#Міліцэйскі2018. Знаёмцеся з лепшымі супрацоўнікамі Ляхавіцкага РАУС па выніках мінулага года

У навагоддзе практычна ў кожнага карыстальніка любой сацыяльнай сеткі можна было сустрэць пост пра дасягненні 2018-га, фотападборку яркіх момантаў адыходзячага года і, безумоўна, спадзяванні, што новы стане яшчэ лепшым і багацейшым на добрыя падзеі.

Хэштэгі #дзякуй2018 #вынікі2018#Новыбудзелепш  і г.д. запаланілі прасторы інтэрнэту. Няхай і не пад хэштэгамі вынікі года падводзяць у кожнай арганізацыі  і прадпрыемстве, «ЛВ»прапануе пагартаць газетны слайдар #Міліцэйскі2018. Знаёмцеся з лепшымі супрацоўнікамі РАУС па выніках мінулага года.

Усё, што датычыць пашпартных нюансаў, а таксама замежных грамадзян, іх часу і умоў знаходжання ў Беларусі, дакладна адкажа, пракансультуе інспектар аддзялення па грамадзянстве і міграцыі капітан міліцыі Юрый Дзямід. Скрупулёзны, уважлівы, дакладны – такі ён у рабоце. Дзявяты год са сваёй міліцэйскай дзясяткі займае гэту пасаду. І хоць яна ў многім звязана з «папяровымі» клопатамі, ад гэтага не менш адказная і важная.
Наш райцэнтр оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку капітан міліцыі Андрэй Чаранкевіч ведае ад «а» да «я»: гэта яго зона аператыўнага абслугоўвання. Папярэдзіць, спыніць, раскрыць злачынства, зрабіць так, каб землякі адчувалі сябе бяспечна, спакойна, упэўнена – галоўная задача оперупаўнаважанага.
– Для яе выканання, – упэўнены Андрэй Мікалаевіч, – да прафесійных ведаў неабходна дадаць стараннасць, працавітасць, уважліваць.
Раскрывальнасць злачынстваў па горадзе за мінулы год склала больш за 80 працэнтаў (з 48 злачынстваў раскрыта 40).
Прыгожая, абаяльная Таццяна Шкода ў райаддзеле міліцыі інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі працуе паўтара гады. І не скажаш, што гэта мініяцюрная дзяўчына служыла ў Баранавіцкім СІЗА. У асноўным даводзіцца працаваць з людзьмі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Яна ўпэўнена, кожны мае права пачаць нанова, галоўнае –  не паўтараць памылак. Над чым і працуюць лейтэнант міліцыі Таццяна і яе калегі – дапамагаюць людзям, якія аднойчы аступіліся, наладзіць жыццё.
На ўліку крымінальна-выканаўчай інспекцыі знаходзяцца 214 чалавек.
Пра Яўгенія Вайшэвіча можна сказаць так: яго ведаюць усе, і ён ведае ўсіх. Нічога дзіўнага, ён – участковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.
– Гэта адна з галоўных умоў паспяховай службы ўчастковага. Калі цябе паважаюць, давяраюць вырашэнне праблем, а часам і з разраду не па статуце, калі імкнуцца дапамагчы, падказаць тое, што засталося незаўважаным, – гаворыць участковы, – хочацца працаваць без аглядкі на час і стомленасць.
Яго падначаленая тэрыторыя – дзевяць вёсак Начаўскага сельсавета, дзе пражываюць больш за 1800 чалавек. Карэспандэнт «ЛВ» размову вёў са старшым лейтэнантам Вайшэвічам, а 11 студзеня Яўгеній прымераў капітанскія пагоны. Віншуем!
Выяўленне эканамічных злачынстваў, барацьба з карупцыяй і шматлікія спадарожныя гэтаму справы ў штодзённым раскладзе старшага оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі маёра міліцыі Арцёма Сідарэнкі. З саліднага міліцэйскага стажу (13 гадоў) – чатыры служыць у Ляхавіцкім РАУС. У рабоце важным лічыць уменне дакладна распланаваць свой дзень і граматна змяніць планы, калі таго патрабуе надзвычайны выпадак.
У мінулым годзе на Ляхавіччыне выяўлена і раскрыта 9 эканамічных злачынстваў.

Маргарыта КУХТА. Фота аўтара.