А мая Ведзьма прыгожая! «ЛВ» запісаў некалькі легенд пра паходжанне назвы нашай рэчкі

Прапануем эксклюзіў: «ЛВ» запісаў некалькі легенд пра паходжанне назвы нашай рэчкі. А мясцовыя мастакі, якія ўдзельнічалі ў аб’яўленым раёнкай конкурсе, даслалі малюнкі-партрэты ў тэму.

Легенда пра мост

Наша рачулка не заўсёды была Ведзьмай. Як яе называлі дагэтуль, сёння ніхто ўжо і не прыгадае – гісторыя настолькі даўняя, што многія лічаць яе выдумкай і казкай.
Калісьці ў далёкія-далёкія часы там, дзе сёння горад, былі два паселішчы. Іх і падзяляла рэчка: адно на правым беразе, другое – на левым. А злучаў іх, як і зараз, масток. Праўда, драўляны і хісткі –толькі-толькі пары чалавек прайсці. А навошта іншы, калі і гэтага хапае. Ды і чаго на другі бераг шчаміцца, калі ўсё на месцы: у кожным паселішчы – сваё свяцілішча, свой млын, свае майстры, што і кошык зробяць, і вуду наладзяць, і стрэлы наточаць. Карацей кажучы, не надта ахвотна суседзі ішлі «на кантакт»: не сварыліся, але і не сябравалі. А каб вяселле згуляць на два берагі – пра такое нават старыя людзі не маглі ўспомніць.
Але ж усё калісьці здараецца ўпершыню. Справа маладая: убачыліся, закахаліся і, маўляў, адзін без аднаго свет нямілы!
Да вяселля з размахам рыхтаваліся на абодвух берагах, нягожа аказацца горшым за нейкіх там зарэчных. Забыліся дамовіцца толькі, на чыім беразе жаніх і нявеста спаткацца павінны. Маладыя так спяшаліся, што ў адзін час на мосце аказаліся два вазкі – жаніх з дружкамі і нявеста з сяброўкамі. Масток не вытрымаў, і ўсе апынуліся ў халоднай вадзе – кожны ля свайго берага. Вясельны вянок, што плялі мясцовыя дзяўчаты, і для якога абарвалі ўсе прыгожыя кветкі, падхапіла вада і панясла… А без яго – галоўнага ўпрыгажэння нявесты – людзям на вочы не паказацца. Што крыкаў было, што слёз, што праклёнаў! Але вяселле ў намечаны дзень так і не адбылося.
Ці то крыўда, ці то халодная рэчка сэрцы астудзіла, але за ноч на абодвух берагах абдумаліся, маўляў, прыкмета дрэнная, і вяселлю такому не бываць.
Зламаны мост назвалі ведзьмавым і вырашылі яго не аднаўляць. Ды і рэчцы дасталося – і мост такі, і сама яна – Ведзьма праклятушчая.
Мост, дарэчы, праз нейкі час пабудавалі новы. А рэчка і сёння Ведзьма…

Легенда пра каханне

Хто аднойчы яе ўбачыць – ніколі не здолее забыць, хто пачуе яе пералівісты смех – будзе чуць яго паўсюль, хто сустрэнецца позіркам – назаўсёды закахаецца ў Чараўніцу. Так гаварылі пра неверагоднай прыгажосці дзяўчыну, што жыла ў гушчары лесу.
Дар прыцягнення, адсюль і сваё імя, атрымала яна за калядную песню ад незнаёмцаў, якіх бацькі дзяўчыны ўпусцілі пагрэцца ў зімовую марозную ноч.
Аднойчы паляваў у тых мясцінах хлопец. Кажуць, быў гэта старэйшы сын багатых шляхціцаў. Убачыў ён Чараўніцу, але падысці не рашыўся.
Вярнуўся дадому, а Чараўніца не выходзіла з галавы, ён страціў сон, не еў, не піў. Хацеў толькі аднаго: убачыць красуню, загаварыць, паглядзець у яе вочы. Трымаць у сабе пачуцці больш не здолеў і пра сваю сустрэчу з Чараўніцай, пра яе прыгажосць расказаў малодшаму брату. Той не паверыў, маўляў, не можа быць такой красы, каб так моцна затуманіла розум. Вырашыў пераканацца сам.
Калі ўбачыў яе, перахапіла дыханне. Калі загаварыў, зразумеў: у яе самы мілагучны голас. А калі яна паглядзела на яго, адчуў, што сэрца належыць толькі Чараўніцы.
Запаліліся вочы і ў дзяўчыны. Закаханыя вырашылі, што ім наканавана быць разам, і сёння ноччу яны ўцякуць з гэтых зямель.
Але шчасце было нядоўгім.
Калі не мне – нікому, падумаў старэйшы брат і ўтапіў у рэчцы Чараўніцу.
Малодшаму без каханай жыццё было нялюбым. Кінуўся да вады, рака прыняла яго ў свае абдымкі, захвалявалася, зашумела і сціхла.
Доўга плакала маці братоў, гавораць, не адну ноч сядзела на беразе ракі. Чараўніца згубіла жыццё яе сыноў.
– Ведзьма… Ведзьма… Ведзьма… – паўтарала несуцешная жанчына…
З той пары вада ў рацэ пацямнела. Але каля яе заўсёды ціха і прыгожа. Гавораць, ноччу можна пачуць шэпт Чараўніцы і яе каханага. Сапраўды, улюбёныя засталіся назаўсёды побач.
А рэчку мясцовыя жыхары назвалі Ведзьмай.

Легенда  пра змаганне

Працавітыя, шчырыя, добрыя людзі жылі па абодва берагі ціхаплыннай безыменнай рачулкі. Дружна жылі, шчыра сустракалі гасцей, а ворагаў у іх і не было. А якія шчодрыя землі раскінуліся навокал: што ні год родзіць жыта, а на поплавах – трава ў рост чалавека. І лясы былі багатыя на грыбы, ягады ды жыўнасць розную. Вада ў рацэ – чыстая і празрыстая. Дзяўчаты глядзеліся ў яе, нібы ў люстэрка, і ад іх блакітных вачэй такога ж колеру станавілася вадзіца.
Даведаліся пра гэтыя мясціны сквапныя, жорсткія заваёўнікі. Сабралі сілу вялікую, узброіліся мячамі і пайшлі вайной на мястэчка, каб захапіць у палон усіх і ўсё. Як мог, абараняў мясцовы люд сваю зямлю, свае сем’і. Але вельмі няроўнымі былі сілы. І вось вораг ужо святкуе перамогу…
Але раптам забурлела-зашумела рэчка, наляцеў страшэнны вецер, зашапацела на лугах трава, вада пацямнела і разлілася, затапіла берагі і ненавісных захопнікаў. Тыя як ні стараліся не змаглі вырвацца з абдымкаў ракі і толькі крычалі: «Ведзьма, ведзьма…». А рэчка не супакоілася, пакуль на дно не пайшоў апошні вораг. Павыбягалі са сваіх дамоў тутэйшыя людзі, пачалі кланяцца рацэ, дзякаваць за дапамогу і вызваленне.
З таго часу ў мястэчку, якое цяпер завецца Ляхавічамі, зноў вярнуліся лад, мір і згода. А рэчку сталі называць Ведзьмай, але не злосна – зусім наадварот. Любілі яе людзі, але ставіліся з апаскай, ведалі: калі моцна раззлаваць, то ад яе можна чакаць любых непрыемнасцей. Вось і цяпер у пахмурнае надвор’е паглядзіце на ваду. Заўважылі пранізлівы погляд? Гэта яна…

Легенда  пра чарадзейства

Вельмі даўно жыла-была дзяўчына Язьміна. Прыгожая, з доўгімі валасамі і, сінімі, як неба, вачамі, рукадзельніца, якіх пашукаць! Тыя, хто зайздросціў дзяўчыне, дражніліся: Язьміна-Вядзьміна. І як у ваду глядзелі.
Язьміна з дзяцінства сябравала з простым хлопцам, дапамагала яму ва ўсім і марыла: прыйдзе час –  і будуць яны разам. А бацькі самі выбралі дзяўчыне жаніха. Плакала яна, не хацела скарыцца іх волі. Прызналася ў пачуццях любаму. Ён шчыра адказаў, што яна для яго, як сястра, а кахае ён другую.
Узлавалася Язьміна, пабегла ў лес, дзе ў хаціне жыла старая вяшчунка. Папрасіла дзяўчына, каб тая прычаравала хлопца. Дурніца, яна думала, што пачуцці можна выклікаць сілком. Чараўніца паабяцала выканаць жаданне Язьміны з умовай, што тая аддасць ёй сваю маладосць і прывабнасць. Пагадзілася дзяўчына на сваю бяду. Кожны дзень адбіраў у яе сілы, аддаляўся і каханы. Бацькі не маглі вытрымаць такога гора і хутка памерлі. Засталася дзяўчына адна.
Пайшла неяк на бераг ракі, села на камень і пачала прычэсваць свае валасы. Закружыў вецер, пакаціліся баранчыкі па вадзе, і здалося Язьміне, што зноў яна дужая і прыгожая. Але люстра ракі паказала адваротнае. Кінулася дзяўчына да чараўніцы, а тая на сябе не падобная: расцвіла і памаладзела. Кажа Язьміне, маўляў, перадаю табе свой дар, а ты за тое, што захацела дабіцца кахання пад прымусам, будзеш шукаць сваю палову да таго часу, пакуль табе не адкажуць узаемнасцю.
З тых часоў Язьміна-Вядзьміна часта бавіла час у адзіноцтве. Мясцовыя жыхары, баючыся яе чараў, стараліся не сустракацца з ёй. А рэчку, ля якой цёмнымі начамі яна распускае сваю касу, сталі зваць Ведзьмай.

Легенды падрыхтавалі Святлана БЕЛЬМАЧ, Галіна КАНЬКО, Маргарыта КУХТА, Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Мал. Алены Сасса, ЦДАДіМ
Мал. Арыны Баргамон, ЦДАДіМ.
Мал. Ульяны Шайкоўскай,ЦДАДіМ
Мал. Лізаветы Гасанавай,
ЦДАДіМ
Мал. Паліны Анісімавай, ЦДАДіМ.
Мал. Ільі Морскага, СШ № 1, 5 клас.
Мал. Вольгі Варанчак.