Лясная душа

А вы можаце дакладна паставіць дыягназ хвораму дрэву і назначыць правільнае лячэнне? А беспамылкова «прачытаць» птушыныя ці звярыныя сляды? Ці, напрыклад, зрабіць нашчадкам зялёны падарунак плошчай у сотні гектараў? Для нашага зямляка Віктара Зайца (на здымку) і яго калег з ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» усё пералічанае не проста штодзённая работа – справа жыцця.
Больш як два дзесяцігоддзі Віктар Аляксандравіч працуе ў Ляхавіцкім лясніцтве, апошнія пяць гадоў – ляснічым. Колькі кіламетраў лясных дарог і сцежак прайшоў за гэты час –
не пералічыш. Сёння яго гаспадарка займае амаль 7000 гектараў, пераважная большасць якіх – лясы, што раскінуліся ад мяжы з Баранавіцкім і Клецкім раёнамі да так званай слуцкай трасы.

Клопатаў у ляснічага нямала. Зона яго адказнасці – ашчаднае і рацыянальнае лесагаспадаранне, а гэта літаральна ўсё: ад своечасовых санітарных высечак і нарыхтоўкі драўніны да пасадкі ляснога маладняку і аховы працы. А яшчэ, канешне, ахова лесу ад пажараў, нядобрасумленных грамадзян, шкоднікаў. Забяспечыць насельніцтва ў сезон дровамі і навагоднімі дрэўцамі – куды без гэтага!
Паспяхова спраўляцца з усім згаданым і многім іншым ляснічаму дапамагае яго калектыў – тры дзясяткі працаўнікоў: майстры лесу (з гэтай пасады, дарэчы, пачынаў сваю лясную кар’еру і Віктар Заяц), леснікі, вальшчыкі і прадстаўнікі іншых патрэбных і важных прафесій. Высакакласны спецыяліст, арганізаваны і працавіты, аўтарытэт для падначаленых і калег – характарызуе Віктара Аляксандравіча намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка. Яна ж прыгадвае яшчэ адну важкую заслугу: па выніках 2017 года Ляхавіцкае лясніцтва заняло другое месца ў абласным спаборніцтве.
Гэтую характарыстыку красамоўна дапаўняе мноства працоўных узнагарод рознай вартасці. Летась партрэт Віктара Зайца быў занесены на Галерэю славы раёна.
…Разлічыўшыся с важнымі кабінетнымі справамі, ляснічы звыклымі крокамі зноў і зноў мерае знаёмыя аж да кожнага дрэва і кожнага мурашніка сцежкі. З картай і алоўкам, з клапатлівай увагай, з думкамі пра заўтрашні дзень і пра тое, што тут будзе праз дзесяцігоддзі. І з упэўненасцю, што яму ў жыцці пашанцавала знайсці сваё месца, справу па душы. А яна, дарэчы, даўно і непадзельна належыць лесу.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.