Дарагія нашы! «ЛВ» павіншаваў рабят

Акцыя «Нашы дзеці» працягваецца. І невядома, хто атрымлівае большую радасць – хлопчыкі і дзяўчынкі, якім Дзед Мароз уручае такія жаданыя і такія чаканыя падарункі, ці дарослыя, якія выступаюць у ролі любімага і ўсемагутнага галоўнага персанажа навагодніх святаў. Ва ўсякім разе, калектыў «Ляхавіцкага весніка» атрымаў сапраўднае задавальненне ад сваіх дзедабабамарозаўскіх старанняў.
Другі год запар адрасам чароўнага дэсанта стаў Тальмінавіцкі дзіцячы сад, куды «ЛВ» прыехаў да сваіх маленькіх знаёмцаў, як і напрыканцы леташняга снежня. Ніякай хіміі – суцэльная праўда! Дзеці на поўным сур’ёзе з нашымі Дзедам Марозам і Снягуркай вадзілі карагод, адгадвалі загадкі, чыталі вершыкі і радаваліся падарункам: цукеркам мандарынам, кнігам, гульням, каляндарыкам.
Як жа прыемна дарослым апынуцца ў расцудоўным свеце казак і самых фантастычных сюжэтаў. Засведчываем: гэта – супер, гэта – здорава!
Не менш эмоцый, здаецца, атрымалі абодва бакі сустрэчы і ў сям’і ляхавічан Калоша. Чацвёра сястрычак і пяты брацік – Соня, Ксюша, Каця, Крысцінка і Марк – з дзіцячай непасрэднасцю заявілі, што Дзед Мароз іх не расчараваў. А радасныя ўсмешкі гарэз (паглядзіце на ніжнім здымку) гэта пацвердзілі.
Дабраччынная акцыя «Нашы дзеці» будзе доўжыцца да 11 студзеня. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, працоўныя калектывы, усе нераўнадушныя землякі.
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Маргарыты КУХТА
і Уладзіміра ЛЕШЫКА.