Высокая вартасць. Прэзідэнт уручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама прэміі «Беларускі спартыўны Алімп»

Паняцце «духоўнае адраджэнне» з’яўляецца для беларускага народа не проста прыгожай метафарай, а гімнам яго лёсу, падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўзнагароджвання, якая  адбылася 9 студзеня.

Прэзідэнт адзначыў, што на долю беларускай зямлі выпала шмат выпрабаванняў, але яна заўжды адраджалася і пачынала квітнець яшчэ больш. «Стагоддзямі выхоўваўся і гартаваўся наш нацыянальны характар. Мы сталі больш мудрымі, талерантнымі, а самае галоўнае– больш моцнымі ў сваёй веры ў дабрыню», – падкрэсліў  Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што мастацтва, якое нарадзілася на беларускай зямлі, заўсёды мела стваральны характар, таму багатая спадчына продкаў і сёння праслаўляе Беларусь, а імёны многіх асветнікаў, дзеячаў культуры, палітыкі і навукі занялі пачэснае месца на старонках сусветнага летапісу.
«І мы ганарымся сваёй гісторыяй і зямлёй – радзімай славутых людзей, нашых з вамі суайчыннікаў. Ведаем свае карані, шануем традыцыі. Лёгка прымаем усё новае – галоў- нае, каб яно не супярэчыла нашым законам і каштоўнасцям, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Ва ўмовах, калі свет губляе духоўныя арыенціры, імкнёмся захаваць унутраную чысціню».
І гэта, падкрэсліў Прэзідэнт, адбываецца не само па сабе, а дзякуючы асабістаму прыкладу і актыўнай дзейнасці цудоўных людзей з велічнымі ідэямі, высакароднымі імкненнямі, людзей шчырых і бескарыслівых у сваіх справах. «Іх праца не вымяраецца лічбамі і нейкімі эканамічнымі паказчыкамі. Яна не мае цаны і, безумоўна, заслугоўвае прызнання і на самым высокім дзяржаўным узроўні, павагі і ўдзячнасці ўсяго беларускага народа», – перакананы ён.
Па выніках 2018 года прысуджаны чатыры прэміі «За духоўнае адра-джэнне». Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.
Высокай узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка, аўтараў музыкі і тэкстаў песень, за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве, стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага напрамку.
Прэмія прысуджана калектывам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што садзейнічае прымнажэнню духоўнай спадчыны.
Калектыў Беларускага дзіцячага хоспіса ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне» за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, сцвярджэнне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, значны ўклад у стварэнне нацыянальнай сістэмы дзіцячай паліятыўнай медыцынскай дапамогі, будаўніцтва на дабрачыннай аснове і арганізацыю работы дзіцячага хоспіса ў пасёлку Вопытны Мінскага раёна.
Узнагароды ўдастоены калектыў Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця за значны ўклад у сцвярджэнне маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на сацыялізацыю асоб з абмежаванымі магчымасцямі.
За выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны дзевяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Высокай узнагароды ўдастоены заслужаны калектыў Беларусі «Акадэ-мічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» за выдатныя дасягненні ў галіне музычнага мастацтва, рэалізацыю ў 2017-2018 гадах патрыятычнага творчага праекта «Айчыне служым».
Калектыву Пастаўскага ТЦСАН спецыяльная прэмія Прэзідэнта прысуджана за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, актыўную гуманітарную і дабрачынную дзейнасць, захаванне рэгіянальных і культурных традыцый.
Сярод лаўрэатаў таксама калек-тыў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, калектыў народнага сямейнага ансамбля «Сваякі» філіяла «Дом культуры аграгарадка Юбілейны» Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, народны інструментальны ансамбль «Нясвіжскія лыжкары», магістрант Інстытута магістарскай падрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, уладальніца тытулаў «Міс Беларусь — 2018» і «Міс свету Еўропа» Марыя Васілевіч.
Высокай узнагародай адзначаны аўтарскі калектыў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў складзе начальніка ўпраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета ФПБ Сяргея Камадзея, яго намесніка Алены Голубевай, старшыні Ганцавіцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Наталлі Кандратовіч за выдатныя дасягненні ў галіне эстраднага мастацтва і правядзенне ў 2018 годзе цыкла канцэртаў рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі «Мы – разам!», прымеркаванай да Года малой радзімы.
У спіс лаўрэатаў таксама ўключаны творчы калектыў былых малалетніх вязняў фашызму «Лёсы» за значныя дасягненні ў справе захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, патрыятычнае выхаванне моладзі, дастойнае прадстаўленне Беларусі ў час акцыі «Не фашызму! Дзяцінства без вайны!».
Прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» удастоена спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Вольга Мазуронак за паспяховыя выступленні на міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку перамогу ў 2018 годзе на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы.
Намеснік загадчыка аддзела спар-тыўнага вяшчання ЗАТ «Другі нацыя-нальны тэлеканал» Барыс Герстэн прадстаўлены да прэміі за папулярызацыю фізічнай культуры і спорту, прапаганду здаровага ладу жыцця.
Старшы трэнер-выкладчык па спорце аддзялення скачкоў на батуце Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №3 Ірына Бараноўская стала лаўрэатам за падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, чэмпіёнаў і прызёраў чэмпіянатаў Еўропы, свету, іх этапаў.
Пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод для ўдзельнікаў вечара адбыўся святочны канцэрт «Раство. Радзіма. Адра- джэнне», на якім былі выкананы шэдэўры сусветнай і айчыннай класічнай музыкі, лепшыя песні беларускіх кампазітараў, харэаграфічныя замалёўкі і літара-турныя нумары.
Адзін з нумароў выканала лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» спявачка Юлія Быкава, а акампаніраваў ёй малодшы сын Прэзідэнта Мікалай са сваім выкладчыкам Аленай Асташкінай-Мысліўчык.
Па матэрыялах БЕЛТА.