У жанры фэнтэзі. І гэта, канешне, пра лес

…І адправіла злая мачаха ў люты мароз і завею-сцюжу сваю падчарку ў лес, каб нарвала букет падснежнікаў…
…Гналася Баба Яга за дзяўчынкай, а тая кінула за плечы грабеньчык, і вырас лес густы-гушчэзны, не прайсці праз яго, не праехаць: чао, Ёжка, прагрызай сабе дарогу…
… «Лес – ён заўсёды крыху чароўны. Толькі вось убачыць чараўніцтва дадзена не кожнаму»,
– так пачынаецца «Казка пра чароўны лес». Памятаеце?
Мусіць, у тым ліку і з гэтых дзіцячых «меладрам» нараджаецца і на ўсё жыццё застаецца ўспрыманне нашага зялёнага сябра як загадкавай і нават адухоўленай істоты, якая заўсёды пад флёрам таямнічасці. А што – у пэўным сэнсе так яно і ёсць. Да канца не вывучаны, ён прыадчыняе новыя і новыя старонкі сваёй дзіўнасці. Пад пушыстай хваёвай лапкай, дзе дагэтуль ляжала толькі ігліца, раптам прабіўся з-пад зямлі рэдкі «чырвонакніжнік», а на няходжаных сцяжынках з’явіліся сляды звера, якога ў гэтых мясцінах не заўважалася на працягу дзесяцігоддзяў. Можна гаварыць шмат і пра самае рознае, што мы і будзем рабіць сёння, прычым, з дапамогай кампетэнтнага спадарожніка-гіда Наталлі Адаменка. Намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса, дыпламаваны інжынер лясной гаспадаркі, Наталля Уладзіміраўна ахвотна адгукнулася на просьбу паказаць у вядомым невядомае, у знаёмым – незнаёмае, распавядаць пра жыццё-быццё Берандзеева царства з ляхавіцкай прапіскай.

Наталля АДАМЕНКА, намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса

Такі вось сусвет

– Лес – гэта цэлы сусвет. У ім строгія законы і правілы супольнага жыцця, свой этыкет, свой расклад. Ёсць сябры, ёсць несябры і нават ворагі. І, што надзвычай важна, ёсць надзейныя памочнікі, свае дактары, свая, так бы мовіць, служба сэрвісу, у якой прапісаны і перапынкі ад прыёму гасцей (калі забараняюцца паходы ў лес па пэўных прычынах, часцей за ўсё ў пажаранебяспечны час), генеральныя і паўсядзённыя ўборкі; пасадка ці высечка, збор бярозавіку і многае-многае іншае. А яшчэ ў гэтым сусвеце шмат сапраўды нязведанага і невядомага. Ва ўсякім разе, для большасці землякоў, для каго зялёны сябар і ў першую, і ў другую чаргу – жывапісная тэрыторыя, якую можна скарыстаць для рэлаксацыі, шашлыкоў, збору ягад-грыбоў-арэхаў-зёлак. Ну і пад Новы год ёлачкай разжыцца, у абавязковым парадку не парушаючы ўстаноўленыя правілы. Каб не азмрочыць ні сабе свята, ні лесу быццё, – расказвае Наталля Уладзіміраўна.
А ці ведаеце вы, што з 53776 гектараў лясных угоддзяў раёне непасрэдна пад лесам знаходзяцца аж 44944. Асаблівасцю ляхавіцкіх лясоў з’яўляецца наступная акалічнасць: без малога палова іх (40 працэнтаў) расце і пры гэтым выдатна сябе адчувае на забалочанай мясцовасці. Адметна і тое, што роўна трэцяя частка зялёнага сябра выбрала для сябе пастаянным месцам жыхарства цяжкадаступныя куточкі. Не будзем рызыкаваць – не палезем у самае-самае «нельга», а пройдземся-праедземся па бяспечнай для вандроўкі тэрыторыі. Дарэчы, уладанні Ляхавіцкага, Мядзведзіцкага, часткова Востраўскага і Куршынавіцкага лясніцтваў заняты ў асноўным хваёвымі лясамі, а Крывошынскага, Навасёлкаўскага, другая частка Востраўскага – змешанымі.

Які ён прыгожы!

