Для мэйку хопіць і ўсмешкі. На подыум «ЛВ» запрашаецца Ірына Дзярачыц

Подыум «ЛВ» – самы зручны подыум у свеце, а яшчэ смелы і вельмі неардынарны. «Веснікаўскія» крытэрыі вымяраюцца не літаральнымі стандартамі росту і вагі, а крэатывам і арыгінальнасцю асобы. Гэта не дэманстрацыя новай калекцыі, ды і дызайнераў тут няма, а подыум можа разгарнуцца на любых квадратах. Ладзіўся і ў мехмайстэрні, і ў кабінеце ДАІ, і на будпляцоўцы… Подыум там, дзе цікавыя і дзёрзкія – тыя, хто не баіцца паэксперыментаваць і паспрабаваць нешта новенькае… Такіх, як гаворыцца, шукае рэдакцыя і, дарэчы, паспяхова знаходзіць.

Яе без сумнення можна назваць лэдзі з прыгожай усмешкай. Менавіта такі шыкоўны «інструмент» у арсенале Ірыны Дзярачыц ці не першапачатак, забяспечвае пацыенту пазітыўны настрой. З такім ветлівым зубным фельчарам боязь белага халата праходзіць у імгненне. І хоць часта яе ўсмешка схавана за медыцынскай маскай, спакой і добры настрой дзяўчына стварае яркімі выразнымі вачыма, якія таксама ўмеюць усміхацца.
Ірына ў Ляхавічах нядаўна, але з яго жыхарамі паспела пазнаёміцца. Другі год вядзе прыём пацыентаў і дорыць ім прыгожыя ўсмешкі. Сама са Століншчыны, вучылася ў Аршанскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, а размеркавалася сюды. Прызнаецца, што гэтым задаволена: утульны, кампактны райцэнтр – тое, што трэба.
– З першым працоўным месцам пашанцавала. Класныя калегі, з якімі пасябравала адразу. Абсталяванне сучаснае: лячу зубы пацыентам з дапамогай новай стаматалагічнай устаноўкі. Ёсць у горадзе і свой родны чалавек – сястра Вікторыя, якая заўсёды вельмі блізка – практычна 24 гадзіны ў суткі. Мы разам працуем (урач-нарколаг), разам жывём. Нам выдзелілі арэнднае жыллё, – расказвае Ірына.
А яшчэ яна спявае. Вось тут і пачынаецца другі выхад на подыум «ЛВ». Ірына яркая, стыльная, прыгожая. Вячэрняя сукенка, больш яркі, чым звычайна, мэйк, туфлі на абцасах, медыцынскі халат, шапачка, пальчаткі і зручны абутак пачакаюць. Нязменнай застаецца ўсмешка, здаецца, яна галоўны дызайнер і стыліст дзявочага вобразу.
Дарэчы, без Ірыны цяпер не праходзіць ні адно «бальнічна-культурнае» мерапрыемства. Яе чысты голас хочацца слухаць.
Як у вядомай кінастужцы: яна прыгажуня, актывістка і… так, Ірына яшчэ і спартсменка. Паспела зарэкамендаваць сябе ў валейболе –
цяпер выступае за зборную каманду райбальніцы. Наша гераіня пры-знаецца: такі энергічна-дынамічны рытм жыцця – для яе. Маладосць якраз для таго, каб па-максімуму скарыстацца ўсімі магчымасцямі, усюды паспець, гэта час для вандровак, прыгод, нават для памылак, з якіх пасля будзеш рабіць высновы і… жартаваць. Маладосць – гэта заўсёдная шчырасць і радасць жыцця.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.