Абноўкі для «Ліпнянкі»

Не сакрэт, што далёка не ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна могуць пахваліцца стабільным эканамічным становішчам. Сярод прычын такой сітуацыі – і суб’ектыўныя, і аб’ектыўныя. І калі многія з іх можна вырашыць уласнымі сіламі (ад павышэння працоўнай дысцыпліны да дакладнага захавання вытворчых тэхналогій), то ў некаторых вельмі дарэчы дапамога.
Відавочна, што частку праблем КСУП «Ліпнянка» дапаможа вырашыць шчодры тэхнічны падарунак. Нядаўна небагаты мехдвор прадпрыемства папоўнілі адразу некалькі адзінак тэхнікі, у тым ліку два трактары «Беларус» (82.1 і 1221), прэс-падборшчык і касілка – усё айчыннай вытворчасці. У бліжэйшы час да гэтай «кампаніі» далучыцца новенькі КЗР. Такога тэхнічнага абнаўлення «Ліпнянка» не бачыла вельмі даўно! Усё гэта багацце перададзена гаспадарцы ў лізінг на льготных умовах. Як паведамілі ў райсельгасхарчы, падстава для такога абнаўлення – рашэнне аблвыканкама аб прадастаўленні эканамічна слабым сельгасарганізацыям тэхнікі на ўмовах лізінгу.
Дарэчы, тэхабнаўленне чакаецца таксама ў мех-атрадзе райаграсэрвіса, такія перспектывы мае і КСУП «Тальмінавічы».
Што датычыць «Ліпнянкі», то новыя трактары тут ужо знайшлі надзейных гаспадароў: вопытнага Канстанціна Маневіча і маладога, але адказнага Віктара Сяргея.
Святлана БЕЛЬМАЧ.