Баланс фінансавага інтарэсу захоўваюць прафесіяналы, для якіх галоўны клопат – бюджэт раёна

Пра фінансавую службу карэспандэнту «ЛВ» расказалі кампетэнтныя
субяседнікі начальнік фінаддзела  Ірына Страмавус (другая справа),
а таксама Ірына Маляр, Соф’я Асімовіч, Вольга Савасцюк, Вольга Равяка.

6 студзеня прафесійнае свята адзначаюць фінансавыя работнікі. Сёлета яно адметнае –  фінансавая сістэма нашай краіны святкуе векавы юбілей.
На Ляхавіччыне райфінаддзел быў створаны ў год нараджэння раёна – у студзені 1940-га. Ва ўсе часы тут працавалі высакакласныя спецыялісты. Прафесія лічыць і размяркоўваць грошы патрабуе асаблівай адказнасці, ашчаднасці, гаспадарлівасці. Усё гэта ўласціва сённяшнім гасцям «ЛВ»: начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Ірыне СТРАМАВУС, колішняму кіраўніку службы Ірыне МАЛЯР, яе калезе Соф’і АСІМОВІЧ, а таксама тым, хто плённа супрацоўнічае з райфінаддзелам, – галоўным бухгалтарам райбальніцы – Вользе РАВЯКА, аддзела па адукацыі райвыканкама – Вользе САВАСЦЮК.

Аддзел – адна каманда

Ірына СТРАМАВУС:
– Ад прафесіяналізму, вопыту і згуртаванасці калектыву фінансавага аддзела райвыканкама залежыць дакладнасць фарміравання і выканання бюджэту раёна, а таксама кантроль за мэтавым і эфектыўным расходаваннем бюджэтных сродкаў.
Бюджэт раёна забяспечвае якаснае і эфектыўнае функцыянаванне сацыяльнай сферы і вытворчага сектара і мае сацыяльную накіраванасць. На гэтыя мэты расходуецца каля 75 працэнтаў гэтых сродкаў. Прычым, больш за 40  працэнтаў сродкаў ідзе на фінансаванне ўстаноў адукацыі, 24 працэнты – аховы здароўя. Акрамя таго, бюджэтныя сродкі накіроўваюцца і ў сферу ЖКГ, аграпрамысловы комплекс і г.д.

Ірына МАЛЯР:
– Вельмі рада, што ў свой час трапіла на работу ў фінаддзел. 2 чэрвеня 1980 года быў мой першы працоўны дзень на пасадзе эканаміста па сельскай гаспадарцы. Потым працавала намеснікам загадчыка фінансавага аддзела, а на працягу 26 гадоў яго ўзначальвала. Прымаў мяне на работу Павел Паўлавіч Здановіч, якога на пасадзе змяніў Яўгеній Васільевіч Белавусаў. Вопытныя кіраўнікі дзяліліся ведамі з маладымі, вучылі на практыцы. Заўжды дапамагалі Зінаіда Бярнардаўна Русак, Валянціна Сцяпанаўна Самусевіч. Шліфавалі свае навыкі ў прафесіі разам з Яўгеніяй Прыхач, Галінай Хмарук.
Дзень у дзень са мной у фінаддзел уладкавалася Валянціна Зубік. З ёй, як і з Соф’яй Асімовіч, працавалі разам больш за тры дзесяцігоддзі. Калектыў быў дружны, дзейнічаў, як зладжаны механізм. Канешне, здараліся розныя сітуацыі. Напрыканцы 90-х, напрыклад, у бюджэце існаваў вялікі дэфіцыт сродкаў. Але нельга было не аплаціць пастаўкі прадуктаў у бальніцы, школы, падвоз школьнікаў з аддаленых вёсак. Дапамагала правільная расстаноўка прыярытэтаў.
Важкай падставай для гонару стала першае месца ў рэспубліканскім прафесійным спаборніцтве, якое наш фінаддзел заняў у год 80-годдзя фінансавай службы.
Ветэранам райфо ёсць што ўспомніць і акрамя работы. Разам былі і на суботніках, і на карпаратывах, і на адпачынку. А яшчэ сябравалі і абавязкова дапамагалі адзін аднаму.

