Юбіляр з Юбілейнай. Ляхавіцкая вуліца Юбілейная з’яўляецца хоць і ключавым, але ўсяго толькі адным з адрасоў сённяшняга юбіляра

Ляхавіцкая вуліца Юбілейная з’яўляецца хоць і ключавым, але ўсяго толькі адным з адрасоў сённяшняга  юбіляра. У суседніх Ганцавічах паспяхова працуе «дачка» прадпрыемства – ТАА «Палессекабель». У Брэсце і Мінску абаснаваліся яго офіс-склады, а ў прамысловай зоне райцэнтра на плошчах былога завода жалезабетонных вырабаў практычна ўсё гатова для вываду на праектную траекторыю партнёрскай арганізацыі – ПП «Трансэлектрабуд».

Дырэктар і заснавальнік ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзій Сакуць.

Вышэйсказанае – пра ТАА «Трансэлектракамплект», якому 11 снежня споўнілася 15 гадоў. Шлях да гэтай даты не быў лёгкім і простым, не выдаўся эканамічна роўным. Не з’яўляецца такім і сёлета, аднак, кампанія ўстойліва працуе і ўваходзіць у тройку буйнейшых вытворцаў кабельных тэрмаўсаджвальных муфтаў і іх камплектуючых на тэрыторыі Беларусі. Прычым, з’яўляецца адным з унікумаў, дзе арганізаваны поўны цыкл вытворчасці гэтых электратэхнічных вырабаў.
А пачыналася ўсё з ідэі, якая, па словах дырэктара і заснавальніка фірмы Генадзія Сакуця, «паходжаннем з Савецкага Саюза». Талентамі і настойлівасцю Генадзія Станіслававіча і калег-аднадумцаў ідэя трансфармавалася ў бізнес-праект, які стаў эфектыўнай вытворчай практыкай. Складнікі поспехаў – дакладна прадуманая вытворчая стратэгія і тактыка, наладжаныя эканамічныя сувязі, ашчадная ўвага да якасці прадукцыі, сумленнасць і павага ў дачыненні да партнёраў, уменне лічыць і глядзець за гарызонт. Але на першае месца ў гэтым спісе дырэктар выносіць іншае:
– Поспехі любога прадпрыемства ў многім вызначаюцца людзьмі, якія на ім працуюць. Сёння ў нас налічваецца каля сотні работнікаў, кожны з якіх добра ведае сваю справу. Высокая кваліфікацыя спецыялістаў і вялікі вопыт дазваляюць нам не толькі выпускаць якасную прадукцыю, але і выконваць поўны спектр паслуг па электрамантажных работах, у тым ліку весці мантаж кабельных і паветраных ліній, трансфарматарных падстанцый, а таксама сістэм электразабеспячэння жылых і прамысловых аб’ектаў.
Тысячы арганізацый выкарыстоўвалі ў сваёй рабоце прадукцыю з ляхавіцкай маркай. І гэта толькі ўнутры краіны. Але заслужана будзе назваць «Трансэлектракамплект» транснацыянальнай кампаніяй, вырабы якой ведаюць ва Узбекістане, Казахстане, Украіне, шэрагу гарадоў і на знакавых будоўлях Расійскай Федэрацыі. Паказальныя прыклады якасці і завязанай на ёй запатрабаванасці прадукцыі нашага ТАА – алімпійскі Сочы і некаторыя іншыя гарады краіны-суседкі, дзе ўлетку праходзілі гульні Чэмпіянату свету па футболе. На будаўніцтве гэтых і не толькі спартыўных аб’ектаў выкарыстоўваліся камплектуючыя «Трансэлектракамплекта».

Юбілейны шлях разам з прадпрыемствам прайшлі майстар цэха металаапрацоўкі Віталій Татарыновіч, галоўны эканаміст Юрый Палуянчык, галоўны бухгалтар Ганна Бецька, майстар цэха поліэтылену Генадзій Казакевіч.

Адзначым, што амаль дзесяцігоддзе прадпрыемства працуе ў адпаведнасці з нормамі міжнароднай сістэмы менеджменту якасці СТБ ISO, на апошнюю версію якой перайшлі ў кастрычніку бягучага года.
Дык што ў гаспадарчым камплекце «Трансэлектракамплекта»? Важнейшым структурным падраздзяленнем кампаніі з’яўляецца ўчастак поліэтылену. Тут заняты тры дзясяткі працаўнікоў, кожны з якіх сапраўдны майстар сваёй справы. Іменна з-пад іх рук выходзяць загатоўкі тэрмаўсаджвальных пальчатак, ізалятараў, аканцавальнікаў. Работа вузкаспецыялізаваная, прафесія – штучная.
Другой па значнасці вытворчай пляцоўкай пазіцыянуецца ўчастак металаапрацоўкі, дзе вырабляюцца металічныя камплектуючыя для кабельных муфтаў. Высокую якасць тавару, прадукцыйнасць працэсу забяспечваюць, канешне, у першую чаргу, кваліфікаваныя спецыялісты. Яшчэ – задзейнічанае ў тэхналагічным працэсе сучаснае абсталяванне. Гэта станкі з праграмным кіраваннем, якімі, зноў жа, кіруюць людзі – віртуозы-металаапрацоўшчыкі. І такое не толькі на галоўнай пляцоўцы прадпрыемства: падобная вытворчасць наладжана на размешчанай у Ганцавічах структурнай адзінцы ТАА «Палессекабель».
Ужо больш за дзесяцігоддзе «Трансэлектракамплект» даўкамплектаваўся і «акрэдытаваўся» ўласнай высакавольтнай выпрабавальнай лабараторыяй. Здалі на атэстат адпаведнасці на права ажыццяўлення электрамантажных работ. У працяг тэмы неабходна адзначыць, што 11 штатных спецыялістаў гэтай падструктуры гатовы выканаць (і выконваюць) поўны спектр «электрамантажкі» любой складанасці і ступені адказнасці.
Жаданне і ўменне паспяхова спраўляцца з заданнем любой складанасці вызначаюць і работнікаў усіх іншых падраздзяленняў, структур і ўчасткаў арганізацыі: зборшчыкаў вырабаў, наладчыкаў абсталявання, транспартнікаў, офісных і іншых работнікаў вытворча-прафесійнага саюза, назва якому ТАА «Трансэлектракамплект».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Маргарыты КУХТА
і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наша прадпрыемства адзначае 15-годдзе – дата хоць і не круглая, але важкая. Віншаванні з гэтай нагоды – калектыву і ветэранам ТАА «Трансэлектракамплект». Шчырыя пажаданні здароўя і ўдачы, упэўненасці ў заўтрашнім дні і ладу ў сем’ях. Няхай плён нашай агульнай працы будзе запатрабаваным, прыносіць утульнасць, зручнасць і дабрабыт. А гісторыя прадпрыемства штодзень дапаўняецца новымі цікавымі і слаўнымі старонкамі.
Дырэкцыя, прафкам ТАА «Трансэлектракамплект».