.Умацаванне патэнцыялу і пашырэнне магчымасцей жанчын, салідарнасць пакаленняў, духоўнасць, культура, здаровы лад жыцця – арыенціры ў штодзённай рабоце.
Было што расказаць і ляхавіцкім актывісткам жаночага руху. Дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак гаварыла пра будні школы, чым жыве пярвічка, якія справы пад сілу настаўнікам і вучням. Загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Жанна Лешык расказала пра работу тэрытарыяльнага цэнтра. Выступленне ўрача-нарколага райбальніцы Вікторыі Шчарбінскай было прысвечана тэме жаночага алкагалізму: на жаль, гэта бяда не выкаранена з жыцця, разбурае сем’і, рушыць лёсы, у тым ліку дзіцячыя.

Стаўка  на актыўнасць

Адзін з прыемных момантаў канферэнцыі – узнагароджванне самых ініцыятыўных, неабыякавых зямлячак граматамі раённай арганізацыі БСЖ. Цёплыя словы за зробленае за дзесяцігоддзе ў якасці старшыні праўлення РА былі адрасаваны Наталлі Мацкевіч. Ляхавічанкі абралі свайго новага лідара – ім стала дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