Вам не замінае стары халадзільнік?

На чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмяркоўваўся ход выканання даведзеных заданняў па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў за 11 месяцаў года.
Заданнем прадугледжваецца, што сёлета раён пад перапрацоўку павінен нарых-таваць 650 тон макулатуры,  550 – шкла, 100 – поліэтылену, 110 – зношаных шын, 40 – бытавой тэхнікі і 30 тон адпрацаванага маторнага масла. Па суме пазіцый – 1480 тон другасных матрэсурсаў. Сёлета за 11 месяцаў з заданнем справіліся прыкладна напалову. Найбольш паспяхова ідзе збор масла, поліэтылену, шкла – працэнт выканання складае 68, 66 і 64 адпаведна. Іншы полюс –  бытавая тэхніка, якой не сабрана і дзясятая частка ад патрэбнага.

Праграмнае заданне фарміруецца ў тым ліку і за кошт дзяржаўнага заказу. У адпаведнасці з ім, актуальнымі для раёна пазіцыямі з’яўляюцца макулатура і адходы шкла ў масе 400 і 200 тон адпаведна. З гадавым заказам па шкле раён ужо справіўся: за студзень-лістапад нарыхтавана амаль 350 тон. Рэгіянальнымі аператарамі, якія акумулююць усе паступленні другаснай сыравіны, з’яўляюцца райпо, камунгас і ІП Пронька В.І. (ён спецыялізуецца выключна на шкле). І ў многім дзякуючы намаганням прадпрымальніка збор гэтага віду сыравіны па факце дастаткова перавысіў лічбу дзяржзаказу. Больш як на 50 працэнтаў гэтую пазіцыю заказу перакрыў і камунгас. Але не райпо, дзе пакуль справіліся з ім толькі на тры чвэрці.
Тэма другаснай паперы склалася для раёна пакуль толькі напалову ад атрыманай па лініі дзяржзаказу лічбы. Райпо сабрала 65 працэнтаў ад патрэбнага, камунгас – 40.
Дырэктар ЖКГ Аляксандр Жук і старшыня райпо Васілій Некрашэвіч далажылі пра работу сваіх арганізацый па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. А яна вядзецца недастаткова і выніковай не з’яўляецца. Такі вердыкт у адрас двух названых рэгіянальных аператараў па зборы ДМР агучыў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
Да канца года застаецца пара тыдняў. Падкарэкціраваць у плюс атрыманыя зусім не другасныя заданні яшчэ можна і трэба пастарацца. У тым ліку і кожнаму з нас. Агледзецца вакол і прыйсці на прыёмаздатачны пункт з макулатурай, адслужыўшым шклом, поліэтыленам. Са старым тэлевізарам, іншай бытавой тэхнікай і ісці нікуды не патрабуецца: камунгас гатовы прыехаць па званку.
Іван КАВАЛЕНКА.