Гастрыт любіць тых, хто не любіць сябе

Рэдка сустрэнеш чалавека, які б хоць раз у жыцці не адчуваў праблем з уласным страўнікам. Скаргі накшталт «нешта страўнік забалеў» ці «пякотка замучыла» можна пачуць даволі часта. Хваробы страўнікава-кішачнага тракту адны з самых распаўсюджаных. І, па сцвярджэнні медыкаў, сярод іх прычын — няправільнае харчаванне. Калі прааналізаваць, якія прадукты спажываем, не даводзіцца здзіўляцца, што гастрыты, язвы бяруць у палон усё больш і больш людзей. Сучаснаму чалавеку яўна не хапае 24 гадзін у суткі на разнастайныя справы, адпачынак і сон, што ўжо гаварыць пра прыгатаванне здаровай ежы. Часта замест збалансаванага вітамінізаванага сняданку, абеду і вячэры мы перакусваем на бягу фаст-фудам: піражкамі, хот-догамі, піцамі, іншы раз сумніўнай якасці, запіваем усё гэта фантай, колай. А страўнік пачынае супраціўляцца такому «паліву» і рэагуе на яго гастрытам, язвай і іншымі захворваннямі.
Пра страўнікавыя праблемы разважаюць намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Таццяна Маляр, урач-тэрапеўт Алена Бяганская, загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Наталля Гарбачова.

