У дзелавым стылі

Першы ў гэтым годзе рабочы прыезд у наш раён для дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леаніда Цупрыка быў па-дзелавому насычаным. Традыцыйна прыём грамадзян па асабістых пытаннях член парламента праводзіў сумесна са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Леанідам Калбаса. Пяць зваротаў нашых землякоў паказалі даволі шырокую тэматыку праблем, якія іх хвалююць. Напрыклад, узнімаліся пытанні, якія датычылі закрыцця Зубелевіцкага сельскага клуба, добраўпарадкавання вуліцы Першамайскай у райцэнтры, праблемы спажывецкага кааператыву «Сучасны дом». Адным з заяўнікаў была агучана прапанова па новым парадку аплаты дарожнага збору, што цяпер вынесены на грамадскае абмеркаванне.
Леанід Цупрык уважліва выслухаў усіх, хто звярнуўся да яго са сваімі пытаннямі і праблемамі. Па некаторых з іх адразу былі дадзены тлумачэнні. Частка зваротаў патрабуе дадатковага вывучэння. Член парламента і старшыня раённага Савета дэпутатаў у бліжэйшы час удакладняць пэўныя акалічнасці і нюансы, звязаныя з магчымасцю вырашэння ўзнятых праблем.
Што датычыць культурнага жыцця ў вёсцы Зубелевічы, то, як запэўніў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк, плануецца, што вяскоўцы змогуць карыстацца будынкам клуба для арганізацыі вольнага часу і адпачынку. Тут будуць праводзіцца і мерапрыемствы, наладжаныя сельскай бібліятэкай, і выязныя. Адным словам, было б жаданне – а магчымасці застаюцца.
Дарэчы, гаспадаром будынка па-ранейшаму застаецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Маргарыты КУХТА.