Гарачыя сезоны. Пры любым надвор’і ў любы час сутак яны гатовы супрацьстаяць надзвычайнай сітуацыі, таму што яны – выратавальнікі

Змена № 2 ПАВЧ № 1 г. Ляхавічы на чале з начальнікам
каравула Паўлам Панфіла спяшаюцца на дапамогу.
Камандзір аддзялення ПАВЧ № 14 в. Шчэрбава
Аляксандр Заплёцін, вадзіцель Віктар Янушкевіч.

Надзейнасць і трываласць, смеласць і аператыўнасць узгадваюцца ў першую чаргу, калі гаворка датычыць людзей гэтай мужнай прафесіі. Горача круглы год, незалежна ад сезона, таму што ў самых складаных выпадках людзі тэлефануюць па нумарах 112 і 101. Служба выратавання заўсёды ў поўнай баявой.
Статыстыка аператыўнай сітуацыі па Ляхавіцкім РАНС у мінулым годзе такая: зарэгістраваны 234 выезды, з іх 171 – на ачагі ўзгарання, у тым ліку 34 – на пажары; 63 аварыйныя выклікі датычылі іншых абставін (разлітая ртуць, гнёзды вос, шэршняў, дарожна-транспартныя здарэнні, зачыненыя дзверы, калі і ключы зачынены… і г.д.).
Эканамічная эфектыўнасць прафесійнай дзейнасці ляхавіцкіх выратавальнікаў эквівалентная суме 150 тысяч рублёў (на такія грошы яны «не дазволілі» пажывіцца агню), плюс 38 пабудоў і 4 адзінкі тэхнікі адбітыя ад агню. За гэтымі лічбамі тая самая «гарачыня», якая ўласціва раскладу супрацоўніку РАНС, падкрэслівае выконваючы абавязкі начальніка райаддзела маёр унутранай службы Сяргей Гатоўчыц. Раёнка менавіта яго запрасіла азірнуцца на год мінулы і вызначыць, так бы мовіць, нетрывіяльныя фрагменты з жыцця выратавальнікаў. І вось пра што даведаліся.

◄ У красавіку тушылі лясны пажар двума кіламетрамі заходней вёскі Залужжа. Быў моцны вецер, але атрымалася аператыўна ліквідаваць узгаранне на ранняй стадыі і не дапусціць распаўсюджвання да верхавога (гэта калі гарыць верхняя частка дрэў, такія пажары хутка распаўсюджваюцца на вялікую плошчу і вельмі цяжка паддаюцца тушэнню). Апошні лясны пажар (цьфу-цьфу!) у раёне быў зарэгістраваны ў 2011 годзе.

◄ Сумесна з аддзелам па адукацыі райвыканкама адкрылі дзіцячую гульнявую пляцоўку ў гарадскім дзіцячым садку № 4. Пачалі работу па абсталяванні класа бяспекі ў СШ № 2.

◄ Арганізавалі групу выратавання на вадзе (ГВВ) з ліку работнікаў РАНС, якія прайшлі навучанне па ўстаноўленых праграмах падрыхтоўкі «выра-тавальнік-плывец» і здалі залік на допуск да выканання аварыйна-выратавальных работ на вадзе (лёдзе). Атрымалі адпаведнае абсталяванне (вадалазная паўмаска, дыхальная трубка, спецыяльныя гідракасцюмы, неапрэнавыя пальчаткі і боты, выратавальныя круг і дошка і інш.).

◄ Каманда Ляхавіцкага РАНС пяць гадоў запар выходзіць пераможцай чэмпіянату раёна па валейболе і лёгкай атлетыцы, штогод становіцца прызёрам і пераможцай абласных спаборніцтваў па шматбор’і выратавальнікаў. Летась занялі трэцяе месца з 18-ці каманд.

◄ Арганізавалі актыўны ўдзел юных землякоў у творчым конкурсе «Выратавальнікі вачамі дзяцей». Дарэчы, 9-класніца Навасёлкаўскай СШ Дар’я Усакоўская заняла на яго абласным этапе першае месца, на рэспубліканскім – другое.

◄ Не пакідалі ў бядзе не толькі людзей. Давялося ратаваць карову, якая адбілася ад статка і вырашыла «скупнуцца» ў рацэ Ведзьма. У ёй і пачала тануць. Выратавальнікі загналі рагулю ў меліярацыйны канал і з цяжкасцю ўжо знясіленую выцягнулі на бераг. Трохі пазней сталі хуткай дапамогай для трох буслоў. І такое ў раскладзе службы бывае.

◄ Удзельнічалі ў даволі складанай аперацыі – выцягвалі з кювета новенькі грузавік (як аўто туды трапіла – не ўдакладняецца) арыенці-ровачным коштам 60 тысяч еўра. Скарыстоўвалі дорагакаштуючую спецтэхніку адной з мінскіх арганізацый. Падобнай аперацыі на тэрыторыі раёна, мусіць, раней не праводзілася.

Калі чуецца сігнал трывогі, калі на дарозе з’яўляецца чырвоны спецаўтамабіль выратавальнікаў, іншыя ўдзельнікі руху безагаворачна прызнаюць яго прыярытэт: значыць, недзе надзвычайнае здарэнне і, магчыма, лік ідзе на хвіліны. У лепшым выпадку тлумачэннем сірэны могуць стаць трэніроўка ці вучэнне, без якіх, вядома, ну ніяк нельга гэтай службе. А яшчэ супрацоўнікі РАНС могуць выдатна прэзентаваць сваю шматпланавую дзейнасць і зону адказнасці, што яны і робяць у абавязковым парадку 25 ліпеня – у Дзень пажарнай службы.
Ёсць добра вядомае пажаданне выратавальнікам: сухіх вам рукавоў! Да яго хочацца дадаць: няхай будні і святы будуць бяспечнымі, паспяховымі, радаснымі, жыццесцвярджальнымі.

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік каравула  Юрый  Таранда  і камандзір  маддзялення  Павел  Радзюк.

ФАКТ

20 гадоў назад было створана Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. І, адпаведна, Ляхавіцкі райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Сёння ў РАНС: тры пажарна-аварыйна-выратавальныя пасты – Ліпскі, Тальмінавіцкі, Шчэрбаўскі і ПАВ-часць у Ляхавічах. На ўзбраенні 11 спецаўтамабіляў і ўся амуніцыя для ліквідацыі надзвычайных здарэнняў. Службу нясуць 60 выратавальнікаў.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА