Савет і справа

Напрыканцы года адбылося чарговае пасяджэнне савета па развіцці прадпрымальніцтва пры раённым выканаўчым камітэце. У склад пастаянна дзеючага органа ўваходзіць паўтара дзясятка чалавек, у тым ліку вядомыя ў раёне прадпрымальнікі. Адметнасцю гэтага збору можна лічыць яго фармат: акрамя членаў савета, да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны многія кіраўнікі прадпрыемстваў сферы малога і сярэдняга бізнесу раёна.

Размова атрымалася рознабаковай, аднак, у той ці іншай ступені тычылася тэмы працоўнай занятасці. Згадвалі, якія меры прымаюцца раённай уладай у мэтах спрыяння занятасці насельніцтва, якія дакументы рэгламентуюць нормы і накіраваны на садзейнічанне эканамічнай занятасці людзей. Гаварылі пра аб’екты нерухомасці, якія знаходзяцца ў раённай камунальнай уласнасці, але не выкарыстоўваюцца і выстаўлены на продаж з мэтай арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.
Прагучалі адрасы некаторых аб’ектаў, якія параўнальна нядаўна набылі новых гаспадароў і новы – вытворчы – статус. Сярод іх – будынкі колішняга дзіцячага садка ў аграгарадку Конькі і Сваятыцкай базавай школы. І там, і там зараз наладжана вытворчасць пластыкавых вокнаў. У 2018 годзе «з малатка» пайшлі будынкі былых Шавялёўскага ФАПа, лазні ў аграгарадку Нача, былога інтэрната ў Сваятычах, школы ў Ганчарах.
Удзел у рабоце пашыранага савета па развіцці прадпры-мальніцтва пры райвыканкаме прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, намеснік старшыні райвыканкама і намеснік кіраўніка савета па развіцці прадпрымальніцтва Андрэй Навагран.

Іван КАВАЛЕНКА.