— Вядомая фраза з анекдота: «Позна піць «Баржомі», калі язва адкрылася». А папярэднікам язвы часта з’яўляецца гастрыт. Што гэта за хвароба і якія асноўныя яе прычыны?
А. Бяганская:
— Гастрыт, прычым як востры, так і хранічны — найбольш распаўсюджаная хвароба органаў стрававання. Галоўная прычына гастрыту — харчаване «на хаду», і ўвогуле гэта праблема тых, хто няправільна харчуецца. Востры гастрыт часцей за ўсё развіваецца пры ўздзеянні на слізістую абалонку страўніка агрэсіўных хімічных рэчываў (кіслот, шчолачаў, ядаў), некаторых лекавых прэпаратаў і вострых прадуктаў харчавання. Таксама яго прычынай можа стаць самаатручванне арганізма пры захворваннях печані, нырак, парушэннях абмену рэчываў. Пры своечасовым і правільным лячэнні, строгім прытрымліванні дыеты выздараўленне наступае праз тыдзень-другі. А вось у хранічных гастрытаў доўгатэрміновае цячэнне. Многія хворыя без правядзення адэкватнага лячэння пакутуюць гастрытам на працягу практычна ўсяго жыцця.
Т. Маляр:
— Дыягназ «гастрыт» ставіцца ўсё большай колькасці нашых землякоў. На Ляхавіччыне ў мінулым годзе захворваемасць органаў стрававання сярод дарослага насельніцтва складала 1416 (пераважная большасць — людзі працаздольнага ўзросту) на 100 000 чалавек у абсалютных лічбах. Упершыню хвароба выяўлена ў 51 чалавека. Найбольш насцярожвае той факт, што павялічваецца колькасць людзей, якія паміраюць менавіта па прычыне хвароб органаў стрававання (у 2010 годзе — 13 землякоў, у 2011г. —14, прычым 10 — працаздольнага ўзросту).
— Урачы раяць кожнаму вельмі ўважліва ставіцца да свайго здароўя і прыслухоўвацца да сігналаў, якія падае арганізм. Што датычыцца страўніка, то на якія сімптомы неабходна звярнуць увагу?
А. Бяганская:
— Распазнаць гастрыт даволі проста. Пры яго вострых формах чалавек адчувае інтэнсіўны боль у верхніх аддзелах жывата, які часта суправаджаецца ванітамі, ірвотай, іншымі парушэннямі працэсу стрававання. Калі гэта гастрыт з павышанай кіслотнасцю, разам з болем непакояць пякотка і кіслая адрыжка, якая ўзнікае праз 2-3 гадзіны пасля яды. Калі кіслотнасць паніжана, то, у першую чаргу, пагаршаецца апетыт, з’яўляюцца непрыемны пах у роце, ваніты, ірвота, болі слабыя ці іх увогуле няма. Хранічны гастрыт таксама можа сігналізаваць пра сябе болямі ў верхняй частцы жывата, часцей ныючага і «ціснучага» характару, якія могуць узнікаць і пасля прыёму ежы, і нашча. Некаторых хворых непакояць пачуццё дыскамфорту, распіранне і цяжар пасля яды ў вобласці страўніка. Хранічны гастрыт можа працякаць і даволі каварна: хвароба гадамі не суправаджаецца якімі-небудзь значнымі клінічнымі сімптомамі. Адсутнічаюць боль, дыскамфорт і цяжар у жываце, апетыт застаецца нармальным. І пры ўсім гэтым прагрэсіруючае запаленне паступова разбурае страўнікавыя залозы. І просты гастрыт, нават пры бессімптомным цячэнні, перарастае ў атрафічны, што больш небяспечна для чалавека і горш паддаецца лячэнню. У цяжкіх выпадках гастрыт можа выклікаць язву страўніка і нават анкалагічныя хваробы.
Н. Гарбачова:
— Хачу дадаць, што пры гастрыце запаленне распаўсюджваецца не толькі на слізістую абалонку страўніка, але і ў больш глыбокія слаі страўнікавай сценкі. Хвароба можа з’явіцца ў чалавека ў любым узросце, у зоне рызыкі асабліва тыя, хто няправільна харчуецца, хаця многія сцвярджаюць, што гастрыт — хвароба цывілізацыі. Ва ўсім свеце медыкі прызнаюць значную ролю пітных мінеральных вод, лячэбных гразяў і іншых фізіятэрапеўтычных фактараў у лячэнні і прафілактыцы хвароб органаў стрававання. Фізіятэрапія садзейнічае павышэнню эфектыўнасці і скарачэнню тэрмінаў лячэння, папярэджвае ўскладненні, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы, пераход вострых формаў у зацяжныя і хранічныя, паляпшае агульную рэактыўнасць арга нізма.
— Даволі часта можна пачуць: «Знайшлі хваробу — гастрыт. Пабаліць і пройдзе, а пякотку можна і содай вылечыць». На самай справе ці такі бяспечны гастрыт?
А. Бяганская:
— Акрамя непрыемных клінічных сімптомаў, якія часта становяцца спадарожнікамі чалавека на працягу многіх гадоў, хранічны гастрыт небяспечны развіццём незаўважнай для пацыента атрафіі слізістай абалонкі страўніка і зніжэннем прадукцыі салянай кіслаты. Атрафічны гастрыт і ўвогуле адносіцца да перадракавых захворванняў, бо на яго фоне значна павышаецца рызыка развіцця анкалогіі. Трэба звяртаць пільную ўвагу на свой страўнік і людзям, у кроўных сваякоў якіх быў дыягнаставаны рак страўніка.
