Працоўная перамога хлебаробаў райаграсэрвісу

Стала добрай традыцыяй, што плённая, добрасумленная і адказная праца на палетках роднай гаспадаркі прыносіць старшаму камбайнеру  райаграсэрвісу Андрэю Юруцю  не толькі матэрыяльны дабрабыт, а радасць, задавальненне і чарговыя значныя працоўныя дасягненні — перамогі ў спаборніцтве на ўборцы зерневых і зернебабовых на  раённым, абласным і рэспубліканскім узроўні. Чацвёрты год запар Андрэй Юруць са сваімі памочнікамі-камбайнерамі першым на Ляхавіччыне намалочвае тысячу тон збожжа. У 2009 годзе менавіта Андрэй стаў пераможцам рэспубліканскага маладзёжнага спаборніцтва на жніве. Ключы ад аўтамабіля «Волга» на «Дажынках-2009» у Кобрыне Андрэю ўручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Тое жніво для механізатара было не толькі дэбютным, але надзвычай паспяховым. І з году ў год ён пацвярджае клас і статус аднаго з лепшых на ўборцы.

У мінулую сераду на адным з зерневых палеткаў вытворчага ўчастка райаграсэрвісу «Адахаўшчына» было шмат гасцей. Старшыня  райвыканкама Дзмітрый Бурдук, назіраючы, як залаты паток зерня    сыплецца з бункера камбайна ў кузаў аўтамабіля, з гонарам адзначыў:

— Вось з такіх ручайкоў утвараецца вялікае хлебнае мора. А сёлетні ўраджай па-сапраўднаму радуе і абяцае быць значна лепшым, чым мінулагоднія. Цяперашні сярэднераённы паказчык па ўраджайнасці 47,6 цэнтнера з гектара — яшчэ далёка не мяжа. Гэтаму паспрыялі і надвор’е, якое шчодра адарыла зямлю і дажджом і сонцам, і сучасныя агратэхнічныя мерапрыемствы.  Але галоўная заслуга ў такіх намалотах — хлебаробаў, якія самааддана, рупліва шчыруюць на хлебнай ніве.

Візіт кіраўніка раёна на зерневыя палеткі райаграсэрвісу меў святочную і нават стратэгічную нагоду. Экіпаж у складзе старшага камбайнера Андрэя Юруця і камбайнера Юрыя Сяргея дасягнулі значнай, але, ёсць усе падставы спадзявацца, не апошняй перамогі на сёлетняй уборцы — яны першыя ў раёне «тысячнікі» па намалоце зерня новага ўраджаю.

Уключыўшыся ў напружаную работу з першага ўборачнага дня, хлебаробы райаграсэрвісу ўвесь спрыяльны час у рабоце. Як адзначыў Дзмітрый Бурдук, каб сёлета стаць пераможцам і трапіць на рэспубліканскія «Дажынкі», агульны намалот па выніках усяго жніва павінен перавышаць 2000 і нават 3000 тон   збожжа. Вось чаму на ўборцы кожная хвіліна на вагу золата. Таму Андрэй і Юрый усяго на кароткі тэрмін спынілі работу і пакінулі сваё працоўнае месца ў кабіне камбайна — каб прыняць віншаванні.

— Кожная ўборка для мяне важная і адказная. Але сёлетняя — асаблівая. Такі цудоўны ўраджай атрымалі! Усё зробім, каб сабраць без страт да апошняга зярнятка, — не хаваючы задавальнення, зазначыў старшы камбайнер. Дзмітрый Бурдук павіншаваў экіпаж з працоўнай перамогай, уручыў падарункі і пажадаў новых поспехаў. Да віншаванняў далучыліся таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Вайцешык і дырэктар ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Дзмітрый Несцяровіч, для якога гэта першае жніво ў якасці кіраўніка прадпрыемства.Песнямі віталі экіпаж з працоўнай перамогай самадзейныя артысты Адахаўшчынскага СДК (на здымку).

Непрацяглая размова, прыемная нагода для кароткага перапынку — уручэнне вымпелаў перадавікоў, грашовых прэмій і зноў за працу. Такі расклад жніва.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *