Гэта крута!У абласным этапе нацыянальнага адбору Андрэй Цямчык увайшоў у пяцёрку лепшых

Для людзей творчых конкурсы – не проста экзамен на прафпрыдатнасць, але і адточванне майстэрства, ацэнка здольнасцяў. Мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК Андрэй Цямчык не аднойчы дэманстраваў свае таленты ў вакальных выпрабаваннях рознага ўзроўню. Напачатку снежня быў сярод паўсотні ўдзельнікаў рэгіянальнага адбору на XXVIII міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2019».
На суд журы Андрэй прадставіў дзве кампазіцыі «Ты мне вясною прыснілася» і «Мае бацькі». Кампетэнтная ацэнка заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Тамела была лаканічна-значнай: «Дзякуй, Андрэй! Гэта было крута».
У абласным этапе нацыянальнага адбору Андрэй Цямчык увайшоў у пяцёрку лепшых і заслужыў пуцёўку ў завочны тур, дзе прадставіць творчае партфоліа. Толькі дзесяць вакалістаў атрымаюць права пазмагацца за выступленне на міжнародным вакальным конкурсе фестываля «Славянскі базар у Віцебску». Два гады назад Андрэй ужо дасягаў такога ўзроўню. Журы вызначыць лепшага, хто прадставіць Беларусь на музычнай арэне.
Няхай фартуна ўсміхнецца і нашаму земляку!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота са старонкі «ВКонтакте».