З татам у зале, або Няхай мамы адпачнуць. Ляхавічы – чарговая кропка рэспубліканскага маладзёжнага сямейнага праекта «ТатаЗала»

«Тата, падтрымай», «Тата, хачу у бадмінтон», «Тата, пасуй»…  У мінулую нядзелю залы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву не пуставалі. Тут здорава-здарова бавілі час удзельнікі рэспубліканскага маладзёжнага сямейнага праекта «ТатаЗала». Першая сямейная трэніроўка прайшла класна: карысна для ўмацавання здароўя і бацькоўска-дзіцячых адносін.

Часам за працай, стомленасцю, адсутнасцю настрою ў дарослых дзеці застаюцца па-за іх увагай, праводзяць час за камп’ютарамі і тэлевізарамі, не выпускаюць з рук смартфоны і планшэты… РК БРСМ і спартшкола выпраўляюць гэту «лічбавую» несправядлівасць: яны прапанавалі адкласці гаджэты, зрабіць некалькі практыкаванняў для размінкі, падзяліцца на каманды і пачаць спаборніцтвы па піянерболе. Каманды вельмі рознаўзроставыя: удзельнікам ад двух гадоў і вышэй. Але гэта акалічнасць і зрабіла гульню больш запамінальнай: хлопчыкі і дзяўчынкі адчувалі сябе на полі ўпэўнена, нават калі нешта не атрымлівалася – тата ж побач, падстрахоўка забяспечана.
І яшчэ гэтаму піянерболу пасуе вызначэнне «шчыры». Паспяховы кідок – і тата прымае «пяць» ад сына, а дачка пасля чарговага заліку яе намаганняў у скарбонку каманды ляціць абняць самага надзейнага чалавека ў жыцці. Не важна, калі нешта не атрымліваецца, важна: побач той, хто падкажа, як зрабіць правільна.
Піянербол змяніўся сямейнай спартландыяй. Пасля разам адціскаліся, падцягваліся і прасілі татаў занатаваць рэкорд.
Ці будзе запатрабавана такая спартыўная практыка ў Ляхавічах? Працытую аднаго з юных удзельнікаў праекта:
– Тата, давай дадому яшчэ не пойдзем!
– Няхай мама зоймецца любімымі справамі, адпачне ад сваіх мужчын, а мы пакуль тут узмоцнім нашу татава-сынаву сувязь. Паспаборнічаем, набегаемся, паразмаўляем – проста правядзём час разам, пры гэтым з карысцю для здароўя. Ідэя супер, кампанія таксама, будзем працягваць, – задаволена гаворыць мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК Андрэй Цямчык, які разам з сынам Ягорам падтрымалі ідэю сумесных заняткаў.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.