Класны летні варыянт

Лета — для многіх юнакоў і дзяўчат не толькі час  адпачынку перад чарговым навучальным годам, але і добрая магчымасць папрацаваць і падзарабіць грошай. Канешне, самы класны варыянт — студэнцкія будаўнічыя атрады. Аднак, існуе і шмат іншых формаў і месцаў працаўладкавання ў час канікулаў, што  і пацвярджае сёлетні працоўны семестр на Ляхавіччыне.

Што аб’ядноўвае «Хвалю», «Летуценнікаў», Марту Граблюк, Віталія Зайцава? Працоўнае лета!

Упершыню быў сфарміраваны  педагагічна-студэнцкі атрад «Хваля», які працаваў на 3-й змене ў аздараўленчым дзіцячым лагеры «Чайка». Змена    завяршылася, і  з упэўненасцю можна зазначыць, што дзяўчаты  (студэнткі педагагічных    ВНУ) са сваёй галоўнай місіяй — зрабіць адпачынак  рабят цікавым, запамінальным і бяспечным, а заадно паднабрацца вопыту  — справіліся на выдатна», — гаворыць першы сакратар райкама  БРСМ Ларыса Юшкевіч.  Студэнткі-старшакурсніцы Баранавіцкага, Брэсцкага і Палескага  дзяржаўных універсітэтаў, актывісткі бээрсээмаўскага руху Настасся Карчэўская, Вольга Уласень, Вікторыя Русакевіч, Яўгенія Мажэйка, Людміла Круглік, Ірына Хлапянік пад кіраўніцтвам камандзіра атрада  Марыны Сайко (усе дзяўчаты родам з Ляхавіччыны)  не проста адпрацавалі  цэлую змену ў якасці педагогаў, але і вучыліся ў  настаўнікаў са стажам, праявілі якасці  арганізатара і псіхолага, добра адпачнулі самі і да таго ж зарабілі грошай.

«Гэта мая першая педагагічная практыка ў летніку. І вельмі рада, што трапіла менавіта ў «Чайку», на гэту змену, дзе ў нас, практыкантаў, склаліся цудоўныя адносіны ў калектыве.  Я даведалася шмат новага, цікавага і ўпэўнена, што гэты, хоць і невялікі, вопыт вельмі спатрэбіцца ў будучай прафесійнай дзейнасці», — дзеліцца  ўражаннямі Настасся Карчэўская.

«Лагер — гэта не  толькі  практыка і адпачынак, але нешта значна большае і важнае. Я адкрыла для сябе і ў сабе шмат новага. Вялікі дзякуй за дапамогу і падтрымку начальніку лагера Надзеі Пятроўне Патапчык, маёй напарніцы па атраду  Алене Уладзіміраўне Бычкоўскай, усім педагогам. Планую і наступным летам папрацаваць тут», — далучаецца да слоў Насці Ірына Хлапянік.

«Мы не паспелі азірнуцца, як змена завяршылася.  Сапраўды, «Чайка» — гэта клас, вышэйшая якасць.  Мы ўсе — і рабяты, і дарослыя — жылі адзінай дружнай сям’ёй.  Метадычную і  практычную дапамогу нам, важатым-навічкам, аказвалі старшая важатая Вольга Прыхач і педагог-арганізатар Наталля Хлапянік.  А рабяты 5-га атрада, дзе я працавала важатай, і ўвогуле сталі такімі роднымі, вельмі цяжка было развітвацца. Радуе, што буду працаваць у «Чайцы» і на 4-й змене», — расказвае камандзір студэнцкага атрада Марына Сайко.

Атрад працоўна-вучнёўскай моладзі «Летуценнікі», таксама арганізаваны райкамам БРСМ, паспяхова дзейнічае  на заводзе ўпаковачных матэрыялаў. У асноўным у яго ўвайшлі навучэнцы ЛДАКа, але ёсць і сёлетнія выпускнікі СШ № 1.

Яшчэ напрыканцы мінулага года з просьбай аб працаўладкаванні на летніх канікулах  звярнуўся ляхавічанін Віталій Зайцаў, які вучыцца ў Ганцавіцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Сёння юнак выконвае абавязкі паштальёна ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі. «Віталій — адказны, старанны, вельмі добрасумленна адносіцца да ўскладзеных на яго абавязкаў.  Ён разносіць газеты, часопісы, паштоўкі і пісьмы па адрасатах», — расказвае пра работу Віталія Зайцава намеснік начальніка гарадскога аддзялення сувязі Людміла Буйкевіч. Сам юнак сціпла сцвярджае, што проста выконвае свае абавязкі,а  яшчэ, што вельмі ўдзячны сваёй цётачцы,  якая дапамагае яму, раіць і падтрымлівае.

Навучэнка Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Алена Курылік пасля здачы  сесіі не спяшалася дамоў у Ганцавіцкі раён, а таксама з дапамогай РК БРСМ уладкавалася на працу прыбіральшчыцай у магазін «Радуга».  Некаторыя збіраюць ураджай ягад у  фермерскай гаспадарцы «Уладзімір плюс».

«На жаль, не ўсім рабятам, якія звярнуліся за дапамогай аб працаўладкаванні, удалося дапамагчы.  На сайт БРСМ былі дасланы 4 заяўкі аб працаўладкаванні летам ад школьніц з гарадскіх і сельскіх школ.  Дзвюм дзесяцікласніцам  Мядзведзіцкай СШ было прапанавана  папрацаваць швачкамі ў «Ажуруне». Акрамя зарплаты, для дзяўчат прадугледжваўся яшчэ адзін бонус: работа ішла ў залік вытворчай практыкі як для навучэнак вучэбна-вытворчага камбіната. Аднак яны не згадзіліся выходзіць на работу, бо іх не задаволіла прапанаваная заработная плата. Некаторыя адмовіліся працаваць у прадпрымальнікаў —  справа ў большасці выпадкаў таксама ў  размеры аплаты», — расказвае Ларыса Юшкевіч.

Акрамя рабят, якія ўладкоў валіся на працу з дапамогай маладзёжных арганізацый, ёсць і такія, хто шукаў летні падзаробак з дапамогай бацькоў ці знаёмых або самастойна. Студэнты розных ВНУ і ССНУ працуюць на заводах «Інтэрлак» і «Металапластмас». Некаторыя юнакі і дзяўчаты дапамагаюць гаспадаркам ва ўборцы ўраджаю.  Так, будучы юрыст, а пакуль студэнтка  Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта  Марта Граблюк у экіпажы з бацькам Генадзіем Іванавічам    на магутным ДжонДзіры на ўрадлівых палетках  СВК «Ляхавіцкі» ўбірае хлеб. Прычым сямейны экіпаж Граблюкоў — сярод лідараў раённага спаборніцтва на жніве-2012.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *