Дрэва пазнання дабра і дабраты

Не пра лясны экзот размова. Не пра навамодныя селекцыйныя выкрунтасы. І нават не пра ёлку навагоднюю. Хаця па сэнсе, па сутнасці яна ўпаўне адпавядае аналагу гэтага цуда – намаляванага ва ўяўленні дрэва, якое з’яўляецца матрыцай душэўных і духоўных каштоўнасцей і якое круглагадзічна ў квецені і пладах – увесь час. Во як!
Пышнасць цвіцення і важкасць ураджаю тут залежаць не ад надвор’я і не ад нейкіх іншых геапрычын, а выключна ад добрых памкненняў і спраў людскіх. На віртуальных галінках рэальнае ўвасабленне дабра і дабраты. Такое вось аздабленне дрэва жаданняў- дрэва пазнання. І калі хтосьці ўсё ж атаясамляе яго з навагодняй прыгажуняй, не бачу прычыны аспрэчваць. Тым больш, сама прыгажуня запрашае праявіць тое, пра што можна не апавяшчаць, але не спыняцца рабіць. Маю на ўвазе дабрачыннасць і яе заўсёдных спадарожнікаў: міласэрнасць, чуласць, любоў.
Вось «Нашы дзеці» запалілі зорачкі радасці, прыўнеслі
пачуццё веры і надзеі ў сэрцайкі юных землякоў. «Нашы дзеці» як індыкатар клапатлівай любві да іх не дапускае штучнасці. Штучнасць і фармалізм – персоны нон грата. Гэта канстанта. Цеплынёй шчодрай душы можна сагрэць замерзлую ў беспрытульнасці істоту – чалавека, ці сябра чалавека, ці паўзабытае сведчанне даўніх падзей, ці…
Дарэчы, у адзінках вымярэння цяпла, аказваецца, бываюць не толькі калорыі і джоулі. Можна скарыстацца і сантыметрамі, што
даказалі нашы зямлячкі. Дваццаць на дваццаць (20 х 20) – вязалі рукадзельніцы двайной ніткай на прутках і кручках квадраты, якія злучылі ў 12 пледаў. У Ганчароўскім доме сумеснага пражывання пажылых людзей не нарадуюцца цёплым коўдрам і бязмежнай дабраце-ўвазе нераўнадушных. Хто гэтыя клапатунні? Ды ўсе як адна прыналежныя да раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. «Пабочны» абагравальны эфект гэтай увагі – ніколькі не меншы, чым прамы ад саміх пледаў.
А «Калі ласка» ад Наталлі Лойка на дрэве пазнання дабра і дабраты ў навагодне-калядныя дні таксама зіхаціць і ўспыхвае радасцю ў цікаўных вачанятах выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Сертыфікат у падарунак ад гаспадыні кафэ дапаможа нейкія дзіцячыя жаданні выканаць. Не менш важкі і патрэбны дадатак да фінансавай падтрымкі – жаданне чалавека стварыць свята для тых, хто яго чакае.
Наша дрэва пазнання – і на «экспрэсаўскім» маршруце любімай народнай эстраднай студыі, якая дабрачыннымі канцэртамі падсілкоўвае ягоную квецень. Выдатная традыцыя і шэфства зноў жа над ЦКРНіР у даным выпадку праяўляецца высокамастацкай эстэтычнай формай, якая гарманічна дапаўняе змест проста любві.
Сваім аптымізмам, нераўнадушнасцю, жаданнем зрабіць свет лепшым, прыгажэйшым мы ўключаем зялёнае святло для дабра і дабраты. А можа правільней сцвярджаць, што гэта дабрата кіруе рухам чалавечых пачуццяў? Нераўнадушная рука аўтаматычна набірае вядомы тэлефонны нумар, калі, адмятаючы тэлерэкламу, гучыць SOS: уключыце сваю сардэчнасць! І ты ведаеш, што хоць крыху, але дапамог хвораму дзіцяці.
…А вы ў курсе, што век многіх дрэў даўжэйшы за чалавечы? Напрыклад, елка еўрапейская жыве да  300-350 гадоў, дасягае 30-35 метраў і, цікавая адметнасць, расце яна ўсё жыццё. Наша ж дрэва наогул не мае ніякіх абмежаванняў, таму што сэрцы поўныя любві, відушчыя і чуйныя. Таму што не бывае чужой бяды. Таму што свет выратуе прыгажосць, а яна найперш мае душэўныя каардынаты. Таму што паняццю «дабрата» пасуе эпітэт «мудрая».
…У садзе маёй мары цягнецца да сонца наша агульнае дрэва пазнання дабра і дабраты. Вечназялёнае, круглы год у квецені і пладах, якому не генамадыфікаванасцю, а генамі чалавечнасці наканавана быць.
Вольга БАРАДЗІНА.