Наша Даша і фартэцыя. У Мінску вызначылі лепшых юных экскурсаводаў. Сярод іх і наша 12-гадовая зямлячка

Навучэнка Малагарадзішчанскай  сярэдняй школы  Дар’я Наскавец удастоена дыплома I ступені Міністэрства адукацыі.

20-21 снежня ў  Мінску ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Збяры Беларусь у сваім сэрцы» прайшоў  рэспубліканскі форум юных экскурсаводаў. Сярод больш як ста яго ўдзельнікаў і наша Даша Наскавец з педагогам-арганізатарам Надзеяй Лапіч. Падчас конкурсу  юных экскурсаводаў  «З чаго пачынаецца Радзіма…» юныя беларусы расказвалі пра малую радзіму і прэзентавалі экскурсійныя маршруты па сваім краі.
Наша зямлячка сярод канкурсантаў засвяцілася ярка і выразна. Сямікласніца прадставіла экскурсійны маршрут, у які ўвайшлі цудоўныя куточкі ляхавіцкай зямлі: сядзібна-паркавы ансамбль «Грушаўка», палацава-паркавы комплекс «Савейкі», а яшчэ зацікавіла гісторыя колішняга Ляхавіцкага замка. Дзяўчынка цікава расказала і пра сучасныя Ляхавічы.
Журы адзначыла крэатыўнасць і арыгінальны падыход у раскрыцці тэмы.  Захапляльнае падарожжа па родным краі распрацавана з выкананнем усіх экскурсійных  патрабаванняў. У ім прадугледжаны пераходы ад аднаго аб’екта да другога, падрыхтаваны  пашпарт, складзена нітка маршрута і г.д. Маецца і партфель экскурсавода з  фотаздымкамі, дэманстрацыйнымі карткамі  і  іншым.
Інтарэс выклікаў у журы і ўдзельнікаў форума макет Ляхавіцкай фартэцыі.  Яго разам рабілі педагогі, рабяты, дапамагаў нават школьны вадзіцель. Дапоўніла і ўзмацніла настрой прэзентацыі віртуальная відэаэкскурсія.
Дар’я  Наскавец стала лепшай ва ўзроставай катэгорыі з 14 гадоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва Малагарадзішчанскай школы.