Соф’я АСІМОВІЧ:
– Чатыры дзесяцігоддзі ў прафесіі – надзвычай важкая частка майго жыцця. Пачынала рэвізорам. Калі працавала намеснікам начальніка р айфінаддзела, сярод асноўных задач было фарміраванне бюджэту раёна.
Зазначу, што ў многіх арганізацыях бухгалтарскую службу ўзначальвалі выдатныя прафесіяналы. Не было
памылак у бухгалтэрыях Альхоўскага і Навасёлкаўскага сельвыканкамаў. Добра ведала сваю справу і колішні галоўны бухгалтар аддзела адукацыі Надзея Касцюк. А былы галоўны бухгалтар райбальніцы Таццяна Канаплянік – увогуле, можна сказаць, ас бухгалтарскай справы.

Ірына Страмавус:
– Сённяшні калектыў фінансавага аддзела працягвае лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў. Тамара Шумская і Наталля Дубовік працуюць у аддзеле за чвэрць стагоддзя кожная. Больш за дзесяцігоддзе аддалі справе Вольга Лойка, Наталля Цімошак, Зінаіда Цёсава, Святлана Нікішова. Разам мы – каманда, і не толькі на працоўным месцы. Актыўна ўдзельнічаем у суботніках, грамадска-палітычных мерапрыемствах, спартыўных і турыстычных спаборніцтвах, розных конкурсах.

Сацыяльны прыярытэт

Вольга САВАСЦЮК:
– Немалую частку бюджэту Ляха-віцкага раёна (каля 42 працэнтаў) займаюць расходы на ўстановы адукацыі. Гэта і заработная плата работнікаў, якая выплачваецца ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны, і харчаванне школьнікаў, выхаванцаў дзіцячых садкоў, іх падвоз да месца вучобы і назад. Бюджэтныя асігнаванні дазваляюць пастаянна абнаўляць і папаўняць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі раёна.
Фінаддзел райвыканкама не толькі забяспечвае своечасовае і поўнае фінансаванне сферы адукацыі, але і дадатковыя магчымасці. Летась, напрыклад, дадаткова прыцягнута 370 тысяч рублёў для правядзення капітальнага рамонту харчаблока Навасёлкаўскай СШ і набыцця аўтаномнай пажарнай сігналізацыі для СШ № 1. Наша задача –
выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі рацыянальна і эфектыўна.

Вольга РАВЯКА:
– Установы аховы здароўя таксама адносяцца да арганізацый, якія карыстаюцца бюджэтным фінансаваннем. Толькі ў мінулым годзе, напрыклад, на медыцыну выдаткавана амаль чвэрць агульнага аб’ёму раённага бюджэту. Забеспячэнне медустаноў лекавымі сродкамі, пацыентаў стацыянара – харчаваннем, набыццё новай медтэхнікі, аплата камунальных паслуг, зарплата работнікаў аховы здароўя – усё гэта і многае іншае гарантуе бюджэт.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя раёна зрасходавана летась больш за 135 тысяч рублёў. Акрамя таго, з бюджэту выдаткавана 72 тысячы рублёў на закупку медыцынскага абсталявання. У 2019 годзе плануецца абнаўленне яшчэ на 180 тысяч рублёў. Праводзіцца інфарматызацыя сістэмы аховы зда-роўя раёна: устаноўлена лакальная камп’ютарная сетка ў паліклініцы, аўта-матызаваны рабочыя месцы ўрачоў.

Ірына СТРАМАВУС:
– З нагоды стагоддзя фінансавай службы і прафесійнага свята жадаю ўсім сваім калегам, ветэранам, каб фінансы прымнажаліся і раслі. Няхай даходы заўсёды перавыконваюцца, расходы будуць збалансаванымі, а здароўе, любоў і радасць – заўжды з прафіцытам.
Матэрыялы круглага стала падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

З УЗНАГАРОДАЙ!

Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у фарміраванне і выкананне бюджэту раёна і ў сувязі са 100-годдзем ўтварэння фінансавай сістэмы Рэспублікі Беларусь узнагароджана галоўны бухгалтар фінансавага аддзела райвыканкама Наталля ДУБОВІК;
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за добрасумленную працу, прафесіяналізм і ў сувязі са 100-годдзем утварэння фінансавай сістэмы Рэспублікі Беларусь – загадчыца сектара планавання і выканання бюджэту фінансавага аддзела райвыканкама Вольга ЛОЙКА.
Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў адзначана вядучы бухгалтар фінансавага аддзела райвыканкама Ганна БОЛТУЦЬ.
Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у фарміраванне і выкананне бюджэту раёна і ў сувязі са 100-годдзем утварэння фінансавай сістэмы Рэспублікі Беларусь аб’яўлена начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Ірыне СТРАМАВУС.