Не надакучвае любавацца ні бярозавым гаем, ні сасновым борам, ні дзічкай, якая з нейкага перапуду вырасла сярод дубровы і кожную вясну прымярае на сябе кіпенна-белы вэлюм.
– А давайце пагаворым наконт узросту, – звяртаюся да Наталлі Уладзіміраўны і зноў адкрываю з яе дапамогай некалькі амерык:
– Ляхавіцкія лясы апошнім часам пасталелі і дасягнулі паўстагоддзя. Гэта ў сярэднім. Але ёсць і перастоеныя (гэта на мове прафесіяналаў) участкі, асабліва ў балоцістых мясцінах, дзе ўзрост дрэў пад сто гадоў і нават больш. Прапаную папаходнічаць па ўсіх лясніцтвах, ва ўсякім разе, па іх адметнасцях, – гаворыць гід Адаменка, і мы рушым.
У гаспадарцы Крывошынскага лясніцтва растуць дубы-асілкі – прыгажуны. Глядзець на іх – суцэльнае задавальненне, аж дух захоплівае. Яны, тлумачыць Наталля Уладзіміраўна, выкарыстоўваюцца ў тым ліку для лесааднаўлення і біялагічнай разнастайнасці. Да слова, часта ў іх жывуць вавёркі. На парачку гэтых мілых звяркоў удалося палюбавацца.
Можа пахваліцца Крывошынскае лясніцтва рэдкай белай піхтай, багата чарамшы і водзяцца барсукі.
Ва ўгоддзях Мядзведзіцкага свае каштоўнасці: шмат гадоў як прапісаўся тут прадстаўнік рэдкага еўрапейска-малаазіяцкага рэліктавага віду – жоўты рададэндран.
А ў Ляхавіцкім лясніцтве можна ўбачыць не растыражаваную цяпер у нашых мясцінах сліву калючую, іншымі словамі цёрн, які аблюбаваў месцы ўздоўж дарог.
Флора Навасёлкаўскага лясніцтва можа таксама пахваліцца рэдкімі ў нашых шыротах не толькі асакой ценявой, але і сваякамі лотасу (а можа і не сваякамі?) –  гарлачыкам белым і кубышкай малой. Увага: эксклюзіў! Магчыма, лясная геаграфія Ляхавіччыны трохі зменіцца, правільней, дапоўніцца. Не, не плошчай, а назвай і статусам: не выключана верагоднасць з’яўлення (як вам гэта гучыць?) Свяціцкай пушчы. Будзем спадзявацца і трымаць кулачкі. Хаця для нас, абарыгенаў, яна, бясспрэчна, ёсць…
А ці ведаеце вы, што ландшафтна-гідралагічны заказнік «Цыгань» пачынаецца ў Ляхавіцкім лясніцтве, ідзе па Мядзведзіцкім, Куршынавіцкім і Крывошынскім, і там забаронена любая высечка дрэў. Ён захоўваецца ў натуральным выглядзе: як ёсць, так ёсць.
Яшчэ адна эўрыка з дапамогай Наталлі Адаменка. Ва ўсякім выпадку для мяне як для дылетанта стала адкрыццё вядомага прафесіяналам: у прыродзе, у тым ліку і ў нашых ляхавіцкіх лясах, ёсць плюсавыя дрэвы. Гэта такія, якія значна пераўзыходзяць па параметрах сваіх стандартных сваякоў-равеснікаў, што растуць у аднолькавых умовах. Іх выкарыстоўваюць у селекцыйных мэтах. Дык вось, Востраўскае лясніцтва можа «пазадавацца» плюсавымі соснамі.
Цікавае дапаўненне. Калісьці тут эксперыментальна пасадзілі сосны ўперамешку з лістоўніцамі. Эксперымент гэты аказаўся, па вызначэнні нашага гіда, прыгожым. Вынік яго красуецца сёння на радасць воку і для аздобы лесу.
Дарэчы, на тэрыторыі кожнага лясніцтва створаны міні-дэндрарыі і паркі, у якіх прысутнічаюць асноўныя лесаўтваральныя пароды дрэў. У дэндрапарку самога лясгаса, напрыклад, захаваны ліпы, што былі пасаджаны даўным-даўно ў мыслабажскім маёнтку панамі Касакоўскімі. І хаця ад гэтага маёнтка сёння нічога не засталося, але частка ліпавай алеі дагэтуль з’яўляецца гарманічным дапаўненнем тутэйшага пейзажу.