Любая форма гастрыту патрабуе сучаснай і дакладнай дыягностыкі. Абследаванне пачынаецца з кансультацыі ўрача-гастраэнтэролага ці тэрапеўта, якія пры неабходнасці накіруюць на правядзенне гастраскапіі і біяпсіі слізістай абалонкі страўніка. Дадаткова прызначаюцца разнастайныя лабараторныя даследаванні і інструментальныя тэсты. У выніку правільна праведзенай дыягностыкі вызначаюцца форма і стадыя захворвання, удакладняюцца яго прычыны. Далей распрацоўваецца індывідуальны план лячэння.
— Канешне, многіх цікавіць не толькі як развіваецца гастрыт, яго сімптомы і цячэнне хваробы, але сродкі і метады барацьбы з гэтым захворваннем.
А. Бяганская:
— Усе змяненні пры вострым гастрыце абарачальныя. Галоўнае, своечасова звярнуцца да ўрача. Аднак, калі хвароба перайшла ў хранічную стадыю, то лячэнне будзе не такім лёгкім. Вельмі важна прытрымлівацца дыеты. Нават невялікая колькасць выпітага алкаголю можа прывесці да абвастрэння хваробы. Курэнне таксама вельмі шкодзіць, і калі пацыент з хваробай страўніка не кіне курыць, то вылечыць гастрыт увогуле немагчыма. Часта прычынай гастрыту і язвы з’яўляецца хеліка-бактэр, што высвятляецца падчас правядзення біяпсіі хему лячэння, канечне, вызначае ўрач.
Тым, каму жыццё псуе пякотка парэкамендую піць малако, кісялі, есці адвараную нятлустую рыбу і мяса, яйкі ўсмятку, манную і рысавую кашу. А вось вострыя і смажаныя стравы, кіслыя прадукты, дражджавы хлеб неабходна выключыць з рацыёну. Пры вострым гастрыце прымаюцца спазмалітыкі, антыбактэрыяльныя прэпараты і адсарбенты, але лячэнне прызначае толькі ўрач, а не сяброўка ці сусед.
Пасля вострага прыступу рэкамендуецца на працягу 1-2 дзён поўнасцю адмовіцца ад прыняцця ежы, дапускаецца цёплае піццё — несалодкі фруктовы кампот, мінеральная вада, моцны чай. Затым трэба прытрымлівацца дыеты, пры гэтым харчавацца 6 разоў у дзень невялікімі пор-цыямі. Перавагу аддаваць рысавай ці маннай кашы, нятлустаму булёну, слізістым супам, малаку, кісялю. Яшчэ праз 4 дні ў меню можна ўвесці паравыя катлеты, адвараную кураціну, бульбяное пюре, белы хлеб у выглядзе сухарыкаў. Гастрыт — хвароба тых, хто сябе не любіць і няўважліва адносіцца да свайго арганізма.
Н. Гарбачова:
— Для павышэння эфектыўнасці медыкаментознае лячэнне спалучаецца з разнастайнымі метадамі фізіятэрапіі, масажам і лячэбнай фізкультурай. Дарэчы, фізіятэрапія дапамагае істотна знізіць дозу прымаемых лекавых сродкаў і папярэдзіць развіццё ўскладненняў. Што датычыцца мінеральных вод, то іх мэтазгодна прымаць такім чынам, каб арганізм адаптаваўся да іх уздзеяння. Пачынаць трэба паступова з невялікай колькасці, з 1/4 шклянкі 1-2 разы ў дзень. І толькі пры добрай перанасімасці павялічваць дозу да 3/4-1 шклянкі 3 разы ў дзень. Аднак, абвастрэнне запаленчых працэсаў у страўніку і кішэчніку, якія суправаджаюцца рвотай, паносамі, рэзкімі болямі, з’яўляюцца супрацьпаказаннем для ўжывання мінеральнай вады.
Параіўшыся з урачом, пры лячэнні гастрыту можна скарыстацца і рэцэптамі народнай медыцыны. Карысны лекавыя травы накшталт рамонку, салодкі, трыпутніку, шалфею, мяты, валяр’яны, зверабою і інш. Выбар травы залежыць ад кіслотнасці страўніка. І памятайце — усё павінна быць у меру. Дарэчы, у інструкцыі хвораму гастрытам з «Народнага лячэбніка» запісана: «Не піць спіртных напіткаў. Не курыць. Не есці свініны ў якім бы то ні было выглядзе. Не есці старой (зноў разагрэтай) ежы. Не есці нічога вострага і салёнага, тлустага і смажанага, гарчыцы і перцу, хлеб у абмежаванай колькасці і толькі падсушыўшы яго. Чаю і кавы можна піць нямнога. Трэба доўга і старанна перажоўваць ежу, каб яна змешвалася са слінай. Не запіваць ежу вадкасцю. Не есці, калі вы моцна стомлены, бо стомленасць памылкова прымаецца за голад».
У лячэнні і прафілактыцы хвароб страўнікава-кішачнага тракту, у тым ліку і гастрыту, эфектыўна і санаторна-курортнае лячэнне.
Матэрыялы «круглага стала»
падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Гастрыт любіць тых, хто не любіць сябе: 3 комментария

  • 04/08/2012 в 20:10
    Permalink

    Вот такие темы надо поднимать на страницах газеты.Поучительно, интересно и актуально.

  • 15/08/2012 в 22:45
    Permalink

    Как попасть на приём к Беганской? По тексту — врач с толком. Может кто лечился у неё?

  • 16/08/2012 в 08:18
    Permalink

    Паважаны Абывацель ! Каб даведацца аб графіку работы доктара А.В.Бяганскай, патэлефануйце ў рэгістратуру паліклінікі па тэл. 2-05-87

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *