Рамонтны перыяд

За выключэннем машын, якія выконваюць некаторыя гаспадарча-транспартныя функцыі і стаяць на абслугоўванні жывёлагадоўчых фермаў, ва ўсіх астатніх відаў, класаў і падкласаў сельскагаспадарчай тэхнікі цяпер перыяд функцыянальнай неактыўнасці. Затое па максімуму актыўнічаюць рамонтнікі. З 1 лістапада ў сельскагаспадарчых арганізацыях стартаваў рамонтны перыяд. Наколькі своечасова, у поўнай адпаведнасці з рэгламентам і якасна ён пройдзе, у такой жа ступені своечасовымі і якаснымі абяцаюць быць веснавыя палявыя (і не толькі) работы сезона-2019.

– Іменна гэта і з’яўляецца ключавой мэтай рамонтнай кампаніі, – гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Міхаіл Пятроўскі, для якога зараз механічныя майстэрні гаспадарак сталі абсалютна прыярытэтным месцам працы.
Гаворым рамонт – у першую чаргу маем на ўвазе глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку. Плугі, культыватары, камбінаваныя шыроказахопныя агрэгаты, сеялкі, камбінаваныя пасяўныя агрэгаты і некаторыя іншыя прыстасаванні першага этапу будучай яравой кампаніі з’яўляюцца зараз тым, над чым найбольш настойліва шчыруюць рамонтнікі. Паколькі ў адпаведнасці з даўно пісанымі і няпісанымі правіламі названы шэраг машын і агрэгатаў павінен быць у гатоўнасці ўжо да першага дня каляндарнай вясны.
Па даных райсельгасхарчу, розныя гаспадаркі з задачай спраўляюцца па-рознаму. СВК «Ляхавіцкі» можа і тут служыць прыкладам паспяховасці, паколькі з выкананнем рамонтных рэгламентаў там ужо выйшлі на фінішную стадыю. Практычна ўсе прычапныя і навясныя агрэгаты адрамантаваны, падфарбаваны і пастаўлены на захоўванне. Дастаткова актыўныя ў рамонтных намаганнях гаспадарнікі ААТ «Жарабковічы», якія паралельна з пасяўной тэхнікай працуюць над корманарыхтоўчай. Не адкладваючы ў доўгую скрыню і нягледзячы на тое, што тэрмін яе пастаноўкі на лінейку гатоўнасці 15 мая.
Дастаткова блізкімі да «харашыстаў» рамонтнага семестра можна назваць ДП «Нача».
У большасці іншых усё горш. ААТ «Шлях новы», па словах Міхаіла Пятроўскага, яшчэ толькі ў самым пачатку шляху, у рамонтнай зоне «Ліпнянкі» знаходзяцца «самаходы» – трактары МТЗ, пагрузчык «Амкадор». КСУП «Востраў-Агра» ў адзін з дзён займаўся рамонтам кормараздатчыка: накарміць жывёлу неадкладная задача. У «Тальмінавіч» свае цяжкасці, клопаты і арганізацыйна-тэхнічныя схемы рашэння рамонтных задач.
Што перашкаджае тым, у каго не асабліва ладзіцца? У ліку ключавых пазіцый – недастатковасць «абароткі», на якую можна было б набыць неабходныя запасныя часткі – раз, некамплект спецыялістаў-рамонтнікаў і механізатарскіх кадраў – два. Ад механізатараў не адмовіліся б і «Востраў-Агра», і «Ліпнянка», і «Шлях новы». Ды і ў даволі заможных «Жарабковічах» умеламу, адказнаму, добрасумленнаму аратаму былі б рады.

Іван КАВАЛЕНКА.