На гэты раз Баранавічы апладзіруюць Ляхавічам

На самым фінішы года адбыўся чэмпіянат Брэсцкай вобласці па барацьбе дзюдо і самба сярод мужчын і жанчын. Гэта штогадовае спаборніцтва для атлетаў узроставай катэгорыі «16 плюс». Сёлета, аднак, арганізатары падкарэкціравалі ўзроставы цэнз і дазволілі праверыць сябе на дарослым узроўні юным – 2003 года нараджэння – пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх турніраў. Такім чынам, у Баранавічах сабраліся прадстаўнікі больш дзясятка школ дзюдо-самба Брэстчыны.

Хаця віды барацьбы і блізкія, трэнер-выкладчык СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Віктар Богуш лічыць, што пераключыцца з аднаго на другое для многіх атлетаў стала больш складана. Аднак, адзначае спецыяліст, ёсць і ўніверсалы барацьбы. Да ліку такіх можна аднесці і двухразовых пераможцаў і прызёраў гэтага чэмпіянату.
Сёння медальнае выступленне па дзюдо, заўтра – па самба – па такой формуле ў Баранавічах выступілі і некаторыя выхаванцы ляхавіцкай школы адзінаборстваў. Двойчы, за перамогу ў спаборніцтве і па дзюдо, і па самба, на вышэйшую прыступку п’едэстала падымалася Кацярына Ракуць. Да абласнога чэмпіёнства па дзюдо Кацярына Анціпавава на наступны дзень дабавіла званне бронзавага прызёра ў спаборніцтве самбістак. Двойчы трэцімі сталі ў Баранавічах Вераніка Хвясько і Аляксандр Ракуць. У скарбонцы Ягора Прыхача віцэ-чэмпіёнства па самба і бронза па выніках выступлення ў першы дзень спаборніцтва.
Акрамя названага россыпу медалёў, на рахунку ляхавічан яшчэ два вышэйшыя тытулы: Данііл Касянкоў стаў у сваёй вагавай катэгорыі чэмпіёнам Брэстчыны па дзюдо, а Ульяна Шчарбакова – па самба. Настаўнікамі нашых чэмпіёнаў і прызёраў з’яўляюцца ці з’яўляліся Віктар Богуш і Рашыд Байрашэўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.