Настрой надзеі

У гарадскім Доме культуры 3 студзеня было святочна і ўрачыста, а яшчэ па-дамашняму цёпла і ўтульна. Нагода – векавы юбілей сацыяльнай службы.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса не па словах знаёмы з дзейнасцю гэтай сферы – раней узначальваў упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Да былых калег ён звярнуўся з цёплымі словамі, выказаў шчырую ўдзячнасць за прафесіяналізм і адданасць справе, пажадаў добрага настрою і ўпэўненасці, а таксама ўручыў заслужаныя ўзнагароды ад райвыканкама і райсавета, раённай арганізацыі ГА «Белая Русь».
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што сацыяльны работнік – не проста прафесія, а лад жыцця, у якім вызначальныя жаданне і ўменне падставіць надзейнае і моцнае плячо ў цяжкай сітуацыі, абараняць інтарэсы людзей. У нашых юбіляраў гэта выдатна атрымліваецца. Святлана Юрлевіч уручыла ганаровыя граматы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама начальніку аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення Ірыне Пабягайла і загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Святлане Несцяровіч, а таксама іншыя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам службы.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Мікалай Юруць таксама з сацработнікаў, шмат гадоў быў кіраўніком адпаведнага ўпраўлення райвыканкама. Сваіх калег віншаваў сардэчна – песняй. Гучалі ў той дзень успаміны з танальнасцю настальгіі, далёкая і блізкая гісторыя, прозвішчы тых, хто з гонарам называў і называе сябе сацработнікам. У калейдаскопе добрых пажаданняў ад сяброў, партнёраў, калег і суседзяў – і словы прывітання ад колішняга кіраўніка падраздзялення, сёння першага намесніка старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіла Палуяна.
А падарункам для ўсіх стала канцэртная праграма ад самадзейных артыстаў. Яркі штрых свята – вершавана-музычныя віншаванні ад дзяцей супрацоўнікаў сацыяльнай сферы.
…На экране мільгаюць кадры з жыцця сацыяльнай службы. Іх многа, як і доб-рых спраў гэтых работнікаў. А сярод фотаздымкаў пажаўцелыя ад часу лісты паперы з аўтабіяграфіямі, у якіх мастком між пакален- нямі радкі: «…хачу працаваць у сацзабеспячэнні…».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса ўручыў сацыяльным работнікам заслужаныя ўзнагароды.