У цэнтры свята. За гэты тыдзень пасярод плошчы Леніна ў Ляхавічах вырасла елка

За гэты тыдзень пасярод плошчы Леніна ў Ляхавічах вырасла елка. Ростам 14,5 метра, зялёная і пахучая, яна будзе ўпрыгожваць цэнтр горада яшчэ прыкладна на працягу месяца – усе навагоднія і калядныя святы.
Як расказалі ў камунгасе, для афармлення галоўнай гарадской ёлкі спатрэбілася 57 навагодніх дрэўцаў. Іх сёлета нарыхтоўвалі на спецыяльна адведзеных для гэтых мэт дзялянках каля вёсак Набярэжная і Асосы. Каб трапіць на адзін з чатырох ярусаў, елкі праходзілі сапраўдны кастынг: па росце, пушыстасці, стройнасці.
Афармленнем святочнага атрыбута займаліся работнікі ўчастка «Добраўпарадкаванне» і энергетычнай гаспадаркі камунгаса. «Зацаніць» ёлачны ўбор можна ўжо сёння (у ім, дарэчы, з’явіліся новыя шары, набытыя за кошт камунальнай службы). А ва ўсёй сваёй яскравай навагодняй прыгажосці – з ліхтарамі і гірляндамі – гарадская ёлка паўстане вечарам 21 снежня, калі адбудзецца яе, што называецца, афіцыйнае адкрыццё.
Святлана БЕЛЬМАЧ.