Адметнасці  працягваюцца

Чым яшчэ адметная наша лясная гаспадарка, дык гэта біязаказнікам «Ліпск». У дадатак да яго гідралагічныя заказнікі «Лагоня» і «Вусце Мышанкі», невялікія ўчасткі якіх знаходзяцца ў нашым раёне.
Асобная гаворка пра пасадачны матэрыял. Зразумела, што лес – гэта не толькі разнастайнасць флоры і фаўны, не толькі лёгкія нашай планеты, не толькі прывычны воку і любімы сэрцу сюжэт краявідаў. Але і вытворчасць, і эканоміка, і рабочыя месцы для тых людзей, чыёй прафесіяй і лёсам стаў догляд за зялёным сябрам. Да лесу існуе не толькі лірычны, але і  абавязковы дзелавы падыход. Дзелавая драўніна, дровы, лес рубяць – шчэпкі ляцяць у справу… – гэта і многае іншае ў тэму.
Дык вось, кожны квадратны метр, з якога высечаны дрэвы, практычна ці не падвойваецца пасадкамі, што стануць лесам у свой час. Саджанцы і сеянцы выкарыстоўваюцца выключна сертыфікаваныя.
– Самі вырошчваем у цяпліцах Крывошынскага лясніцтва матэрыял для пасадкі, праўда, часткова – толькі дрэўцы з закрытай каранёвай сістэмай: елкі, дубкі, сасонкі. Заклалі пяцігектарную лесанасенную план-тацыю елкі еўрапейскай другога пакалення. У тым ліку і гэта наш прафесіянальны клопат пра заўтрашні дзень лясной гаспадаркі, – удакладняе Наталля Уладзіміраўна. І тлумачыць, што калі класіфікаваць па пародным складзе, то  ў нашых мякка-лістоўных лясах растуць пераважна бяроза, чорная вольха, асіна, у хвойных – сосны і елкі. А вось цвёрдалістовых участкаў усяго два працэнты ад агульнай лясной плошчы, і гэтыя два працэнты радуюць дубам, ясенем, грабам.
Цікавы факт: хаваюцца пад кронамі векапомных дрэў матэрыялізаваныя сведкі 9-13 стагоддзяў – старажытныя курганы. Такіх курганоў-магільнікаў у лясах не адзін дзясятак. Яны даўно параслі травой і кустоўем – сама прырода паклапацілася, каб прыхаваць гэтыя артэфакты, ва ўсякім разе, ад чорных капальнікаў. А навукоўцы такія адрасы ведаюць дакладна.

Прапісаць  Дзеда Мароза

Паколькі наша вочна-завочная экскурсія адбывалася напрыканцы восені, то лес быў ціхім, у чаканні снегу, нейкім асабліва загадкавым і, безумоўна, як заўсёды, таямнічым. Такая вось дэкарацыя да казкі і да явы. Ён сам – і казка, і ява, і з’ява.
А ў мяне ўзнікла магчыма нязручнае, але маючае права на агучванне пытанне-прапанова: як наконт стварэння ў Берандзеевым царстве памесця ляхавіцкага Дзеда Мароза? Ну чаму яго (памесця) дагэтуль ніхто не прыдумаў, не пабудаваў і не запрасіў на Новы Год і Каляды ў першую чаргу нашых юных землякоў?
Вельмі шыкоўна ў лесе. Прыгожа. Небудзённа. Аж дух захоплівае. Як жа дарэчы было б прапанаваць малечы сваё, мясцовае, дзіва дзіўнае. Тым больш, што для гэтага ёсць практычна ўсё неабходнае. Дадаць трэба творчасці, фантазіі, жадання і інвеставаць іх разам з пэўнымі фінансамі ў задуму. Мяркую, што культработнікі, педагогі і іншыя зацікаўленыя асобы знайшлі б у лясгасе паразуменне па гэтым пытанні.
… «Лес – ён заўсёды крыху чароўны. Толькі вось убачыць чараўніцтва дадзена не кожнаму», – так пачынаецца «Казка пра чароўны лес».
Вольга БАРАДЗІНА.

Р.S. А «веснікаўская» юбілейная алея да храма пасаджана з рабінак і бярозак, якімі мясцовы лясгас шчодра падзяліўся з рэдакцыяй, ды што з рэдакцыяй – з горадам – у Год малой радзімы, за што дзякуй і дырэктару Міхаілу Свістуну, і ўсяму калектыву.